5 траўня 2024, Нядзеля, 22:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Прыбытак — да $22 тысяч даляраў»: Як людзі з чэргаў перапрадаюць танныя кватэры

17
«Прыбытак — да $22 тысяч даляраў»: Як людзі з чэргаў перапрадаюць танныя кватэры

Ужо не першы год існуе ажыятажны попыт на УКБ-кватэры, дзе кошт за «квадрат» стартуе ад 610 даляраў.

Людзі гатовыя начаваць па некалькі дзён пад офісам забудоўніка. Зрэшты, у такіх чэргах стаяць не толькі тыя, хто рэальна мае патрэбу ў жытле, але і перакупшчыкі.

Партал tut.by параўнаў праектныя дэкларацыі УКБ-дамоў у Навінках і аб'явы аб продажы ў гэтых жа дамах. І палічыў, які прыбытак у «перакупнікаў».

На «тройцы» можна зарабіць больш за 20 тысяч даляраў, на «двушцы» — 18

Два панэльныя дамы ў Навінках УКБ Цэнтральнага раёна будаваў амаль адначасова. Гэта дамы №15 і №5 на вуліцы Паўліны Мядзёлкі. Першым павінны былі здаць 15-ы. У праектнай дэкларацыі гэты дом праходзіў як «шматкватэрны жылы дом у раёне скрыжавання вул Будслаўскай і вул. Праектаванай №3 у Менску». Увесці ў эксплуатацыю яго павінны былі ў лютым 2017 года, але спазніліся з тэрмінамі і здалі ў канцы красавіка.

Дом панэльны, дзесяціпавярховы, у ім 119 кватэр. Палову з іх будавалі для тых, хто мае патрэбу, а астатнія прапаноўваліся дольшчыкам.

Восенню 2016 года УКБ выпусціў праектную дэкларацыю на першыя 15 кватэр з дэмакратычным коштам ад 680 даляраў за «квадрат» і атрымаў наўзамен чаргу пад вокнамі. Нагадаем кошты:

— аднапакаёўкі (42,4 м2) — 730 даляраў за «квадрат» пры аднаразовай аплаце. Атрымлівалася, што самая маленькая аднапакаёвая кватэра каштавала 30,9 тысячы даляраў;

— двухпакаёўкі (60,3-73,5 м2) — 700 даляраў за «квадрат» пры аднаразовай аплаце. Усяго за кватэру выходзіла 42-51,4 тысячы даляраў;

— трохпакаёўкі (82,6-83,8 м2) — 680 або 730 даляраў за метр квадратны. Усяго за кватэру — 56 тысяч даляраў.

Не паспелі гэты дом увесці ў эксплуатацыю, як кватэры ўжо паступілі ў продаж. І прадаюць не льготнікі — ім трэба выплаціць крэдыты і пачакаць пасля гэтага пяць гадоў. Мяркуем, што прадаўцы і ёсць тыя перакупшчыкі, аб якіх успамінаў у каментары і галоўны інжынер УКБ Цэнтральнага раёна.

Глядзім, што прадаюць, і параўноўваем, колькі можна зарабіць.

Двухпакаёўку ў гэтым доме на трэцім паверсе прапаноўвалі коштам 945 даляраў за «квадрат» — 64 тысячы за кватэру. Аб'ява ўжо неактуальная, але можна палічыць, што з кожнага метра прадавец атрымаў 245 даляраў прыбытку — гэта 16,6 тысячы даляраў са ўсёй кватэры на 67,7 м2.

На першым паверсе таксама прадаюць двухпакаёвую кватэру, але метражом яна большая — 73,4 квадратнага метра. Кошт — 69,1 тысячы даляраў, па 941 даляра за «квадрат». Прыбытак тут складае амаль 18 тысяч даляраў.

Глядзім трохпакаёвыя кватэры. Выбраць ёсць з чаго. Трохпакаёўку на сёмым паверсе плошчай 82,4 квадратнага метра прадаюць за 79,1 тысячы даляраў, па 960 даляраў за «квадрат». Успамінаем праектную дэкларацыю, дзе квадратны метр для дольшчыка, які адразу ўнёс ўсю суму, каштаваў 680 даляраў. Розніца складае больш як 22 тысячы даляраў. Дзеля такога даходу можна было і памерзнуць.

Паверхам вышэй, у канкурэнта, такая ж трохпакаёўка каштуе крыху танней — 78,7 тысячы даляраў.

Самы дарагі цэннік за трохпакаёўку на 82,3 квадрата выстаўлены за тую, што размешчаная на дзясятым паверсе. Яе прапануюць за 79,5 тысячы даляраў.

На другі дом ажыятажу не было — прыбытак не той

Панэльны дом №5 на вуліцы Паўліны Мядзёлкі ўвялі ў эксплуатацыю ў траўні 2017 года. У праектнай дэкларацыі ён праходзіў як «шматкватэрны жылы дом №3 па генплану, вуліцы Выгоцкага — Праектаваная».

Дольшчыкам у ім прапанавалі 45 кватэр (13 аднапакаёвых і 32 двухпакаёвыя). Праўда, моцнага ажыятажу, як было з домам №15, ужо не было — кошт не той.

Параўнайце самі: квадратны метр у аднапакаёўцы— 800 даляраў на 1 і 9 паверхах і 820 — на 2-8. У двухпакаёўцы прапаноўвалі будавацца па 720-750 даляраў за квадрат у залежнасці ад паверха і метражу.

У другой праектнай дэкларацыі, якая выйшла для гэтага дому, цэннік за квадрат паднялі, але не істотна. Браць у разлік мы другі этап не будзем, бо «хапун», як паказвае практыка, выклікае першая дэкларацыя з самым нізкім коштам за квадрат.

Выгадна гэта ці не, але кватэры прадаюцца ўжо і ў гэтым доме. На восьмым паверсе прапануюць аднапакаёўку плошчай 41,6 квадратнага метра. УКБ кошт, нагадаем, быў 820 даляраў за квадрат. Цяпер за гэтую кватэру просяць 950 даляраў за квадратны метр. Прыкідваем, што зарабіць на ёй можна ўсяго 5,4 тысячы даляраў.

Уладальнік аднапакаёвай кватэры на шостым паверсе прадае даражэй — 1050 даляраў за «квадрат». Прыбытак — 9,8 тысячы даляраў з кватэры.

Двухпакаёвую кватэру ў доме № 5 прадаюць за 61 тысячу даляраў, па 953 даляра за «квадрат». Плошча кватэры — 64 квадратныя метры. У праектнай дэкларацыі метр двухпакаёўкі каштаваў для дольшчыкаў 720 даляраў. Розніца — 14,9 тысячы даляраў.

Учора УКБ Цэнтральнага раёна выпусціў чарговую дэкларацыю аб доме на вуліцы Выгоцкага, дзе квадратны метр стартаваў ад 620 даляраў. Гэта ўсяго на дзесяць даляраў даражэй, чым у папярэднім выпуску дэкларацыі. Не дзіўна, што УКБ спрабавалі ўзяць штурмам — для кагосьці гэта быў адзіны шанец палепшыць свае жыллёвыя ўмовы, для кагосьці — зарабіць. Перамаглі тыя, хто ўзяліся за ручку дзвярэй УКБ і не адпускаў.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках