5 траўня 2024, Нядзеля, 13:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадстаўнік заводу «Маяк» у Расеі прызнаў працёк рутэнію-106

17
Прадстаўнік заводу «Маяк» у Расеі прызнаў працёк рутэнію-106

Воблака з радыяктыўным ізатопам прайшло над Беларусьсю

Дарадца генэральнага дырэктара заводу «Маяк» у Чалябінскай вобласьці Юры Макроў 13 сьнежня заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў інтэрнэце, што завод рэгулярна апрацоўвае рутэній-106, пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».

Аднак Макроў настойваў на тым, што завод ня можа быць крыніцай якіх-небудзь буйных працёкаў. Ён адзначыў, што выкіды заводу настолькі нязначныя, што іх «можна бачыць толькі ў коміне заводу».

Прадстаўнік атамнага прадпрыемства, падазраванага ў тым, што ў верасьні-кастрычніку яно стала крыніцай радыеактыўнасьці над Эўропай, прызнаў, што аб’ект выпускае ізатоп.

Расейскія афіцыйныя асобы ў мінулым месяцы паведамілі аб высокіх узроўнях рутэнію-106 у раёнах, блізкіх да заводу «Маяк». Аднак прадстаўнікі завода настойвалі, што ён ня мог быць крыніцай забруджваньня, паколькі не здабывае ізатоп і не праводзіць якія-небудзь апэрацыі, што могуць прывесьці да яго вызваленьня.

Заява Мокрава зьявілася на наступны дзень пасьля таго, як чыноўнік з расейскай дзяржкарпарацыі «Расатам», сказаў, што ўсплёск радыеактыўнасьці над Эўропай мог адбыцца з прычыны падзеньня спадарожніка.

У выніку магчымага выкіду радыяцыі пад расейскім Чалябінскам у верасьні-кастрычніку радыяактыўнае воблака прайшло над Браславам і Пінскам, але радыяцыйнага забруджаньня тэрыторыі Беларусі не адбылося. Так Свабодзе сказалі ў Белгідрамэце.

«Росгидромет» паведаміў пра «экстрэмальна высокае» забруджаньне ізатопам рутэнія-106

20 лістапада ў афіцыйнай зводцы «Росгидромет» заявіў пра перавышэньне ўзроўняў радыяцыі на ўсіх пастах Паўдёвага Ўралу і фіксацыю «экстрэмальна высокага» забруджаньня радыяактыўным ізатопам рутэнія-106 з 25 верасьня па 1 кастрычніка, і згадаў, што радыяактыўны рутэній фіксаваў шэраг эўрапейскіх краінаў.

Перавышэньне фону зафіксавалі ў пасёлках пад Чалябінскам, побач зь якімі знаходзіцца вытворчае аб’яднаньне «Маяк», што займаецца вытворчасьцю кампанэнтаў ядзернай зброі, захаваньнем і перапрацоўкай адпрацаванага радыяактыўнага паліва.

Вытворчае аб’яднаньне «Маяк» — фэдэральнае дзяржаўнае ўнітарнае прадпрыемства па вытворчасьці кампанэнтаў ядзернай зброі, ізатопаў, захоўваньню і рэгенэрацыі адпрацаванага ядзернага паліва. Яно разьмяшчаецца ў горадзе Азёрску Чэлябінскай вобласьці Расеі.

У верасьні 1957 году на заводзе «Маяк» адбылася адна з самых цяжкіх ядзерных аварый у сьвеце. Выбух бака зь ядзернымі адкідамі забрудзіў тэрыторыю плошчай за 23 000 квадратных кілямэтраў і вымусіў улады эвакуіраваць 10 000 жыхароў з суседніх рэгіёнаў.

Раней у Расеі не прызнавалі ніякіх здарэньняў у сувязі зь фіксаваньнем радыяактыўнага рутэнію эўрапейскімі маніторынгавымі станцыямі. «Росатом» заяўляў, што абстаноўка ў раёне расейскіх ядзерных аб’ектаў нармальная. З чым зьвязаныя падвышаныя ўзроўні радыяактыўнага рэчыва, афіцыйна нічога не тлумачылі.

«Грынпіс» зьвярнуўся да расейскіх уладаў з патрабаваньнем расьсьледаваць магчымае здарэньне са спасылкай на зьвесткі «Росгидромета». Міністар грамадзкай бясьпекі Чалябінскай вобласьці ў адказ заявіў «РИА Новости», што гідрамэтцэнтар не перадаваў зьвестак пра скачкі радыяцыі.

Французы фіксавалі ўцечку радыяцыі ў Расеі або Казахстане

Францускія навукоўцы раней падкрэсьлівалі, што калі б аналягічная ўцечка адбылася ў Францыі, уладам давялося б эвакуяваць людзей, якія жывуць на адлегласьці некалькіх кілямэтраў ад месца выкіду. Аднак пра тое, што падобныя эвакуацыі ў верасьні адбываліся ў Расеі (або суседнім Казахстане), да гэтага часу невядома. Як сьцьвярджалася раней, здароўю людзей у Эўропе ўцечка не пагражала.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках