19 траўня 2024, Нядзеля, 22:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

6 самых незвычайных вакансій ў Баранавічах у снежні

5
6 самых незвычайных вакансій ў Баранавічах у снежні

Каму патрабуюцца дэфектаскапісты, зарадчыкі, зацяжчыкі, устаўшчыкі і метрдатэль?

Intex-press паглядзела сайт упраўлення працы, занятасцi i сацыяльнай абароны Баранавіцкага гарвыканкама з прапановамі працы і выбрала самыя неардынарныя вакансіі, якія прапаноўвалі беспрацоўным 15 снежня.

Аператар дэфектасконай каляскі 4 разраду

Вакансія для адказных людзей, якія любяць праводзіць час на свежым паветры. На розных сайтах пішуць, што ў абавязкі аператара дэфектасконай каляскі ўваходзіць абследаванне і выяўленне дэфектаў і пашкоджанняў рэек, іх рэгістрацыя і прыняцце мер для бяспекі руху цягнікоў. Заробак для такой важнай пасады невялікі - усяго 350 рублёў. Работніку патрабуецца ва УП «Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі» Баранавіцкая дыстанцыя шляху.

Устаўшчык дэталяў вырабаў і фурнітуры

Каб заняць гэтую пасаду, патрабуецца прафесійна-тэхнічная адукацыя і досвед працы не менш за два гады. Заробак прапануюць сумаю 340 рублёў. Супрацоўнікі патрабуюцца ў філіял замежнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «АКТИВ ШУЗ» - таму ўстаўляць давядзецца нешта ў абутак.

Дэфектаскапіст рэнтгена-, гамаграфіравання

Здавалася б, вакансія з такой назвай павінна быць звязаная з медыцынай. Але не. У апісанні вакансіі на розных сайтах гаворыцца, што ў абавязкі дэфектаскапіста ўваходзіць прасвечванне простых вырабаў, трубаправодаў, рэгуляванне рэнтгенаўскай і гамаграфічнай апаратуры. Дэфектаскапіст патрабуецца ў філіял «Барановічыэнэргабуд» РУП «Брэстэнэрга» спецыялізацыя па УЗК і РГГ, візуальны кантроль. Заробак прапануюць 576 рублёў 56 капеек.

Зарадчык вогнетушыцеляў 3 разраду

Зарадчык вогнетушыцеляў - гэта спецыяліст, які зараджае і перазараджае вогнетушыцелі розных відаў, а таксама займаецца праверкай якасці зарада. Працаваць будучы зарадчык вогнетушыцеляў будзе ў транспартным рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве «Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі» лакаматыўнае дэпо Баранавічы. Заробак прапануюць невялікі - 265 рублёў.

Зацяжчык абутку 6 разраду

У абавязкі зацяжчыка абутку ўваходзіць канчатковае фармаванне верху абутку, ён злучае нарыхтоўкі з асноўнай вусцілкай на машыне або ўручную. У Баранавічах у філіяле замежнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «АКТИВ ШУЗ» зацяжчыку прапануюць заробак 550 рублёў. Патрабаванні да кандыдата: досвед працы на абутковай вытворчасці не менш за 3 гады, прафесійна-тэхнічная адукацыя.

Метрдатэль

Наогул, метрдатэль - гэта асоба, якая каардынуе працу абслугоўвання наведвальнікаў рэстарацый або пастаяльцаў гатэля. У маленькіх рэстарацыях метрдатэль можа таксама выконваць ролю афіцыянта. У Баранавічах гэтая вакансія адкрыта ва ўнітарным прадпрыемстве «Гарызонт Тур». Патрабаванне да кандыдата - вышэйшая адукацыя, а заробак абяцаюць невялікі - усяго 350 рублёў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках