24 красавiка 2024, Серада, 21:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леў Панамароў: Акадэмік Сахараў мог стаць прэзідэнтам Расеі

10
Леў Панамароў: Акадэмік Сахараў мог стаць прэзідэнтам Расеі
Лев Пономарев
Фото: Тасс

Расейскі праваабаронца расказаў пра стваральніка вадароднай бомбы, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Андрэя Сахарава.

Амаль 30 гадоў таму, 14 снежня 1989 года, не стала Андрэя Сахарава. Пра акадэміка, стваральніка вадароднай бомбы, грамадскага дзеяча, праваабаронцу, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру «Голасу Амерыкі» распавёў выканаўчы дырэктар руху «За правы чалавека» Леў Панамароў.

- Калі вы пазнаёміліся з акадэмікам Сахаравым?

- Гэта адбылося ў апошні перыяд жыцця Андрэя Дзмітрыевіча, неўзабаве пасля ягонага вяртання са шматгадовага выгнання. Мне, як фізіку паводле адукацыі, калегі з ініцыятыўнай групы даручылі папрасіць апальнага акадэміка падпісаць заяву ў падтрымку стварэння таварыства «Мемарыял». У выніку ён не толькі яго падпісаў, але і стаў адным з кіраўнікоў арганізацыі. Потым я быў ягонай даверанай асобай на выбарах народных дэпутатаў СССР 1989 года.

- Чым ён вам запомніўся?

- Андрэй Дзмітрыевіч - асоба ўнікальная і шматгранная. Сахараў дзіўным чынам уплываў на ўсіх - і на простых грамадзян, і на членаў Палітбюро (ЦК КПСС). Такога чалавека ў нас у апазіцыі цяпер, на жаль, няма.

Памятаю, я апынуўся ў шпіталі і стаў абмяркоўваць з суседзямі па палаце, звычайнымі людзьмі, сітуацыю ў краіне, якая тады была вельмі складанай - канец 80-х гадоў. Дык вось на пытанне, каму вы сёння верыце, называлі менавіта Андрэя Дзмітрыевіча. Таму што ўсе ведалі: ён стварыў ядзерную бомбу, ён тройчы Герой Сацыялістычнай працы (у 80-м быў пазбаўлены ўсіх званняў і дзяржаўных узнагарод). Абараназдольнасць краіны абапіралася на адкрыцці Сахарава. Проста ягоны лёс так склаўся, што ён, калі быў маладым, ствараў шчыт радзімы, Савецкага Саюза - шчыт краіны, якую ў многіх краінах свету, асабліва на Захадзе, успрымалі як пагрозу бяспецы. Але для суайчыннікаў жа ён назаўжды застаўся патрыётам.

- Але ж Сахараў выдатна вядомы і з другога боку - як пацыфіст, як абаронца міру.

- Так, потым ён зразумеў, што стварыў разбуральную сілу, і сам ашаламляльна змяніўся. Ён усвядоміў, што вінаваты - перад сабой, перш за ўсё, так я думаю. Сам ён пра гэта мала згадваў, вядома. Андрэй Дзмітрыевіч стаў гаварыць пра жахлівую пагрозу ядзернай зброі, стаў праваабаронцам, яму прысудзілі Нобелеўскую прэмію міру. Ён разумеў, што прагрэс чалавецтва можа быць звязаны толькі з правамі чалавека. Мір, прагрэс і правы чалавека - гэтыя тры словы для яго былі непарыўныя. І Сахараў быў безумоўна паслядоўны ў гэтым.

- Андрэй Дзмітрыевіч мог стаць лідарам краіны, павесці яе за сабой у той пераломны момант?

- Складанае пытанне. Я яму аднойчы прапанаваў: Андрэй Дзмітрыевіч, паспрабуйце сябе на палітычнай ніве. Можна было і стварыць партыю, якую ён бы ўзначаліў, калі захацеў. Але Сахараў паглядзеў на мяне і сказаў: «Лёва, які з мяне лідар партыі?» Ён не ўспрымаў сябе палітычным дзеячам, як ні дзіўна. Хоць я цалкам дапускаю, што калі б ён быў трохі маладзейшы ды яшчэ мацнейшы здароўем, мы змаглі б яго ўгаварыць. Сахараў мог стаць прэзідэнтам, перамогшы на выбарах. Не Ельцын, а ён. На жаль, памёр ён зусім раптоўна. Больш за тое, мяркую, што шмат у чым ён сам загнаў сябе ў магілу. Я ведаю, як шмат ён працаваў у апошнія дні свайго жыцця. Пісаў праект новай Канстытуцыі краіны, рыхтаваўся да выступу на з'ездзе народных дэпутатаў...

- А якім ён быў у жыцці?

- Дэмакратызм у ім быў арганічны. Ён ездзіў на метро, і мог з кім заўгодна грунтоўна гутарыць, хоць быў моцна занятым чалавекам. У яго ў галаве адначасова было некалькі працэсараў, кажучы сучаснай мовай. Я з ім размаўляю і бачу, што ён уважліва мяне слухае, але пры гэтым думае яшчэ над адной або дзвюма праблемамі. Мяне гэта ніколькі не крыўдзіла. На яго, па-мойму, наогул нельга было крыўдзіцца. І вось яшчэ адзін штрых. Яго абавязкова трэба падкрэсліць. Калі я прыходзіў да Андрэя Дзмітрыевіча дадому і казаў, напрыклад, што ў мяне ёсць ідэя, хачу падзяліцца, ён заўсёды казаў: «Люся, Лёва прыйшоў. Давай паслухаем яго разам». Люся, як ён клікаў Алену Георгіеўну (Бонэр), была не проста спадарожніцай, а важным чыннікам ягонага жыцця. І гэта таксама трэба памятаць.

Як раней паведамляў сайт Charter97.org, вядомую беларускую журналістку Ірыну Халіп узнагародзілі ордэнам імя Андрэя Сахарава «За мужнасць».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках