19 траўня 2024, Нядзеля, 23:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывісты гатовыя абараняць «гомельскія Курапаты»

Актывісты гатовыя абараняць «гомельскія Курапаты»
ФОТА: TUT.BY

Улады маюць намер пабудаваць жылы квартал на тэрыторыі масавага пахавання.

Навабеліцкі лес з абодвух бакоў Чарнігаўскай шашы, на выездзе з Гомеля, звязаны з гісторыяй масавых пахаванняў.

Тут, на 9-м кіламетры, магчыма, ляжаць парэшткі рэпрэсаваных, а таксама загінулых падчас Другой сусветнай вайны. На днях гамельчукі пачулі пра намер управы капітальнага будаўніцтва Гомеля пабудаваць на частцы тэрыторыі жылы квартал, паведамляе «Белсат».

«Калі там пахаванні, то ніякай шматпавярховай забудовы не павінна быць. Таму што гэта - месца святое».

«Калі лес прыбраць, то чым дыхаць людзям? І дыхаць жа не будзе чым. Калі там пахаванні, партызанская крынічка там, я мяркую, што гэта нельга».

«Ну нельга, нельга, я думаю, што гэта здзек вялікі, ні ў якім разе нельга дазваляць, каб на касцях нашых продкаў будавалі дамы»,

- як адзін кажуць мясцовыя жыхары, апытаныя журналістамі.

Што адбылося ў гэтым месцы?

Паводле гісторыкаў, у Навабеліцкім лесе адбываліся масавыя расстрэлы ў 30-я гады, а ў 41-м у лесе загінулі жаўнеры Чырвонай арміі, якія прыкрывалі адступленне асноўных сіл.

«Для грамадскасці Гомеля, Гомельскай вобласці - гэта месца памяці, гэта месца, якое нельга кранаць, якое павінна быць помнікам гісторыі і ўвасабляць сабой гісторыю нашага краю», - кажа гісторык Васіль Палякоў.

Інфармацыя аб абвяшчэнні тэндэру абурыла грамадзян

Яны сабраліся на стыхійны сход, дзе запатрабавалі праверыць лясны масіў, а ў выпадку выяўлення парэшткаў - паставіць помнік.

«Наша задача атрымаць такую даведку з кампетэнтных органаў, у тым ліку, - Гомельскай управы КДБ, ці былі там месцы расстрэлаў, і колькі там ахвяраў можа быць», - адзначыў Уладзімір Кацора, сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

Што плануюць улады?

Са слoў мясцовых уладаў, згодна з генеральным планам горада, частку Навабеліцкага лесу разглядаюць толькі як адзін з магчымых варыянтаў развіцця горада, і тое, толькі пасля дэталёвай прапрацоўкі і правядзення раскопак. Што тычыцца пытання тэндэраў - гарвыканкам іх не абвяшчаў і не мае такога намеру ў найбліжэйшых планах.

«Асобныя арганізацыі могуць тэндэры праводзіць, мы не можам забараніць каму-небудзь прапрацоўваць пытанне. Паводле генплану там... - ёсць пляцоўка, якая знаходзіцца ў перспектыве шматпавярховай грамадскай забудовы, але дзеянняў, пастаноў мы не давалі», - тлумачыць Юрый Літвінаў, галоўны архітэктар Гомеля.

Тэндэр не адбыўся з прычыны адсутнасці заявак

Паводле неафіцыйных крыніцаў, планы на будаўніцтва нібыта ёсць. У такім выпадку актывісты гатовыя супрацоўнічаць з уладамі, але пры намеры дазволіць будоўлю на касцях гатовыя абараняць 9-ы кіламетр гэтак жа, як у Менску баранілі Курапаты.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках