9 траўня 2026, Субота, 4:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Багдан Ярэменка: Лукашэнка з'яўляецца афіцыйным хаўруснікам Расеі

4
Багдан Ярэменка: Лукашэнка з'яўляецца афіцыйным хаўруснікам Расеі
БАГДАН ЯРЭМЕНКА

Палітыку Менска трэба разглядаць як прадаўжэнне расейскай палітыкі.

Галасаванне Генасамблеі ААН 19 снежня, вядома, не з'яўляецца самым важным галасаваннем, у адрозненне ад галасавання ў сакавіку 2014 года ў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Тады і трэба было прадумваць на дзяржаўным узроўні, якой павінна быць рэакцыя на вынікі таго галасавання. Напрыклад, з майго пункту гледжання, Украіна не мае падстаў для дыпламатычных стасункаў з тымі 11 дзяржавамі, якія ў 2014 годзе прагаласавалі супраць. Пра гэта піша кіраўнік фонду «Майдан замежных спраў» Багдан Ярэменка на сайце «Новое время».

Што ж тычыцца рэзалюцыі аб Крыме сёлета, яна, безумоўна, важная. Гэты дакумент дае палітычныя і прававыя ацэнкі сітуацыі на паўвыспе, і гэта важна з пункту гледжання вяртання ўвагі да кампаніі парушэння правоў чалавека ў Крыме і агулам, зварот увагі на тэму акупацыі Крыма. Гэта важна і для паніжэння ціску на крымскіх татараў, украінскіх актывістаў, якія засталіся на паўвостраве. Але ўсё гэта, вядома, цякучая рэч. Прынятая 19 снежня рэзалюцыя не з'яўляецца этапным дакументам. Летась Украіна ўжо праводзіла аналагічны дакумент. І на жаль, факт жыцця палягае ў тым, што на перыяд акупацыі Крыма Украіне патрэбна максімальная колькасць такіх рэзалюцыяў, і праводзіць іх трэба штогод. І для гэтага ўкраінскай дыпламатыі давядзецца прыкласці шмат намаганняў.

Зрэшты, толькі дыпламатычных метадаў ціску на Маскву, на жаль, недастаткова. Патрэбныя і эканамічныя, і палітычныя, і інфармацыйныя, і вайсковыя метады ў тым ліку. Што тычыцца дыпламатыі, то інструментар абсалютна зразумелы: ёсць рэзалюцыі і ёсць санкцыі міжнародных арганізацый, асобных дзяржаў супраць РФ. Але гэтага, паўтаруся, недастаткова.

Нягледзячы на тое, што рэзалюцыю падтрымалі толькі 70 дзяржаў, і дакумент не носіць сістэмнага характару, ён, аднак, будзе фармаваць пэўны палітыка-прававы фон вакол канфлікту Украіны і Расеі.

Супраць рэзалюцыі аб Крыме прагаласавалі 26 краін-чальцоў Генасамблеі ААН. У іх ліку і Беларусь. І чарговым разам сёння мы назіраем нейкую спробу Украіны зрабіць выгляд, што яна «пакрыўджаная» і чагосьці не разумее ў паводзінах Беларусі, што мы чымсьці здзіўленыя. Нагадаю, што ў 2014 годзе ў Радзе Еўропы Беларусь таксама галасавала супраць Украіны. Таму бессэнсоўна рабіць выгляд, што гэта нейкая вялікая палітычная гульня, і Беларусь нібыта не падзяляе падыходаў Расеі наконт вайны і акупацыі ўкраінскіх тэрыторый.

Беларусь з'яўляецца фармальным, афіцыйным хаўруснікам Расеі. У іх ёсць дамовы, тыя, што абавязваюць праводзіць скаардынаваную замежную абаронную палітыку. Таму пазіцыя Менска абсалютна выразная, ён не лавіруе паміж Захадам і Усходам. Беларусь з'яўляецца часткай Усходу, і ўсё, што тычыцца Беларусі, трэба разглядаць як прадаўжэнне расейскай палітыкі. Таму ў тых, хто сур'ёзна займаецца замежнай палітыкай, ніякага здзіўлення з нагоды факту галасавання Беларусі супраць Украіны быць не можа.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках