9 траўня 2026, Субота, 19:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рафат Чубараў: Беларускія дыпламаты хлусяць іншым краінам і свайму народу

3
Рафат Чубараў: Беларускія дыпламаты хлусяць іншым краінам і свайму народу
РАФАТ ЧУБАРАЎ
ФОТА: EPA

Кіраўнік Меджліса крымскататарскага народа заявіў, што Менск дзейнічае ў фарватэры таталітарнай Расеі.

Кіраўнік Меджліса крымскататарскага народа, дэпутат Рады Украіны ад «Блока Пятра Парашэнкі» Рафат Чубараў пракаментаваў у інтэрв'ю «Белсату» галасаванне Расеі супраць рэзалюцыі што да Крыма ў Генасамблеі ААН 19 снежня.

У сувязі з пазіцыяй Менска народны дэпутат Рафат Чубараў, які адначасова ўзначальвае Меджліс крымскататарскага народа, прапанаваў у Радзе змяніць месца для перамоваў Трохбаковай кантактнай групы што да Данбасу. Ён выказаў сумнеў у нейтральнасці менскай пляцоўкі, якая ўвесь час дэкларуецца беларускімі ўладамі.

«Мне шкада, што беларускую замежную палітыку абслугоўваюць гэтыя людзі, дыпламаты, якія хлусяць і іншым краінам, і свайму народу. Яны ўважаюць рэпрэсіі ў Крыме надуманай праблемай? Для аб'ектыўнай ацэнкі сітуацыі варта прачытаць справаздачы Управы Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, дзе зафіксаваныя шматлікія выпадкі», - кажа Чубараў.

Палітык адзначыў, што пазіцыя Беларусі аб Крыме сведчыць пра залежнасць ад Масквы.

«Беларусь у такіх пытаннях - фактычна ў пытаннях вайны і міру, жыцця і смерці, - дзейнічае ў фарватэры таталітарнай Расеі, якая на сёння з'яўляецца пагрозай для ўсяго вольнага свету. Калі гэта прадоўжыцца, то Беларусь можа канчаткова страціць усе прыкметы незалежнай дзяржавы», - мяркуе дэпутат Рады.

Акрамя таго, Рафат Чубараў выказаў меркаванне, што Беларусь «да цяперашняга моманту не пацярпела ад агрэсіі Крамля, бо ўвесь удар прыняла на сябе Украіна».

«Барацьба Украіны за сваю тэрытарыяльную цэласнасць адсоўвае ў часе агрэсію Расеі на вашу дзяржаву», - заявіў ён.

Паводле аўтараў рэзалюцыі, яна «мае мэтай прымусіць Расею як дзяржаву-акупанта спыніць грубыя парушэнні правоў і асноўных свабод чалавека» ў Крыме. У рэзалюцыі таксама фіксуецца, што паміж Расеяй і Украінай ідзе «міжнародны ўзброены канфлікт». З гэтым пагадзіліся 70 краін - чальцоў ААН, 26 краін выступілі супраць, а 76 устрымаліся. За рэзалюцыю прагаласавала большасць еўрапейскіх краін, ЗША, Грузія. Супраць выступілі Расея, Беларусь, Кітай, шэраг афрыканскіх і паўднёваамерыканскіх краін.

Паводле справаздачы маніторынгавай місіі ААН, з 2014 года на тэрыторыі паўвострава перыядычна фіксуюцца выкраданні асоб, пазасудовыя расправы, катаванні і іншыя тыпы незаконнага пераследу, якія назіральнікі ААН прыпісваюць расейскім уладам.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках