10 траўня 2024, Пятніца, 12:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Някляеў: Я вырас на зямлі, якая заўсёды вяла барацьбу

2
Уладзімір Някляеў: Я вырас на зямлі, якая заўсёды вяла барацьбу
Уладзімір Някляеў

У кожным грамадстве павінны быць людзі, якія «вылазяць з акопаў».

"Быў, ёсць, буду!" Гэта дакладна і пра яго напрарочыў геній Уладзіміра Караткевіча. "Сапраўдных буяных мала - вось і няма мужыкоў!" І гэта, бадай, пра яго праспяваў Уладзімір Высоцкі, які неаднаразова ў нашых месцах складаў свае песні.

У інтэрв'ю "Радыё Рацыя" Уладзімір Някляеў распавёў пра тое, як змянілася светаадчуванне, калі на судзілішчы ў Ленінскім раённым судзе, яго без усялякай прычыны асудзілі на 10 дзён арышту, што фармальна вісяць на ім і цяпер.

Распавёў і пра тое, як і што найбольш цяжка даецца паэту за кратамі. А таксама - які верш напісаў перад магчымай "пасадкай". Дзякуй Богу, яе не адбылося. Прынамсі, пакуль. Затое адбылося ўручэнне звання лаўрэата прэміі імя Наталлі Арсенневай за кнігу "Толькі вершы". І гэта будзе не адзіная прэм'ера. Ягоная. Паэта і палітыка, перш за ўсё, Беларуса.

- Нагадаем, што вам "уляпілі" арышт за падтрымку Марша абураных беларусаў 21 кастрычніка. На "Белсаце" прагучала - цытата - "калі ёсць воля абараняць свае правы, то трэба выходзіць і абараняць!"...

- Назіраю за падзеямі з пэўнай насцярогай. З той прычыны, што з рознымі энэргетычнымі пасыламі, але кажуць - з акопаў трэба ўставаць у свой час! І многія азіраюцца - маўляў, на Плошчу ісці не час, а ў бар на Зыбіцкай - самае тое. І чалавеку, вядома, больш утульна думаць, што ён у бары сядзіць, бо "не час", а не таму, што баіцца.

Таму разумеючы, што рана ці позна сістэма, створаная Лукашэнкам, абрынецца, трэба думаць як выстаяць пад гэтым абвалам і падставіць плячо сваёй дзяржаве. Я не заклікаю ўставаць і бегчы з крыкамі "далоў", але штодня рабіць хоць што-небудзь.

Вядома, і Лукашэнка сам стаў сібарытам - да прыкладу, узяў і з'ехаў, усе кінуўшы, "з візітам", аж на два тыдні ці проста захацеў пагуляць у хакей - ну стаміўся ад улады! І ягоная стомленасць перадалася грамадству.

Шчыруюць хіба тыя, што маюць магчымасць нешта рэальна ўрваць або зарабіць. Гэта і прычына таго, чаму дзелавая ініцыятыва ў нас не развіваецца, бо большасць не бачыць магчымасці для яе рэалізацыі.

І шмат хто не можа дабрацца туды, дзе ляжаць грошы, а многія з маральных перакананняў не хочуць. Больш за тое, калі хтосьці што-небудзь здолеў стварыць і зарабіць без дазволу з верху, ён аўтаматычна пераходзіць "на той" бок барыкады ці ўвогуле за краты. Пры тым, што пачуццё салідарнасці і ў апазіцыі стала блізкім да нуля. Гэта тлумачыцца і тым, што вялікая яе частка перайшла з актыўнага байцоўскага ў "офісны" рэжым, дзе разважаюць пра магчымасць "дыялогу". Тут матывацыя атрымаць розныя даброты і...стомленасць - ад дзесяцігоддзяў барацьбы, што цягнецца і, фактычна, не дае чаканых вынікаў.

- Вы самі на світанку палітычнай кар'еры казалі, што "вымушаныя пайсці ў палітыку" і "паэт і палітык - паняцці несумяшчальныя". А цяпер вам нават калегі - не буду называць прозвішчы - кажуць, што "навошта апосталу Духоўнасці было ісці ў палітыкі і наогул" дарэмна было выходзіць з акопаў, каб кідацца невядома як і невядома навошта?!"

- Нешта занадта шмат мяне апошнім часам пачалі "шкадаваць" – пішуць, прыходзяць: Уладзімір Пракопавіч, вы ж такі паэт, навошта гэта асабліва цяпер, калі ідзе сапраўднае паляванне.

У "Народнай волі" былі аж дзве паласы пра "паляванне на Някляева". Але не трэба - я не хлопчык, які не разумее, што робіць, і мне не 17, а 71. І ведаю, у якой сітуацыі знаходжуся я і грамадства.

Але ж гэтыя "шкадаванні" нясуць у сабе самашкадаванне і самаапраўданне. Я камусьці сказаў: "Калі б я не рабіў таго, што насуперак усім і можа сабе раблю - і табе б спакайней было?!"

Я не хачу адмахвацца ад гэтых людзей. Але гэтым займаецца сёння ўся дзяржаўная прапаганда - стварае настрой паразы, адсутнасць веры перамогу! Маўляў, сядзіце і, як у кітайскай міфалогіі, чакайце, калі рака прынясе труп ворага. А я не кітаец - я беларус! І вырас на зямлі, якая ўсю сваю гісторыю вяла барацьбу. І на Захадзе, і на Усходзе. Каб выжыць і людзьмі звацца.

І няпраўда што продкі не перамагалі ворагаў - а як тады мы выжылі?! Няпраўда і тое, што сёння ўсе пагадзіліся з пошасцю на нашай зямлі - стаміліся, але не пагадзіліся! І калі не будзе людзей, якія "вылазяць з акопаў", усе гэтыя праўладныя сабакі прабрэшуць на Захад, што - глядзіце, у нас жа цішыня і спакой, ніхто не выходзіць на вуліцу і не пратэстуе.

Ні супраць трэціх дэкрэтаў або пятых, ні супраць таго, што ў войску забіваюць нашых дзяцей - гэта ж усё "эпізоды"! А агульная сітуацыя ў нас найлепшая ў Еўропе - сядзім "на цвіку", як кажуць пра беларусаў. Не! Я ў Крэве нарадзіўся і там памру. І буду жыць так, як уважаю патрэбным.

- Вы самі толькі што заўважылі, што людзі, як у савецкія часы, наракаюць на ўладу, але наконт камунальных аплатаў. На вуліцах хмурыя твары і беспрацоўе. Вось і Зянон Пазняк нядаўна напісаў, што ў сучаснага пакалення замест крыві вада ў жылах. Якія ж тактычныя задачы перад сабой cтавіць апазіцыя і вы?

- Прывяду прыклад, у камеры, дзе я сядзеў, было чацвёра ці пяцёра чалавек. Усе мяркуюць, што ў іх несправядлівыя тэрміны. Ва ўсіх прэтэнзіі да турэмшчыкаў, якія камусьці перадачы не перадаюць або лекі. І - "усіх парэжам, як толькі нажы дадуць". Пасля раніцы праверка - да сцяны ўсім з камеры і ператрус пачынаецца. І ўсе рукі за спіну, галовы ўніз і ніводнага слова "крыўдзіцелям", пра якія гадзінамі казалі.

І ў гэтай сітуацыі трэба было стаяць так разам з імі - не толькі дзеля ўласнай годнасці, але і разумення таго, што ты і ім павінен дапамагчы. І тады глядзіш - адзін скажа, што з крана капае, другі пра тое, што павінны забяспечыць тое і іншае. І ўжо рукі ціснуць - "Пракопавіч, мы яшчэ сваё возьмем!" Ідзе назапашванне энэргіі, здольнай змяніць становішча, у якім гэты чалавек прывык жыць.

- Але што будзе, калі Лукашэнка немінуча сыдзе - звычайна пачынаецца перыяд сваркі, перадзелу, крымінал...

- Сыдзе не Лукашэнка, а рэжым, што ён стварыў. А гэта цяжэй. Псіхалогія кожнага аўтарытарнага кіраўніка - не дазваляць камусьці наблізіцца да вяршыні ўлады. І кінуцца да карыта і жук, жаба - і прарасейскія, і дэмакратычныя, і нацыянальныя сілы, і дыктатарскія.

Для мяне галоўнае - не толькі якой будзе палітыка з эканомікай, але - нацыянальная свядомасць, мова і культура. Гістарычны досвед - калі не было духоўнага падмурка, усе "сістэмы" руйнаваліся. Таму Зянон не мае рацыі - кроў заўсёды кроў і аднолькавай тэмпературы. А калі гаворыць пра мову і культуру - то, значыць, не будзе падмурка дзяржавы. З усімі наступствамі. Таму задача - застацца сваім родам, народам, сям'ёй, у сваёй дзяржаве. А гэта магчыма, калі дзяржава незалежная і рэальная.

- Ці атрымліваецца ў вас пісаць?

- Калі б турэмшчыкі не перашкаджалі - самы час пісаць. Праз іх я страціў напісаную паэму. У камеры паперу і аловак не давалі. І гэты ціск, і гіпертанічны крыз. У "амерыканцы", дзе дазвалялі карыстацца, напісаў "Турму".

І ўжо таму не ўважаю гэты час за страчаны. Так што дзякуй Богу за ўсё і за тое, што не пакідае мяне ў тэкстах. І "хай рвецца Пагоня з дзяржаўнай пячаткі - непадкаваныя б'е капыты..."

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках