6 траўня 2024, панядзелак, 19:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менскай вобласці «бясплатна» раздавалі кватэры

14
У Менскай вобласці «бясплатна» раздавалі кватэры

Старшыня і галоўны бухгалтар ЖБВК прыдумалі ўнікальную схему махлярства.

Ужо цяпер Камітэт дзяржаўнага кантролю Менскай вобласці кажа пра 11 такіх кватэр і не выключае, што іх колькасць пасля заканчэння расследавання павялічыцца. Бо праверка, якую ўстанова правяла ў ЖБВК, — выбарачная. Але і такі фармат паказаў: ужо былыя старшыня і галоўны бухгалтар прыдумалі ўнікальную схему махлярства.

Як зарабіць на бясплатным

Пачалася гэтая заблытаная гісторыя яшчэ ў 2011 годзе, калі быў дабудаваны першы з чатырох дамоў ЖБВК. Усяго за некалькі месяцаў да здачы яго ў эксплуатацыю ў спісы будучых жыхароў невядома якім чынам патрапілі пачаткоўцы. Дакументаў аб тым, як і калі гэта здарылася, у кааператыве не знойдзена дагэтуль. Зрэшты, як і папер, якія тычацца залічэння ў чальцы ЖБВК асобных будучых уласнікаў кватэр, якія выклікалі падазрэнні ў прадстаўнікоў Камітэта дзяржкантролю Менскай вобласці. Дарэчы, сяброўскія складкі заплацілі далёка не ўсе з іх. А поўны кошт кватэр да канца будаўніцтва дамоў не ўнесла 11 чалавек. Аднак уласнікамі яны сталі афіцыйна. Таму што ўсім ім былыя старшыня і галоўны бухгалтар ЖБВК падпісалі падробленыя даведкі, у якіх паказана, што перад кааператывам запазычанасцяў няма.

Сярод новых уладальнікаў кватэр выявіліся з большага знаёмыя адзін з адным людзі, а ў некаторых выпадках і сваякі. Паводле наяўных у Камітэта дзяржкантролю Менскай вобласці звестак, «бясплатную» жылплошчу зарэгістравалі бацька старшыні ЖБВК (двухпакаёвую кватэру), маці (чатырохпакаёвую) і экс-муж (аднапакаёвую) галоўнага бухгалтара. Прычым маці галоўнага бухгалтара кааператыва ў выніку стала ўладальніцай дзвюх кватэр — двухпакаёвую яна купіла ў аднаго з новых чальцоў ЖБВК. Пабудаваную маці-пенсіянеркай чатырохпакаёвую кватэру ў выніку аблюбавала...сама былы галоўны бухгалтар. Якая выпісвала тыя самыя ліпавыя даведкі аб аплаце кошту кватэр.

Трэба сказаць, што пакуль будавалася яе чатырохпакаёвая кватэра, маці цяпер ужо былога галоўбуха кааператыва першапачаткова ўнесла на яе рахунак 3 мільёны рублёў. Гэта прыкладна 1 тысяча даляраў курсам да красавіка 2011 года, калі дом быў здадзены ў эксплуатацыю. Поўны кошт 97-метровай кватэры складаў 130 млн рублёў, або прыкладна $43 300. Гэтыя 130 мільёнаў пенсіянерка, дарэчы, усё ж выплаціла — праўда, толькі ў 2015 годзе. Датуль у даляравым эквіваленце першапачатковы кошт кватэры ўпаў…да 8 тысяч.

Большасць уладальнікаў «бясплатных» кватэр у выніку таксама аплацілі іх поўны кошт, амаль усе — ужо пасля таго, як афіцыйна іх прадалі. І пры гэтым зэканомілі прыстойна ў пераліку на даляры. А вялікая частка такіх уласнікаў здолелі на кватэрах нядрэнна зарабіць (паводле ацэнкі Камітэта дзяржкантролю, блізу 5 мільярдаў рублёў недэнамінаванымі): амаль усе яны былі прададзеныя рынкавым коштам, які перавышае той, якім жылплошчу будавалі, у 4-5 разоў! Напрыклад, трохпакаёвую кватэру ў пабудаваным у 2013 годзе доме прадалі за 924 мільёны рублёў (больш за 102 тысячы даляраў) пры кошце 210 мільёнаў рублёў (крыху больш за 23 300 даляраў).

Кішэня, дзе грошы ляжаць

У Камітэце дзяржкантролю Менскай вобласці падкрэсліваюць, што асобныя ўладальнікі «бясплатных» кватэр з фінансавага пункту гледжання не маглі сабе дазволіць іх будаўніцтва. Прыбыткі не дазвалялі. Дарэчы, у КДК не выключаюць, што праз гады, пасля рэгістрацыі правоў уласнасці на кватэры, іх кошт аплачвалі зусім не ўладальнікі, а нейкая «трэцяя асоба».

— Плацілі за 3-4 чалавек адразу. Складана ўявіць, што ўласнікі аднаго дома прыйшлі ў адно і тое ж аддзяленне банка ў адзін дзень, у адзін час і выстраіліся адзін за адным, каб цалкам аплаціць кошт кватэры, — тлумачыць карэспандэнту mlyn.by начальнік ўправы кантролю галін гаспадаркі і грашова-крэдытнай сферы Камітэта дзяржаўнага кантролю Менскай вобласці Уладзімір Бондар. — Тым больш падазрона, што ўсе аплаты за «бясплатныя» кватэры (ад 65 да 243 мільёнаў) ішлі на рахунак кааператыва часткамі — да тысячы базавых адзінак. Маглі б унесці ўсе сумы цалкам, але тады давялося б паказваць пашпарт — закон патрабуе, калі сума перавышае тысячу базавых адзінак. Мяркуем, што асобы наўмысна хаваліся.

Набліжаныя і ўсе астатнія

«Вялікіх камбінатараў» — старшыні і галоўнага бухгалтара, чыя дзейнасць выклікае ў Камітэта дзяржкантролю вялікія пытанні, сёння ў кіраўніцтве ЖБВК няма. Іх змянілі іншыя людзі. А жыхары 4 дамоў разбіліся на два лагеры. Адны працай экс-старшыні вельмі задаволеныя, распавядаюць, што яе клопатамі ўсе дамы пабудаваныя ў тэрмін і да таго ж дадаткова добраўпарадкаваныя. У іншых да былога кіраўніцтва ёсць сур'ёзныя прэтэнзіі. З большага фінансавыя. Бо, мяркуючы паводле афіцыйных дакументаў, амаль кожны з уладальнікаў 1 019 кватэр усіх 4 дамоў у свой час за іх пераплаціў. Прычым нямала — да 15 недэнамінаваных мільёнаў. Агульная запазычанасць ЖБВК уласнікам кватэр на момант праверкі КДК склала амаль 1 мільярд рублёў ранейшымі. І вярталі гэтыя пераплаты, са слоў незадаволеных жыхароў, далёка не ўсім. Гэта, дарэчы, і стала прычынай звароту ўласнікаў кватэр гэтага кааператыва ў Камітэт дзяржкантролю з просьбай правесці праверку.

Экс-старшыня і галоўны бухгалтар, у сваю чаргу, запэўніваюць, што не толькі паведамілі аб пераплаце ўладальнікам кожнай з 1 019 кватэр, але і запрашалі забраць грошы. Але тыя, маўляў, самі гэтага не захацелі.

Пакуль не зразумела, якім чынам удалося дабудаваць кааператыўныя дамы, у якіх доўгія гады асобныя кватэры былі «бясплатнымі». У Камітэце дзяржкантролю Менскай вобласці кажуць, што з гэтым будуць разбірацца ўжо супольна з праваахоўнымі органамі, супрацоўнікі якіх прыступілі да пільнай праверкі аб усіх фактах парушэнняў і ў найбліжэйшы час дадуць ім прававую ацэнку. Акрамя таго, у Камітэце дзяржкантролю Менскай вобласці ўпэўненыя: у жыллёвым будаўніцтве пара навесці парадак — заканадаўства ў гэтай сферы неабходна ўдасканаліць. Відавочна, што мясцовыя выканкамы часцяком не «ў курсе» таго, што адбываецца ў кааператывах.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках