6 траўня 2024, панядзелак, 19:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дайце мне нармальны заробак тут!»

«Дайце мне нармальны заробак тут!»

Аб чым кажуць падаткавікам баранавіцкія «дармаеды».

Былы студэнт, гараджанка з сухотамі, мама пасля адпачынку па догляду за дзіцем, пенсіянерка, чый сын у войску, распавялі intex-press.by, як яны і іх родныя трапілі ў лік сацыяльных утрыманцаў і што збіраюцца з гэтым рабіць.

«Думаў, што гэта нейкі жарт»

22-гадовага Улада «ліст шчасця» знайшоў у Баранавічах яшчэ восенню.

– Шчыра кажучы, я не чакаў гэтага ліста. Думаў, гэта чыйсьці жарт, – кажа хлопец.

Ён скончыў Баранавіцкі дзяржуніверсітэт у 2015 годзе, атрымаў спецыяльнасць «маркетолаг». Яму недастаткова ўсяго трох дзён, каб не ўважацца за дармаеда.

– Дзе я толькі ні спрабаваў уладкавацца. У Баранавічах працы няма. Калі ехаць кудысьці, то трэба плаціць за жыллё, грошай у мяне на гэта няма. Сабраў для падатковай даведкі ва ўніверсітэце аб тым, што вучыўся, але не ведаю, што будзе далей, – кажа Улад.

Цяпер хлопец мае намер звярнуцца ў гарвыканкам і паспрабаваць дамагчыся пастановы аб скасаванні выплаты падатку. Ён шчыра не разумее, за што павінен плаціць.

«Дайце мне нармальны заробак тут»

38-гадовы Андрэй атрымаў паведамленне на аплату збору за «дармаедства» месяц таму. У паведамленні няправільна ўказаныя ягоныя пашпартныя звесткі. Ён хвалюецца, ці трэба яму плаціць гэты збор.

– У 2015 годзе жонка нарадзіла трэцяе дзіця. Грошай у сям'і не ставала, таму паехаў на будоўлю ў Расею. Уладкоўваўся на працу без афармлення. Атрымліваў там 1200 даляраў, у той час як у Баранавічах максімум 200 даляраў плацілі. Цяпер удвая менш зарабляю, але ўсё адно езджу ў Маскву. А як па-іншаму пракарміць сям'ю? Дайце мне нармальны заробак, каб я мог працаваць тут, – разважае мужчына.

Паведамленне інспектары Андрэю выправілі. Да 20 лютага мужчына павінен заплаціць 360 рублёў за тое, што афіцыйна не можа пацвердзіць факт сваёй занятасці і сваёй адсутнасці ў краіне.

«Займаю тры чаргі ў падатковай»

57-гадовая Таццяна – пенсіянерка. Ёй прыйшло паведамленне на выплату збору адразу на траіх яе дарослых дзяцей! Хоць прапіска ва ўсіх адна, яе накіроўваюць да трох розных спецыялістаў.

– Не разумею чаму, але я вымушана займаць адразу тры чаргі ў падатковай, – здзіўляецца Таццяна.

Старэйшая дачка і сын жывуць у Канадзе.

– Дачка ў Канадзе ўжо 14 гадоў. Яна там чацвярых дзяцей нарадзіла. Некалькі гадоў таму атрымала падвойнае грамадзянства, а цяпер я павінна штосьці ў падатковай даводзіць. Чаму інфармацыя аб тым, што мая дачка жыве за мяжой, адсутнічае ў базе? Да таго ж у мяне запатрабавалі натарыяльна завераную даверанасць, што я магу тут прадстаўляць інтарэсы дачкі. У той жа час на сына, які таксама пражывае ў Канадзе, дакументы прынялі без пытанняў! – абураецца пенсіянерка.

Малодшы сын Таццяны цяпер у войску. У 2015 годзе ён скончыў каледж лёгкай прамысловасці. Спрабаваў знайсці працу, але не змог. Праз прызыўны ўзрост маладзёна адмаўляліся браць на працу. Вясной 2016 года хлопца забралі аддаваць «абавязак» бацькаўшчыне, што ён цяпер і робіць. Месяц таму мама атрымала «ліст шчасця» і на ягонае імя.

– Не разумею, як ён можа заплаціць падатак, калі ён цяпер у войску. Або яго пад канвоем з войска ў суд павядуць? У мяне пенсія ўсяго 200 рублёў, як я заплачу гэтыя 360 рублёў? – здзіўляецца пенсіянерка.

Дармаеды з Гішпаніі

49-гадовая Вольга прыехала ў Баранавічы з Гішпаніі. Яе дачка – студэнтка, вучыцца ў Гішпаніі ва ўніверсітэце.

– Родныя распавялі, што на яе імя прыйшло паведамленне з падатковай. Давялося прыехаць і прыйсці ў падатковую, каб давесці, што «ты не вярблюд».

Чатыры месяцы ў шпіталі, год аднаўлення

У кабінет 201 звяртаецца 32-гадовая Аня. Аб тым, што дзяржава ўважае яе за ўтрыманку, дзяўчына даведалася ў канцы студзеня, калі атрымала на рукі ліст. Аня працавала на рынку прадавачкай харчовых тавараў, але ў траўні 2014 года захварэла на сухоты.

– З працы давялося звольніцца, бо я чатыры месяцы праляжала ў лякарні і потым амаль год аднаўлялася дома пасля хваробы. Хацела ўладкавацца ў Баранавічах на прадпрыемства ў перапрацоўцы рыбы, але зноў захварэла. Цяпер пакуль без працы, жыву за кошт мамы, у якой пенсія 240 рублёў. Адкуль мне ўзяць 360 рублёў на выплату збору? – кажа дзяўчына.

Аня прынесла ў падатковую даведку з лякарні аб тым, што хварэла на сухоты, і спадзяецца дамагчыся пастановы аб скасаванні выплаты падатковага збору.

З адпачынку па догляду за дзіцем – у дармаеды

Памочніца выхавальніка ў дзіцячым садзе 27-гадовая Каця за дармаедку сябе таксама не ўважае.

– Я ўжо 1,5 года працую – які ж я дармаед? Тых трэба лавіць, хто працуе неафіцыйна, не плаціць падаткі.

Аднак у 2015 годзе дзяўчына знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку, з працы звольнілася і паўгода шукала новае месца працы. Да пакладзеных 183 дзён ёй не стае двух тыдняў. Дзяўчына сабрала даведкі, каб давесці, што ў траўні 2015 года яна праходзіла медкамісію, каб працаўладкавацца на працу. А прыступіла да працы ў ліпені 2015 года.

– Калі скажуць плаціць, то буду, навошта мне праблемы з падатковай, – разважае яна.

«Я згодны, але хай запішуць стаж»

Да размовы аб «дармаедстве» далучаюцца і двое сяброў, абодва ў чарзе з паведамленнямі на руках.

– Я згодны заплаціць гэты падатак, у 2015 годзе я працаваў у Расеі. Але няхай мне тады ўпішуць гэтыя паўгода ў працоўны стаж, – кажа мужчына.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках