6 траўня 2024, панядзелак, 19:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уяўнае скарачэнне адміністрацыі Лукашэнкі

25
Уяўнае скарачэнне адміністрацыі Лукашэнкі

Указ кіраўніка пра чарговае скарачэнне сваёй адміністрацыі спарадзіў вялікія сумневы.

Абгрунтаваныя падазрэнні выклікае працэнт меркаванага скарачэння і канчатковая колькасць работнікаў лукашэнкаўскай адміністрацыі. Чатыры гады таму (2013), паводле афіцыйных паведамленняў, яе штатная колькасць ужо нібыта была скарочаная на 25%. Аднак пацвердзіць гэтую лічбу было немагчыма з тае прычыны, што адмысловым указам Аляксандра Лукашэнкі колькасць усіх падначаленых яму дзяржаўных органаў была аднесена да інфармацыі абмежаванага распаўсюджвання. Усе звялося да галаслоўных заяў на вышэйшым узроўні, пасля чаго рушыла ўслед цалкам рэальнае кратнае павелічэнне заробкаў кіруючых работнікаў на ўсіх узроўнях дзяржаўнага кіравання, піша вядомы блогер d-zholik.

Да засакрэчвання ў ліпені 2013 года штатная колькасць адміністрацыі беларускага прэзідэнта складала - 176 адзінак.

На пачатку гэтага месяца кіраўніца адміністрацыі Наталля Качанава заявіла пра новую магчымую аптымізацыю колькасці ведамства яшчэ на 30%. Праз тыдзень рушыў услед указ Лукашэнкі, якім колькасць работнікаў ягонай адміністрацыі была ўсталяваная на ўзроўні - 118 адзінак, у тым ліку дзяржаўных службоўцаў – 108 адзінак.

З гэтага вынікае, што альбо адміністрацыю кіраўніка, насуперак афіцыйным заявам, не скарацілі ў 2013 годзе, альбо яе не скароцяць цяпер. Бо пры ўмове рэальнага скарачэння чатырохгадовай даўнасці (-44) і цяперашняга (-40) колькасць адміністрацыі Лукашэнкі на 1 траўня 2017 года павінна была б складаць усяго - 92 чыноўнікі. Аднак жа ў рэальнасці яна будзе на 30% вышэйшай за разліковую лічбу.

Цікава і тое, што да нядаўняга часу ўсе работнікі адміністрацыі кіраўніка з'яўляліся дзяржаўнымі службоўцамі, аднак з 1 траўня там з'явіцца 10 супрацоўнікаў, якія да гэтай катэгорыі належаць ужо не будуць. Прытым, што фінансавае, матэрыяльна-тэхнічнае і сацыяльна-бытавое забеспячэнне, бухгалтарскае абслугоўванне дзейнасці адміністрацыі Лукашэнкі вядзецца Упраўленнем справамі дыктатара, ахова Службай бяспекі кіраўніка і г. д.

Пакуль не атрымаў канчатковай яснасці і лёс старэйшага сына дыктатара Віктара Лукашэнкі, які, паводле прыкмеце сваяцтва, займае пасаду памочніка кіраўніка дзяржавы ў нацыянальнай бяспецы. Фармальна новае Палажэнне аб прэзідэнцкіх памагатых такой пасады не прадугледжвае, аднак папярэднія рэдакцыі змяшчалі агаворку, згодна з якой ягонае дзеянне распаўсюджвалася толькі на памочнікаў, пасады якіх былі ўключаны ў структуру адміністрацыі Лукашэнкі.

А пасада памочніка ў нацыянальнай бяспецы знаходзілася ў структуры дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі яшчэ з тых далёкіх часоў, калі яго тагачасны кіраўнік Віктар Шэйман сумяшчаў абедзве гэтыя пасады. Затым Лукашэнка-старэйшы спецыяльна пад атожылка аддзяліў пасаду свайго памочніка ў нацыянальнай бяспецы, а з структуры адміністрацыі кіраўніка ў апарат Савета бяспекі былі пераведзеныя дзве штатныя адзінкі для забеспячэння ягонай дзейнасці.

У той жа час некалі ўплывовы начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Усевалад Янчэўскі афіцыйна пазбавіўся статусу памочніка дыктатара, апаратнай вагі і ключавога ўплыву на дзяржаўныя СМІ, якія ў поўным аб'ёме перайшлі да больш маладой, актыўнай і прывабнай фаварыткі Наталлі Эйсмант, асабістай прэс-сакратаркі кіраўніка.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках