6 траўня 2024, панядзелак, 19:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што ўлады адказалі беспрацоўнаму, які даводзіў сваё «цяжкае становішча»

18
Што ўлады адказалі беспрацоўнаму, які даводзіў сваё «цяжкае становішча»

«Не адпавядае патрабаванням наймальніка», - такія словы каторы год запар чуе жыхар Бабруйска.

Нягледзячы на тое, што людзі гадамі стаяць на ўліку ў цэнтрах занятасці насельніцтва, беспаспяхова спрабуюць працаўладкавацца - падатак на «дармаедства» ім заплаціць усё ж такі давядзецца. Не знайшоўшы вакансіі для беспрацоўных паводле іхняй кваліфікацыі, цэнтры занятасці могуць накіраваць на такі экзатычны занятак як адлоў бяздомных сабак і катоў, перадае «Белсат».

«Не адпавядае патрабаванням наймальніка», - такія словы каторы год запар чуе Віталь Калінічаў. Хоць жыхар Бабруйска мае кваліфікацыю кіроўцы вежавага крана і электрапагрузчыкаў, усё, што змаглі яму прапанаваць на біржы працы - заняцца адловам бадзяжных жывёлін.

Але і ў «Спецаўтапрадпрыемстве», куды ён атрымаў накіраванне, у працы адмовілі. Бо няма адпаведных уменняў. Хоць рэальнай прычынай адмовы можа быць проста адсутнасць вакансіі, мяркуе Віталь Калінічаў.

«Наколькі я ведаю, у выніку выходзіць, што яны даюць на біржу працы сваю заяўку для таго, каб захінуць, не буду лаяцца, каб адно месца захінуць», - кажа беспрацоўны.

Жыхар Бабруйска з 2012 года не мае стабільнай працы, з канца 2015 года чарговы раз зарэгістраваўся ў цэнтры занятасці. За месяц ягамосць у пошуках працы можа абысці некалькі дзясяткаў прадпрыемстваў, але безвынікова.

«Шмат якія прапановы, што паступаюць з службы занятасці, з'яўляюцца зневажальнымі, асабліва такая праца як адлоў бадзяжных жывёлін. Якая падрыхтоўка для гэтага патрэбная і нейкая кваліфікацыя? Які інстытут трэба скончыць, каб быць садыстам?» - не можа зразумець лідар Бабруйскай арганізацыі прафзвязу РЭП Галіна Смірнова.

Беспрацоўны бабруец атрымлівае грашовую дапамогу ад дзяржавы, якая максімальна можа складаць 23 рублі на месяц. Гэтых грошай стае толькі на праязны квіток, каб ездзіць па прадпрыемствах горада ў пошуках працы.

«Добра, што мне маці дапамагае, яна пенсіянерка. Але колькі «камуналка» каштуе, плюс прыватызацыя паводле новых законаў, плюс харчаванне - і няма грошай зусім. Бракуе да канца месяца дажыць», - распавядае Віталь Калінічаў.

Але дзяржава не забыла спагнаць падатак за «дармаедства». Ні ў падатковай інспекцыі, ні на камісіі ў гарвыканкаме беспрацоўны не здолеў давесці, што няздатны аплаціць падатак, хоць дадаткова разам з маці даглядае брата-інваліда.

«Я схадзіў у гарвыканкам на камісію, мяне там як ушчунуў ягамосць, пасярэдзіне сядзеў, дэпутат можа, што мне не захацелася наогул жыць у гэтым Бабруйску, у Беларусі. З'ехаць адсюль куды-небудзь далей. Такія законы напрыдумлялі «дэпутаты» ў Вярхоўным Савеце, што проста жах», - здзіўляецца Віталь Калінічаў.

Усё, што застаецца рабіць даведзенаму да роспачы беспрацоўнаму - гэта збіраць подпісы за скасаванне дэкрэта аб так званых «дармаедах». Каб не паўтарыць лёс тых жа бадзяжных жывёлін, адловам якіх меўся заняцца.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках