19 траўня 2024, Нядзеля, 23:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Паездкі Лукашэнкі ў экзатычныя краіны не кампенсуюць нават выдаткаў на іх

26
Эканаміст: Паездкі Лукашэнкі ў экзатычныя краіны не кампенсуюць нават выдаткаў на іх

Склады прадпрыемстваў у рэгіёнах перапоўненыя незапатрабаванай прадукцыяй.

У Баранавічах у 2016 годзе аб'ёмы прамысловай вытворчасці ў грашах выраслі ў 1,3 разы. Прыкладна на столькі ж выраслі і запасы гатовай прадукцыі. У 2016 годзе на складах горада заставалася прадукцыі ў аб'ёме 123,6% ад сярэднямесячнай вытворчасці, піша intex-press.by.

Узровень запасаў гатовай прадукцыі ў Баранавічах істотна вышэйшы, чым у Берасцейскай вобласці (77,1%), у Берасці (49,1%), Пінску (77,2%) і ў сярэднім у краіне (66,9%).

Якімі павінны быць складскія запасы

Эканаміст Леў Марголін кажа, што пэўныя запасы на складах прадпрыемстваў павінны быць. Яны патрэбныя для бесперабойнага забеспячэння спажыўцоў патрэбнымі таварамі. Дапушчальны аб'ём запасаў залежыць ад галіны. Напрыклад, на хлебазаводах аб'ёмы складскіх запасаў не могуць дасягаць не толькі месячных, але і тыднёвых аб'ёмаў вытворчасці. Некалькі гадзін захоўвання - і гэта прадукцыя нікому не патрэбная. Ёсць прадпрыемствы, але такіх мала, дзе аб'ёмы складскіх запасаў могуць дасягаць месячных аб'ёмаў вытворчасці.

- Максімум, пра што можна казаць у сярэднім у эканоміцы, - 20-25%, але ніяк не 125%, - мяркуе эканаміст.

Чаму так адбываецца

У Баранавіцкім гарвыканкаме тлумачаць, што асноўныя складскія запасы ў нашым горадзе прыпадаюць на 558 АРЗ - на складах гэтага прадпрыемства некаторы час захоўваецца ўжо адрамантаваная тэхніка, якая трапіла ў статыстыку складскіх запасаў. Самалёты паляцяць - і запасы знізяцца.

- На 558 АРЗ прыпадае блізу 70% запасаў, - кажа Юрась Трыфанаў, начальнік управы эканомікі Баранавіцкага гарвыканкама. - Таму сітуацыя са складскімі запасамі ў нашым горадзе не крытычная.

Аднак экспэрты мяркуюць, што нават з улікам авіярамонтнага завода паказчыкі складскіх запасаў у Баранавічах высокія.

- Складскія запасы - гэта грошы, выдаткаваныя на сыравіну, энэргарэсурсы, заробкі. Калі яны ляжаць на складзе, гэта дрэнна. Ніводзін хоць трохі разумны прыватнік такога не дапусціць, - мяркуе эканаміст Леў Марголін.

Эканаміст Антон Болтачка кажа, што высокі ўзровень складскіх запасаў у дачыненні да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці выкліканы тым, што многія дзяржпрадпрыемствы па-ранейшаму павінны выконваць планы: у аб'ёмах вытворчасці, у падтрыманні ўзроўню занятасці.

- Каб не звальняць работнікаў, не дапускаць росту беспрацоўя, дзяржаўныя прадпрыемствы, асабліва ў рэгіёнах, вымушаныя забяспечваць іх хоць нейкай працай, - кажа Антон Болтачка.

Што будзе далей

Леў Марголін мяркуе, што прадпрыемствы, якія вырабляюць прадукцыю «на склад», будуць працаваць датуль, пакуль у іх будуць абаротныя сродкі. Падтрымліваць аб'ёмы вытворчасці таннымі грашыма, як гэта было раней, дзяржава, хутчэй, за ўсё больш не будзе, улічваючы, што праводзіцца апошнім часам жорсткая манетарная палітыка.

А спадзявацца на пакупнікоў беларускай прадукцыі ў найбліжэйшы час - гэта, на думку эканаміста - самападман.

- Калі Лукашэнка ляціць у Інданезію ці іншую экзатычную краіну, то, як правіла, вынікі паездак не акупляюць нават затрат на іх, - кажа экспэрт. - Калі рынкаў збыту няма, зніжэнне аб'ёмаў вытворчасці будзе непазбежным. А следам за гэтым - скарачэнне працоўных месцаў і падзенне заробкаў.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках