2 траўня 2024, Чацвер, 4:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Лукашэнка павінен сысці ў адстаўку

118
Наталля Радзіна: Лукашэнка павінен сысці ў адстаўку

Спадзяемся, на сённяшняй прэс-канферэнцыі Лукашэнкі будуць прысутнічаць не толькі падбрэхічы.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна пракаментавала тэлеканалу «Белсат» правядзенне сёння Лукашэнкам прэс-канферэнцыі, прэтэнцыёзна названай прапагандай «Вялікая размова».

- Перадгісторыю не будзем пераказваць, чаму вы не можаце жыць і працаваць у Беларусі, пра палітычны пераслед мы ведаем. Аднак, калі ўявіць фантастычную сітуацыю: Лукашэнку штосьці стрэльнула і ён наважыў на сваёй прэс-канферэнцыі адказаць цалкам, шчыра, не выкручваючыся. Пра што яго варта было б спытаць?

- У мяне няма пытанняў да Лукашэнкі. Я яму магу толькі сказаць, што ён павінен сысці ў адстаўку. Бо ён поўны банкрут, які давёў краіну да катастрафічнага стану. Таму Лукашэнка можа толькі сысці. У той практычна бязвыхаднай сітуацыі, у якой ён ёсць, магу даць яму толькі адную параду – пайсці на дыялог з апазіцыяй.

Калі ён хоча захаваць Беларусь незалежнай, калі ён думае пра свой далейшы лёс і пра сваё жыццё, то ў яго сёння застаецца адзіны варыянт – сесці за стол перамоў з апазіцыяй, бо цалкам відавочна, што Лукашэнка саступіў, усюды зазнаў крах, краіна праз ягонае бясталентнае кіраванне патрапіла ў страшную эканамічную сітуацыю, а вось апазіцыя акурат наадварот давяла, што мела рацыю, калі казала пра правы чалавека, рэформы і рынкавую эканоміку.

- Ці варта чакаць, што гэтыя аспекты будуць агучаныя сёння хоць кімсьці?

- Мне хочацца спадзявацца, што там будзе не толькі падтанцоўка і падбрэхічы, а знойдуцца людзі, якія змогуць падняць важныя для краіны тэмы. Але шчыра кажучы, сэнсу ўдзельнічаць у гэтых мерапрыемствах я не бачу. Відавочна, што ў Лукашэнкі сёння істэрыка. Для гэтага ён ладзіць гэта паказальнае шоў, склікае хурал. У яго такі псіхатып: у цяжкай сітуацыі трэба выказацца. Так што сёння мы даведаемся шмат цікавага, але, фактычна, сёння гэты чалавек нічога не вызначае. Што ў яго можна пытацца?

- Напэўна, не шмат цікавага, але шмат будзе агаворак, кожны год ён сыпле імі і кожным год прысутнічаюць, у тым ліку і журналісты незалежных выдавецтваў. Аднак чаму гэтых вострых пытанняў шмат не бывае?

- Мы ўсе ведаем, як сёння працуюць незалежныя медыі ў Беларусі – гэта дастаткова цяжка, немагчыма працаваць абсалютна незалежна, таму сайт «Хартыі-97» вымушаны сёння заставацца ў Варшаве. Я разумею, што журналістам страшна задаваць сапраўды вострыя пытанні ў гэтай сітуацыі.

- Для чаго яшчэ Лукашэнка склікае хурал, акрамя таго, што ў яго істэрыка, магчыма, у яго такая істэрычная адзінота – хоць з кімсьці пагаварыць, усё вакол рушыцца.

- Няхай размаўляе з апазіцыяй. Сёння гэта адзіны варыянт. У прынцыпе, сёння сітуацыя нагадвае 1989 год у Польшчы. Мы бачым, што робіць Расея: скарачае пастаўкі нафты ў Беларусь, дагэтуль не ўрэгуляваная газавая спрэчка. Сёння яна перакрывае мяжу з Беларуссю. А чаму? Відавочна, што справа не толькі ў пяцідзённым бязвізавым рэжыме, які ўводзіць Беларусь для замежнікаў. Найперш Расея перакрывае лукашэнкаўскую кантрабанду. Лукашэнка сёння пазбаўляецца тых «чорных» грошай, якія меў ад кантрабанды ўкраінскіх і еўрапейскіх прадуктаў, якія ішлі ў Беларусь.

Гэта яшчэ адзін сур'ёзны ўдар па рэжыму Лукашэнкі. Гэта яшчэ адзін крок на шляху ягонага адхілення ад улады. Дыктатар гэта разумее, гэтым і выкліканая ягоная істэрыка і жаданне пагаварыць, выказацца на публіку, але калі ў яго засталіся рэшткі розуму, хоць штосьці чалавечае, то трэба сесці і дамаўляцца з апазіцыяй пра правядзенне сумленных і свабодных выбараў. А потым сыходзіць у адстаўку.

- А можа быць, усё гэта – старая заезджаная банальная гульня: сабраць шмат людзей і з імі гаварыць шмат гадзін і, напэўна, усё ж штосьці такое нечаканае сказаць пад маркай «гэта не я, гэта народ у мяне просіць». Ці можа так быць, што заўтра Лукашэнка даведзены да істэрыкі, даведзены да адчаю адважыцца на нейкія сур'ёзныя заявы? Гэты дыялог з апазіцыяй: хто каму павінен зрабіць крок насустрач? Ці ёсць з другога боку людзі, якія гатовыя на гэта пайсці?

- Пра гэта кажа Мікалай Статкевіч: дзеля захавання незалежнасці краіны апазіцыя можа сесці за стол перамоў з Лукашэнкам. Але казаць трэба пра правядзенне сумленных свабодных выбараў, пра рынкавыя рэформы, пра тое, каб сітуацыя ў краіне рэальна змянялася і, вядома, аб сыходзе Лукашэнкі з улады.

Паглядзіце, як у Польшчы праводзіўся «круглы стол» у 1989 годзе. Лукашэнку сёння трэба размаўляць з рэальнымі лідарамі апазіцыі, а не з падстаўнымі. Натуральна, не з Дзмітрыевым, а з Мікалаем Статкевічам, Андрэем Саннікавым, Уладзімірам Някляевым, Генадзем Фядынічам ды іншымі.

- У такім выпадку павялічваецца небяспека паўтарэння перайначанага сцэнару, як адбылося з агрэсіяй супраць Украіны, калі Януковіч паспрабаваў спачатку пайсці насустрач Еўропе, і гэта стала падставай для расейскай агрэсіі. Варта звяртаць увагу на такі аргумент?

- Лёс Лукашэнкі прадвызначаны. Цалкам зразумела, што Расея будзе яго мяняць, што гэта неэфектыўны мэнэджар, які выдаткаваў велізарную колькасць расейскіх рэсурсаў: грошай, нафты, газу. Крэмль дэманструе нам кожны дзень, што мае намер яго прыбраць. Лукашэнка гэта выдатна разумее: звальняе і арыштоўвае высокапастаўленых чыноўнікаў, сёння ладзіць істэрыку ў жывым эфіры.

Яму не застаецца нічога іншага, акрамя як у адзін цудоўны дзень альбо быць проста змененым, альбо быць забітым, альбо зрабіць нейкія рэальныя крокі для змены сітуацыі ў краіне і мірна, спакойна сысці ў адстаўку. Іншага варыянту ў дыктатара няма.

Захад у гэтай сітуацыі павінен падтрымаць ідэю «круглага стала» ў Беларусі, бо мы бачым, што ў цяжкай сітуацыі Лукашэнка, у прынцыпе, можа пайсці на нейкую размову. Такой цяжкай сітуацыі для яго ніколі не было.

Еўропа і ЗША не павінны весці нейкія закулісныя перамовы выключна з Лукашэнкам, бо былі такія дыялогі з Хосні Мубаракам і егіпецкі народ паўстаў, былі такія дыялогі з Віктарам Януковічам, але ўкраінцы выйшлі на Еўрамайдан.

Апазіцыя сёння прадстаўляе беларускі народ. У краіне пачынаюцца лакальныя бунты. Людзі вельмі незадаволеныя, заробкі ўпалі да мінімуму і будуць далей падаць. Ідуць велізарныя скарачэнні на прадпрыемствах, вымушаныя скарачаць нават міліцыю. І вось у гэтай сітуацыі сёння ў Захаду ёсць усе інструменты, каб прымусіць Лукашэнку пайсці на рэформы, на перамовы з апазіцыяй. І гэта гарантыя бяспекі самога Захаду ў гэтай сітуацыі. Таму што не Лукашэнка можа быць гарантам суверэнітэту Беларусі. Гарант суверэнітэту Беларусі – беларускі народ.

- Зразумела! Атрымліваецца, што размаўляць сапраўды трэба, але не на публіку, не на хуралы, а з беларускім народам.

Напісаць каментар 118

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках