4 траўня 2024, Субота, 13:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Увядзенне памежнай зоны — яшчэ адзін удар па фінансах Лукашэнкі

26
Зміцер Бандарэнка: Увядзенне памежнай зоны — яшчэ адзін удар па фінансах Лукашэнкі
Зміцер Бандарэнка

У крызіснай сітуацыі апазіцыя павінна быць разам з народам.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

- ФСБ Расеі ўвяла рэжым памежных зон у Бранскай, Смаленскай і Пскоўскай абласцях. На вашу думку, у чым прычыны гэтай пастановы расейскіх уладаў, і якімі будуць найбліжэйшыя наступствы?

- На мой погляд, гэта нанясенне яшчэ аднаго ўдару па фінансавых складніках рэжыму Лукашэнкі ў рамках расейскага плана для ягонага адхілення ад улады.

Не сакрэт, што аб'ёмы кантрабанды, якія ідуць праз Беларусь, апошнім часам значна ўзраслі. Безумоўна, існуе ўзгодненая кантрабанда, бо ў маскоўскіх рэстарацыях можна ўбачыць поўны спіс санкцыйных прадуктаў пад выглядам беларускіх. Але ў той жа час ідзе велізарная плынь некантраляванай расейцамі кантрабанды з Украіны і краін Еўрапейскага Звязу.

Натуральна, гэта было «чорным» фінансавым падсілкоўваннем для існавання Лукашэнкі. Цяпер гэтага не будзе, бо ўводзяць памежную зону і будуць перакрытыя не толькі асноўныя магістралі, але і невялікія лясныя і палявыя дарогі.

Гэта стане дастаткова сур'ёзным ударам для «чорнай касы» Лукашэнкі.

- Некаторыя палітолагі кажуць цяпер аб магчымасці аднаўлення і паўнавартаснай мяжы паміж Беларуссю і Расеяй. Наколькі такія прагнозы апраўданыя?

- Я думаю, што да гэтага моманту Лукашэнкі ўжо не будзе ва ўладзе. Таму што аднаўленне поўнай мяжы з Беларуссю не з'яўляецца мэтай Расейскай федэрацыі.

На маю думку, другая прычына таго, што расейцы пайшлі на ўвядзенне памежнай зоны – гэта фармаванне ў расейскага насельніцтва вобразу варожай краіны ў асобе Беларусі.

Расея задумала альбо поўную інкарпарацыю Беларусі, альбо замену Лукашэнкі на больш паслухмянага сатрапа, і мы назіраем расейскую прапаганду ў дачыненні да нашай краіны, якая ўзмацняецца ў разы.

У адрозненне ад Украіны, у Беларусі няма парамілітарных арганізацый і знайсці «радыкальных нацыяналістаў» у нас не атрымоўваецца нават расейскім прапагандыстам. Спроба выдаць за «Правы сектар» вайсковыя камісіі цалкам рэспектабельнага Беларускага нацыянальнага кангрэса стала адкрыта няўдалай. Таму вобраз ворага спрабуюць зрабіць з цэлай краіны.

- Як у гэтай сувязі вы пракаментуеце сённяшні артыкул адыёзнага расейскага выдання «Рэгнум», дзе гаворыцца аб тым, што Лукашэнка сабраўся выходзіць з розных саюзаў з РФ?

- Не сакрэт, што ў Расеі існуюць такія «каналы», як Уладзімір Жырыноўскі, праз якога ідуць інфармацыйныя ўкіды пра, здавалася б, немагчымыя сцэнары, якія, аднак, затым рэалізоўваюцца.

Такую ж ролю ў Расеі выконвае і адыёзнае інфармацыйнае агенцтва «Рэгнум», якое з'яўляецца часткай механізму гібрыднай вайны, якая праводзіцца расейцамі ў дачыненні да Беларусі і іншых краін.

Гэты ўкід як раз цалкам упісваюцца ў канцэпцыю стварэння «вобраза ворага» з Беларусі і Лукашэнкі. Гэта толькі пацвярджае тое, што план для ягонай ліквідацыі рэалізуецца. Была спроба поўнай яго рэалізацыі ў снежні, калі Лукашэнка не паехаў на саміт у Санкт-Пецярбург. І цяпер Расея прадаўжае ажыццяўленне гэтага плана.

- У пачатку года Расея значна скараціла пастаўкі нафты ў Беларусь – з 24 да 16 млн тон на год. Цяпер да «нафтавага голаду» для Лукашэнкі дадаецца і страта «чорнай касы» ад кантрабанды. Як доўга зможа пратрымацца дыктатар без фінансавых рэсурсаў для ўтрымання сілавога апарата?

- Паліцэйская дзяржава стваралася дзесяцігоддзямі і ў яе ёсць пэўны запас трываласці. Але факт таго, што цяпер спрабуюць сабраць грошы нават з беспрацоўных, сведчыць аб тым, што грошай у Лукашэнкі няма.

Я думаю, што цяпер праблемай стане нават выплата рэгулярных заробкаў і пенсій.

- У тым ліку і заробкаў сілавікам?

- Гэта будзе тычыцца ўсіх структур без выключэння. Ужо была інфармацыя аб будучых скарачэннях у шэрагах міліцыі. Я думаю, што Расея гэтыя працэсы значна паскорыць. Даходы ад кантрабанды для рэжыму Лукашэнкі, для яго асабіста і ягоных набліжаных – проста велізарныя. Гаворка ідзе аб сотнях мільёнах даляраў. І цяпер гэты канал фінансавага падсілкоўвання перакрываецца.

- Што ў гэтай сітуацыі павінны рабіць беларускія патрыёты?

- Беларускія патрыёты павінны быць разам з народам. Нельга патрабаваць ад насельніцтва краіны, якое знаходзіцца на мяжы і нават за рысай галечы, геапалітычнай мудрасці і разумення тонкіх гульняў заходніх чыноўнікаў з рэжымам Лукашэнкі.

Людзі даведзеныя да адчаю, гатовыя пратэставаць і бунтаваць. Калі апазіцыя не будзе разам з народам, не будзе бараніць інтарэсы простых людзей, то людзі будуць спадзявацца толькі на Пуціна ў гэтай сітуацыі. Таму падтрымліваць сёння пратэсты людзей – значыць, умацоўваць незалежнасць краіны.

Другі момант – гэта тое, аб чым заяўляў Мікалай Статкевіч: апазіцыя гатовая для абароны краіны ўзаемадзейнічаць з дзяржавай. І выхадам з тупіка можа цяпер стаць пачатак рэальных перамоваў унутры Беларусі паміж уладай і апазіцыяй.

Апазіцыя – гэта не толькі людзі, апазіцыя – гэта ідэі. І час паказаў правільнасць ідэй апазіцыі і поўнае банкруцтва ідэй Лукашэнкі і ягонай стаўкі на «азіёпскія» саюзы і на сяброўства з Масквой.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках