28 красавiка 2024, Нядзеля, 20:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ігар Крывушэнка: У кожнай гульні каманда Беларусі будзе змагацца за перамогу

8
Ігар Крывушэнка: У кожнай гульні каманда Беларусі будзе змагацца за перамогу
ФОТА: TUT.BY

Стырнавы «Тарпеда-БелАЗ» Ігар Крывушэнка пракаментаваў сваё прызначэнне в. а. галоўнага трэнера нацыянальнай каманды Беларусі.

– Натуральна, кіраваць камандай - гэта заўсёды прыемна ды пачэсна і ў той жа час досыць адказна. Разумею, што дадасца велізарны кавалак працы. Але ў той жа час – гэта выклік. Заўсёды хочацца адказаць на выклік годна.

– Наколькі праблемным бачыце сумяшчэнне пасад у клубе і камандзе?

– Вялікіх праблем не бачу. Важна, каб у гэтай сітуацыі былі памочнікі. На гэтым этапе важна, каб адзін быў вольны і мог бы праглядаць больш гульняў, мог бы размаўляць з кандыдатамі. А ўжо ўсю гэтую інфармацыю для аналізу даваць мне.

– З памочнікамі ўжо вызначыліся?

– Яшчэ не. Найбліжэйшым часам. Праект ёсць. Думаю, 2-3 дні - і мы развяжам гэтае пытанне.

– Калі казаць шчыра, то ці бянтэжыць Вас прыстаўка «выканаўца абавязкаў»?

– Наколькі я валодаю інфармацыяй, то гэтая прыстаўка да наступнага пасяджэння выканкама. Таму што юрыдычна мяне можа зацвердзіць толькі выканкам. Таму да наступнага выканкама прыстаўка «в.а.», а потым яна прыбіраецца.

– Падзяліцеся вашым бачаннем што да камплектавання складу. Напрыклад, Ваш папярэднік не вельмі цёпла ставіўся да чэмпіянату Беларусі і да людзей, якія там выступаюць.

– Натуральна, за мяжу з'язджаюць найлепшыя нашы футбалісты. Гуляюць там на больш высокім узроўні. Але для футбаліста немалаважны чыннік – гульнявая практыка. А хлопцы, якія гуляюць у чэмпіянаце Беларусі на вядучых ролях, якія з'яўляюцца кандыдатамі ў каманду, яны ўсе ж маюць сталую практыку. Гэты чыннік вельмі важны. Таму пастараемся быць аб'ектыўнымі і выклікаць людзей, якія гуляюць і ў якіх узровень майстэрства вышэйшы.

– Вельмі шмат нашых легіянераў пазбаўленыя гульнявой практыкі. Гэта праблема. І як плануеце яе развязваць у тых варунках, у якіх цяпер каманда Беларусі?

– Буду размаўляць з хлопцамі. Буду выклікаць на збор, буду глядзець. Хай зборы перад гульнямі і кароткатэрміновыя, але ўсё адно інфармацыя ў мяне будзе. Але яшчэ раз кажу, што скідаць з рахункаў нікога не буду. Улічваючы, што высокакваліфікаваных футбалістаў у нас не так шмат. Думаю, кожны штых будзе ў нас на ўліку.

– Як расставіце для сябе прыярытэты: гульня на вынік, амаладжэнне, змена тактычнага малюнку? Што для вас першачарговае?

– Першачарговае – гэта стварэнне калектыву. Калектыву адзінага, які будзе ў кожнай гульні імкнуцца змагацца за перамогу. Мы ж усё ж гуляем для гледачоў. А нашы заўзятары любяць пераможцаў. Натуральна, будзем імкнуцца паказваць якасны футбол. Але зноў жа вынік будзем ставіць на першае месца, – цытуе Крывушэнку «Трыбуна».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках