11 траўня 2024, Субота, 4:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шлях да свабоды пачынаецца з Плошчы

123
Шлях да свабоды пачынаецца з Плошчы

Час Лукашэнкi скончыўся. Ён сыдзе.

Варыянту іншага няма. Варта было б на гэта наважыцца цяпер, пакуль яшчэ не нарабіў чагосьці непапраўнага. Сыходзіць трэба заўжды своечасова. Не чакаючы, пакуль грымне гром. А ён прамарудзіў. Засядзеўся. Быў упэўнены, што абыдзецца ўсё і гэтым разам. Памыліўся – не абышлося.

Краіна паўстала. Мінск, Віцебск, Гомель, Маладэчна, Бабруйск, Брэст, Рагачоў, Ворша… Калі яшчэ была такая хваля гневу? І гэта ўсё – яшчэ толькі пачатак. Пра тыя маршы і пратэсты не толькі ў Беларусі, але і далека за яе межамі пішуць і гавораць як пра акцыі пратэсту супраць адыёзнага дэкрэту нумар тры. А калі ўсё так проста, то чаго тут хвалявацца? Адмяніць недарэчны дэкрэт і жыць сабе спакойна.

Калі б усё было так проста! Аднак падобна на тое, што насамрэч прыйшла вясна, якую так доўга чакалі. Разам з паводкаю сыходзіць у мінулае ўся гэта зімовая марока. Паўсюдна – прыкметы блізкай навальніцы. Чуецца гром з усіх бакоў. Прырода і краіна прагнуць абнаўлення. Дваццацітрохгадовы сон, які шмат каму падаваўся ўжо вечным, скончыўся раптоўна – Беларусь абуджаецца.

Але як заўсёды перад навальніцай наляцеў віхор. Узрушыў вертыкаль. Усхвалявалася моцна вышэйшае чынавенства. Штосьці незразумелае адбываецца ў краіне. Адкуль узяліся раптам усе гэтыя людзі на плошчах і вуліцах. Хто дазволіў ім уголас выказваць абурэнне?

І вось ужо ў Палацы незалежнасці ўлады ад народа збіраецца нарада, парадак дня якой дыктуе бягучы момант. Так бы мовіць, мазгавы штурм. Гэта калі адзін гаворыць, а ўсе астатнія выказваюць бязмежную згоду і гатовасць. Патанне ўсё тое ж, самае надзённае: што рабіць? Скасаваць адыёзны даклад або зацята трымацца вызначанай лініі. Гэта ж колькі розных пастаноў, указаў і дэкрэтаў тут моўчкі праглынулі, і ніякіх праблем. А нумар трэці, бачыш, ім не спадабаўся. Абураюцца!

Энергетыка лёсавызначальнай нарады была настолькі высокай, што паблізу таго палаца зафіксаваныя выпадковымі прахожымі з’явы незвычайныя і нават фантастычныя. Відавочцы сцвярджаюць, нібыта ў зоне строгага кантролю ўзнік раптам маленькі Сталін. Пыхкаючы піпкаю, ён бесклапотна гарэзнічаў на сонечным газоне. Што гэта менавіта ён, было ўсім добра бачна нават з аўтобуснага прыпынку. Тыя ж да болю знаёмыя вусы, лампасы і пагоны з вялікай зоркай, як і ў тутэйшага галоўнакамандуючага. Толькі той фантомны правадыр чамусьці быў надта маленькі – звычайны карузлік.

А ў залі мазгавога штурму правіцель тым часам, строгім поглядам працяў падначаленых і прамовіў жэстачайшэ: “Это идеологический, моральный декрет. Никаких там больших денег государство не получит. Целью этого декрета является одно: заставить работать тех, кто работать должен”.

Вось яно, вызначальнае слова ўсяго гэтага вэрхалу з дэкрэтам – прымусіць! Хіба можна такое скасаваць? Тут усё нібы ў часы бальшавікоў. “Не можаш, навучым. Не хочаш – прымусім!” І пра што яны яшчэ так доўга разважалі? Выкручваліся, махлявалі. Выдумлялі нейкія пацьсот даляраў, якія нібыта свецьць кожнаму працаўніку у далёкай перспектыве. Навошта ім спатрэбілася ўся гэта валтузня, калі ўвесь час ляжала недзе тут пад лаўкай надзейная сякера сталінскіх часоў. Узялі яе і замахнуліся: прымусім! А нішто сабе, зручная прылада. І карысная надзвычай.

Карузлік на сонечным газончыку чмыхнуў задаволена і знік, пакінуўшы колца легкага дыму. Для трывог няма падстаў. Тут з хадою часу змяняюцца хіба што дэкарацыі. А сутнасць застаецца ўсё тая ж. Прымусім – і кропка!

І ўвогуле, Беларусь будзе першай краінай у свеце, якая ў кароткі тэрмін вырашыць праблему беспрацоўя. У поўнай адпаведнасці з загадам правіцеля. Да 1-га траўня кожнаму будзе забяспечана праца. Ідэя проста геніяльная. А галоўнае – ніякіх звышнарматыўных выдаткаў. Проста ўсе, каму ў жыцці не пашанцавала, возьмуць у рукі адпаведныя прылады і выйдуць дружна на ўсенародную вахту – будаваць платы. Вось табе і доўгачаканыя працоўныя месцы. Барацьба з беспрацоўем заўсёды пачыналася з крэатыўнай задумы. Калісьці ў Еўропе нейкі адстаўны яфрэйтар, каб схіліць да стваральнай працы розных бедалаг ды гультаёў, пачаў будаваць па ўсёй краіне аўтабаны. Бальшавікі пайшлі сваёй дарогай – лесапавал, Беламор-канал. А тут – платы. Танна і карысна. А галоўнае – так прыгожа!

Вось толькі псуе стваральную панараму гэтая нікому не патрэбная вясна. Дзіўная. Непрадказальная. Як магла ўзнікнуць на нашым заўсёды ясным небасхіле вялікая хмара блізкай навальніцы? Ды яшчэ гэты гром з усіх бакоў. І нібы нават з-пад зямлі. Нейкія тэктанічныя зрухі адбываюцца ў заўсёды ціхай Беларусі. Няхай бы сабе Мінск – тут заўсёды процьма незадаволеных уладай. Дык не – узрушылася раптам уся краіна.

На вуліцы і плошчы беларускіх гарадоў вырвалася такая стыхія, такое мора людской крыўды і неадольнай безнадзейнасці, што ў тых, хто мае непасрэднае дачыненне да амаль ўсенароднага бедства, павінны былі абудзіцца хоць бы рэшткі сумлення і сораму за ўсё тое, што тут адбываецца. Аднак няма нават слабой прыкметы сумневу ў выключнай неабходнасці іх службовых намаганняў. Вертыкаль не можа памыляцца.

І як гэта ім удалося ў краіне з трывалай эканомікай, з такім адукаваным і працавітым народам учыніць такі ўсеабдымны крызіс? А вось жа ўдалося! Яны скурай адчулі загаддзя, што грошай на ўсіх не хопіць. І паспяшаліся стварыць дзяржаву для вузкага кола. Заснаваную на татальнай карупцыі, хлусні і тупой нянавісці да тых, хто ў іх супольнасць не ўваходзіць. І цяпер яны не здольныя ўцяміць, як гэта тут ўсё ўзрушылася раптам?

Маштаб і сутнасць таго, што адбываецца ў гэтыя дні, улада пакуль яшчэ не зразумела. Вертыкальшчыкам падаецца, што варта толькі крыху прыціснуць, нешта няпэўнае паабяцаць, і ўсё навокал супакоіцца, суцішыцца. Цяжкая хмара блізкай навальніцы рассеецца раптоўна і ператворыцца ў лёгкую хмурынку. Вось трэба толькі выявіць злосных завадатараў, якія падбухторваюць рахманы і адданы электарат правадыра. Яшчэ раз прадэманстраваць свой звыклы спрыт і вынаходлівасць. І зноў усё тут будзе, як звычайна. Правіцель нават выказаў падначаленым сваю незадаволенасць: трэба ж выйсці да людзей і ўсё ім патлумачыць.

І яны выйшлі. Удвох або нават утрох. У Гародні, калі калона абураных грамадзян апынулася на плошчы перад выканкамам. Столькі ж прыкладна вертыкальных агітатараў было і ў Рагачове. Нейкая цётка выказвала непахісную ўпэўненасць, што ўсе пратэстоўцы – падкупленыя і падманутыя нетутэйшымі злыднямі. Ідэолаг свінакомплексу таксама спрабаваў выступаць у звыклай ролі абвінаваўцы злосных ворагаў. Паўсюдна размовы тыя з чынавенствам нагадвалі спантанны дыялог з іншапланецянамі.

Аднак усе рэкорды тых сустрэч пабіў палатнік падчас гэткага ж кантакту з народам у Магілеве. Ён рашуча выйшаў у масы з асабістым мацюгальнікам і збіраўся ўжо захапіць усіх прамовай, але тут хтосьці паспрабаваў звярнуцца да яго з пытаннем. І вось тады пасланец кіраўніцтва выказаўся шчыра: “Заткніся!”

Такім вось чынам вызначыўся канчаткова стыль і ўзровень дыялогу ўлады з народам. Два ключавыя словы акрэслілі сутнасць падыходу да вырашэння усіх праблем: “прымусім” і “заткніся!” Яны не могуць і не хочуць зразумець, што канфлікт выкліканы не толькі і не столькі недарэчным дэкрэтам. Гэта ўсяго толькі кропля ў моры чынавенскага свавольства і нахабства. Людзі, якія ўсім даўно абрыдлі, паспрабавалі тут стварыць уладу, якую шляхам выбараў змяніць немагчыма. І гэтае нахабства народ ім не даруе.

…25 – Дзень Волі. Не забыцца, не праспаць, не прамарудзіць. Жыць у цэнтры Еўропы і заставацца ў палоне ў кучкі прайдзісветаў – сорам. Вядома ўсім даўно - шлях да свабоды пачынаецца з Плошчы. Нельга заставацца ў баку, калі там Народ. Доўгачаканаю вясной узнікла нарэшце магчымасць гэты шлях прайсці.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 123

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках