3 траўня 2024, Пятніца, 22:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Акцыя ў Варшаве: Беларусь будзе вольнай!

2
Акцыя ў Варшаве: Беларусь будзе вольнай!
ФОТА: CHARTER97.ORG

25 сакавіка сотні беларусаў правялі ў Варшаве Марш салідарнасці з нагоды Дня Волі.

Мітынг пачаўся ля помніка Тадэвушу Касцюшку. Перад прысутнымі выступілі старшыня камісіі Сейма Польшчы ў справах Беларусі Роберт Тышкевіч, судырэктар Беларускага дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк, былы палітвязень Уладзімір Кобец, чалец аргкамітэта для стварэння прафзвязу прадпрымальнікаў «Салідарнасць» Алесь Макаеў і іншыя.

ФОТА: CHARTER97.ORG

Алесь Зарэмбюк выказаў салідарнасць адважным беларусам, якія сёння выйшлі на святкаванне Дня Волі ў Менску і былі брутальна разагнаныя і затрыманыя.

- Віншую ўсіх з Днём Волі і Днём Незалежнасці! 99-ю гадавіну Беларускай Народнай Рэспублікі мы святкуем разам у Варшаве, а ў Менску ў гэты час нашых братоў, сясцёр, і сваякоў арыштоўваюць і запалохваюць, не выпускаюць з пад'ездаў, не даюць ім выказаць сваю волю і веру ў тое, што Беларусь жыла, жыве і будзе жыць.

Сёння мы сабраліся ў Варшаве, каб не толькі ўрачыста адсвяткаваць 99-ю гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, але і выказаць сваю салідарнасць і падтрымку ўсім тым, хто цяпер у Менску выказвае свой пратэст, праводзіць сваё святкаванне нашай незалежнасці.

Мы падтрымліваем усіх, хто цяпер знаходзіцца ў турмах - а гэта сотні чалавек. Мы падтрымліваем усіх студэнтаў, якіх выключаюць з універсітэтаў у гэтыя дні. Мы просім падтрымкі ў Захаду, Польшчы, ЕЗ у гэтыя сумныя, на жаль, вельмі сумныя і брутальныя часы, якія цяпер адбываюцца ў Менску. Са святам, з Днём Волі! Будзем салідарнымі! Жыве Беларусь!

ФОТА: CHARTER97.ORG

Старшыня камісіі Сейма Польшчы ў справах Беларусі Роберт Тышкевіч заявіў, што Беларусь можа разлічваць на падтрымку Польшчы.

- Сёння для нас вельмі важны дзень. Вы, браты, маеце такое ж права быць у свабоднай і дэмакратычнай Еўропе. І ў Менску сёння адбываюцца падзеі, якіх у Еўропе не павінна быць. Годзе гэтай тыраніі. У вас ёсць права быць такімі, як мы, палякі, свабоднымі і незалежнымі.

Мы салідарныя з вамі і наш парламент заўсёды будзе вашым домам, пакуль у вас у Менску не з'явіцца свой свабодны парламент і пакуль не будзе дэмакратыі ў Беларусі. Мы з вамі кажам: Досыць! Жыве Беларусь!

ФОТА: CHARTER97.ORG

Пасля выступаў каля помніка Касцюшку шэсце прайшло праз цэнтр Варшавы да помніка Адаму Міцкевічу, дзе адбыўся другі мітынг.

ФОТА: CHARTER97.ORG
ФОТА: CHARTER97.ORG
ФОТА: CHARTER97.ORG

Пасля сканчэння мітынгу Роберт Тышкевіч распавёў пра тое бязмежжа, якое адбывалася ў гэты час у Менску, а таксама нагадаў, што без Беларусі не будзе адзінай Еўропы.

- Дарагія сябры, да нас прыходзяць сумныя навіны з Беларусі аб чарговых пераследах і брутальных арыштах. Мы павінны быць салідарныя. Гэта натуральная рэакцыя свабодных людзей на рэпрэсіі і пераслед. Пад помнікам Міцкевічу я хачу вас запэўніць: палякі заўсёды будуць з беларусамі ў гэтыя цяжкія хвіліны.

Месца Беларусі павінна быць у Еўропе. Пра гэта пісаў і казаў наш агульны герой Адам Міцкевіч. І гэтай Еўропы не можа быць без краіны, дзе ён нарадзіўся, без Беларусі. Разам мы зможам даць Беларусі еўрапейскія перспектывы, - заявіў Тышкевіч.

ФОТА: CHARTER97.ORG
ФОТА: CHARTER97.ORG

У канцы мітынгу людзі праспявалі духоўны гімн беларусаў «Магутны Божа».

ФОТА: CHARTER97.ORG
ФОТА: CHARTER97.ORG

Вечарам у Беларускім доме ў Варшаве пройдзе канцэрт Касі Камоцкай.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках