5 траўня 2024, Нядзеля, 5:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Часовы павераны ЗША ў Беларусі сустрэўся з незалежнымі журналістамі

Часовы павераны ЗША ў Беларусі сустрэўся з незалежнымі журналістамі
РОБЕРТ РАЙЛІ (ЗЛЕВА)

Дыпламат падкрэсліў, што будзе цвёрда даводзіць да беларускіх уладаў неабходнасць выконваць правы журналістаў.

У офісе ГА «БАЖ» адбылася сустрэча журналістаў недзяржаўных СМІ і кіраўніка арганізацыі Андрэя Бастунца з Часовым павераным ЗША ў Беларусі Робертам Райлі. Дыпламат падкрэсліў, што будзе цвёрда даводзіць да беларускіх уладаў неабходнасць выконваць правы журналістаў, паведамляе сайт baj.by.

Райлі сказаў, што сачыў за развіццём падзей у суботу, 25 сакавіка. Калі пачаліся масавыя затрыманні журналістаў, ён звярнуўся ў Міністэрства замежных спраў Беларусі з гэтай нагоды. Са слоў дыпламата, іншыя амбасады таксама звярталіся з гэтай нагоды ў МЗС.

Часовы павераны ЗША у Беларусі Роберт Райлі сказаў, што мае намер і ў далейшым у размовах з беларускім урадам агучваць пазіцыю: правы журналістаў не могуць парушацца.

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч адзначыў, што ў Беларусі адбываецца пашырэнне інтэрнэту як СМІ. Усе незалежныя СМІ актыўна асвятлялі гэтыя акцыі пратэсту, некалькі медыяў вялі анлайн-рэпартажы з падзей.

Карбалевіч адзначыў, што ў некаторых гарадах падчас акцый наогул не было арганізатараў, і менавіта журналісты з мікрафонам і камерай сталі цэнтрам падзей. Гэта мела вялікі рэзананс. Таму ўлады імкнуцца нейтралізаваць журналістаў, якія могуць мець такі палітычны эфект.

Кіраўнік інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай мяркуе, што галоўная мэта ўладаў — збіць пратэстную хвалю, запалохаць саміх журналістаў, рэдакцыі, і ў той жа час не даць грамадству інфармацыю аб падзеях, якія адбываюцца ў краіне.

Найбольшы цяжар адказнасці лёг на СМІ, якія не маюць акрэдытацыі ў Беларусі. Перш за ўсё гаворка пра тэлеканал «Белсат». Але, на жаль, улады не спыняліся і перад брутальнымі затрыманнямі журналістаў, якія тут афіцыйна працуюць і былі пазначаныя як журналісты. Калі нашы калегі крычалі: «Я - журналіст!», гэта ніяк не спыняла дзеянні супрацоўнікаў АМАП. Больш таго, фразу «я - журналіст!» суддзя Таццяна Матыль палічыла нецэнзурнай лаянкай і адправіла аператара «Белсату» Аляксандра Баразенку за краты на 15 дзён!

Цікавы і той факт, што калі пачаліся затрыманні журналістаў у Менску, знікла сувязь 3G і 4G, што перапыніла жывыя трансляцыі. Як распавёў падчас сустрэчы прадстаўнік тэлеканала «Белсат» Аляксей Мінчонак, ад 12 сакавіка былі зафіксаваныя 32 выпадкі розных інцыдэнтаў з журналістамі. Гаворка пра выпадкі, а не персаналіі, бо часам пераследавалі здымачныя групы. Кіраўніцтва «Белсату» мяркуе, што ўзмацненне ціску звязанае з тым, што канал пачаў даваць анлайн-трансляцыі не толькі ў інтэрнэце, але і праз спадарожнік, а гэта пашырыла аўдыторыю.

Таксама стала вядома, што ў сярэдзіне сакавіка прадстаўнікі недзяржаўных СМІ мелі індывідуальныя гутаркі з кіраўніцай Міністэрства інфармацыі Ліліяй Ананіч. Як распавёў рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч, падчас размовы з Ліліяй Ананіч ён пытаўся пра журналістаў, якіх затрымліваюць, а праз некаторы час выпускаюць без пратаколаў. У Мінінфарме ж адказалі, што не бачаць у гэтым праблемы, бо няма нічога дрэннага ў тым, што міліцыя праверыць дакументы. Маўляў, гэта кампетэнцыя міліцыі, а не наша. Некаторыя дзяржаўныя СМІ атрымалі папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі. Два папярэджанні цягам года дазваляюць Мінінфарму абмежаваць доступ да СМІ, прычым гэта робіцца без пастановы суда.

Карэспандэнтка «Радыё Свабоды» Галіна Абакунчык адзначыла, што журналістаў падчас акцый затрымліваюць мэтанакіравана, больш таго — МЗС паабяцала пазбавіць яе акрэдытацыі на наступны год. Хоць спадарыня Абакунчык мела афіцыйную акрэдытацыю цягам 14 гадоў запар.

У канцы сустрэчы Часовы павераны ЗША ў Беларусі Роберт Райлі падзякаваў журналістам за тое, што яны распавялі падрабязнасці аб сітуацыі, якая склалася ва ўзаемастасунках паміж журналістамі і ўладамі. А таксама паабяцаў уважліва сачыць за сітуацыяй.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках