5 траўня 2024, Нядзеля, 9:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Афіцэр міліцыі, падпалкоўнік запасу Казлоў: «На Акрэсціна служаць садысты»

30
Афіцэр міліцыі, падпалкоўнік запасу Казлоў: «На Акрэсціна служаць садысты»
МІКАЛАЙ КАЗЛОЎ
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Пасля чатырох дзён адміністрацыйнага арышту ў менскай турме выйшаў на волю Мікалай Казлоў.

Намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі, падпалкоўнік міліцыі ў запасе Мікалай Казлоў быў затрыманы напярэдадні Дня Волі пяццю супрацоўнікамі АМАП у двары свайго дома, бо ён нібыта «гучна лаяўся і не звяртаў увагі на папярэджанні з боку міліцыі», паведамляе «Свабода».

Як паставіліся да былога калегі ў міліцэйскай службе ў пастарунку і ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна?

Падпільнавалі ў двары 5 супрацоўнікаў АМАП

«Усё здарылася наўпрост у двары, пасярод белага дня. Фармулёўка нават падабаецца: маўляў, выйшаў з пад'езда і адразу ж пачаў гучна, груба і нецэнзурна выказвацца ў адрас дзейнай улады. На неаднаразовыя заўвагі пяці супрацоўнікаў АМАП не рэагаваў - так і напісана. Натуральна, ніводнага грамадзянскага сведкі; суд нічога не прыняў пад увагу, хоць істотна адрозніваліся паказанні нават гэтых «сведак». Я разумею, што супрацоўнікам АМАП аб чымсьці складана дамовіцца, бо, пакуль даходзяць да суда, іх думкі кудысьці знікаюць. Так што ўсё стандартна: нецэнзурная лаянка, непадпарадкаванне, нары. Цяжка знайсці логіку, чаму далі 4 дні, не больш. Відавочна, галоўным было, каб я не патрапіў на акцыю, - і яны свайго дамагліся. Хоць у маім разуменні, суддзя, які бярэ справы да разгляду і выносіць абсурдныя прысуды, - член усё той жа уладнай банды. Я, дарэчы, услых заявіў пра гэта на судзе».

Мікалай Казлоў кажа, што сёння ж пачынае апратэстоўваць несправядлівы прысуд - перш за ўсё для таго, каб «слугі сістэмы» не падумалі, што іх узгодненыя пастановы народ праглыне моўчкі.

«Большасць персаналу на Акрэсціна - садысты»

ЦЭНТР ІЗАЛЯЦЫІ ПРАВАПАРУШАЛЬНІКАЎ НА АКРЭСЦІНА

Пра ўмовы ў сумна вядомай турме на Акрэсціна ў Мікалая Казлова выключна негатыўныя ацэнкі:

«На Акрэсціна стаўленне не толькі да мяне, да ўсіх прыкладна аднолькавае - свінскае. Я там адбываў 5 дзён у 2011 годзе, то ў параўнанні з сённяшнім днём ніякага параўнання - да зняволеных ставяцца па-свінску. Суцэльнае хамства, спробы абразіць, зняважыць. На ўсе мае заўвагі - нуль рэакцыі, у знак пратэсту давялося адмовіцца ад ежы. Былі спробы стварыць катавальныя ўмовы: праз тое, што я пісаў звароты кіраўніцтву ўстановы, каб яны выконвалі свае абавязкі, на суткі з усёй камеры забралі матрацы. Уласна кажучы, людзі не спалі, бо ляжаць на нарах немагчыма ў прынцыпе. Наконт усяго гэтага, безумоўна, буду звяртацца ў пракуратуру, пісаць скаргі. Яшчэ раз паўтару: там садысты, прычым, што моцна здзівіла, іх асноўная маса. Зрэдку трапляюцца нармальныя людзі, але ў асноўным усё жудасна».

«Пішу зварот генеральнаму пракурору»

Паколькі дамагчыся забеспячэння элементарных умоў непасрэдна на месцы нерэальна, Мікалай Казлоў будзе звяртацца ў вышэйшыя інстанцыі і патрабаваць маштабнай рэвізіі гэтай турмы:

«Там не церпяць ніякіх пытанняў, не церпяць ніякіх патрабаванняў. Хоць пералік іх службовых абавязкаў вывешаны наўпрост на сцяне ў кожнай камеры. Нічога гэтага яны не выконваюць, спасылаючыся на нейкія смешныя прычыны: дрэннае надвор'е, калі тычыцца шпацыру; няма часу, калі тычыцца мыцця. Усе гэтыя моманты я сабе запісаў, пазначыў і напішу ў звароце да генеральнага пракурора, хай пачытае. Акрамя таго, буду звяртацца ў ГУУС Менгарвыканкама, каб праверылі сваіх супрацоўнікаў на адпаведнасць пасадзе. Бо гэта як раз той выпадак, калі іх павінен праверыць псіхіятр, бо як я ўжо казаў, там відавочныя схільнасці да садызму».

«Лукашэнка абапіраецца на рэпрэсіўны апарат: гэта ўжо не ўлада, гэта банда»

ДЗЕНЬ ВОЛІ 25 САКАВІКА Ў МЕНСКУ

Сам Мікалай Казлоў перакананы, што асноўнай прычынай ягонага арышту стала кампанія масавых прэвентыўных затрыманняў перад Днём Волі. Цяпер постфактум ён пераглядае відэакадры жорсткіх затрыманняў, асабліва ўражаны «парадам» спецтэхнікі для сілавога разгону дэманстрацый:

«Мы ўсе выдатна разумеем, што на сёння асноўная апора Лукашэнкі - не квітнеючая эканоміка, а рэпрэсіўны апарат. Таму грошы трацяцца не на стварэнне працоўных месцаў, а на ўмацаванне сілавога блока. І вось гэтая грозная тэхніка, трэба разумець, накіраваная выключна супраць мірных грамадзян. Як на мой погляд, гэта падобна на тое...ды нават не падобна, а магу канстатаваць: гэта ўжо не ўлада, гэта банда. Бо кіраўніцтва, якое так бароніць права заставацца ля ўладнага карыта і пры гэтым амаральна ставіцца да ўласных грамадзянаў, апрыёры злачыннае. Гэта ўжо відавочна. І сваім парадам яны дэманструюць перш за ўсё тое, што і ў далейшым маюць намер захоўваць тэндэнцыю на прыніжэнне, на бяспраўнае існаванне народа».

«Лукашэнку няма чым хваліцца, акрамя АМАП»

Мікалай Казлоў здзіўлены колькасцю байцоў, мабілізаваных для разгону дэманстрацый і іх экіпіроўкай:

«МУС у нас раздутае да неімаверных памераў. Зрэшты, яно і зразумела - гэта адзіная надзея Лукашэнкі, іншых тылоў не засталося. І мне здаецца, што ільвіная доля тых штрафаў, пабораў, скокі коштаў, усё новых і новых спробаў абчысціць кішэні людзей як раз ідзе на ўтрыманне гэтага войска, рэпрэсіўнага апарата, АМАП. Ніхто, уласна, так і не зняпраўдзіў заяву ААН аб тым, што ў Беларусі самая вялікая колькасць супрацоўнікаў міліцыі на душу насельніцтва - 140 тысяч «штыкоў». Гэта вялікая колькасць для невялікай краіны. У мяне была магчымасць пагаварыць з супрацоўнікамі АМАП, то я вам скажу: менскі гарнізон АМАП скарачэнні, аб якіх так шмат казаў Лукашэнка, ніяк не закранулі. Ён іх трымае як раз для такіх падзей. Ён дыктатар, і гэта ягоная асноўная апора. На зайздрасць іншым «калегам», у Лукашэнкі добра выдрэсіраваны АМАП, а больш пахваліцца няма чым».

ДЗЕНЬ ВОЛІ 25 САКАВІКА Ў МЕНСКУ
Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках