11 траўня 2024, Субота, 5:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Студэнт пасля Дня Волі: Больш мяне нішто не спыніць

17
Студэнт пасля Дня Волі: Больш мяне нішто не спыніць
КРЫСЦІЯН ШЫНКЕВІЧ
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Пасля 25 сакавіка беларусы яшчэ больш гатовыя змагацца.

На мінулым тыдні Крысціян Шынкевіч быў звычайным студэнтам БДПУ імя Максіма Танка. Вучыўся на выкладчыка хіміі і біялогіі, а 28 сакавіка яго адлічылі. Як запіс пра туалеты ва ўніверсітэце паўплываў на ягоны лёс і чаму ён рады зняволенню на Акрэсціна, хлопец распавёў «Свабодзе».

Самае цяжкае на Акрэсціна — няма інтэрнэту

Інтэрв’ю з 20-гадовым Крысціянам даводзілася адкладаць тройчы. Спачатку яго тэрмінова выклікалі ў дэканат для чарговага папярэджання. У Дзень Волі яго затрымаў АМАП на офісе праваабарончага цэнтру «Вясна». Нарэшце, у нядзелю яго затрымалі супрацоўнікі КДБ у пераходзе на Кастрычніцкай плошчы. Суткі ён правёў на Акрэсціна, і толькі ў панядзелак па абедзе вызваліўся.

«Кампанія на Акрэсціна была вельмі добрай, — кажа Крысціян. — Можна было сядзець і 15 сутак. Самае цяжкае — няма інтэрнэту. Каб быў інтэрнэт, ежа і папера ў прыбіральні, было б усё добра».

Праз дзве гадзіны пасля інтэрв’ю з Крысціянам яму патэлефанавалі з дэканату ды паведамілі пра адлічэнне. За «парушэнне абавязкаў навучэнца».

Да свайго адлічэння Крысціян рыхтаваўся ўжо з мінулага тыдня. Яго двойчы выклікалі ў дэканат і патрабавалі напісаць тлумачальную запіску аб прагулах — 6 гадзін за семестр. А ў апошняй размове яму вельмі ясна патлумачылі: варта спыніць усю грамадскую дзейнасць і закрыць твітэр-акаўнт.

«Амаль прамым тэкстам казалі: калі я не спынюся, то мяне адлічаць, — казаў Крысціян падчас інтэрв’ю. — Даю 99,9 адсотка, што мяне адлічаць».

«Твітэрам» хутка зацікавілася адміністрацыя

Да другога курсу Крысціян не прыцягваў увагі адміністрацыі ўніверсітэту. 15 снежня 2016 году ён пракаментаваў у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» прызначэнне новага міністра адукацыі. Тады ім стаў кіраўнік Камуністычнай партыі Беларусі Ігар Карпенка.

«Пасля каментароў мяне выклікалі ў дэканат, — кажа Крысціян. — Казалі, каб я гэта прыпыніў».

Потым ён удзельнічаў у абароне Курапатаў. Правёў 12 дзён на будоўлі каля масавых пахаванняў, начаваў там некалькі разоў. Увесь гэты час Крысціян пісаў пра падзеі ў намётавым лагеры ў сваім «твітэры».

У пачатку сакавіка ён атрымаў першую вымову ад дэканату — за 3-дзённую паездку за мяжу. Студэнт мае права на тры дні адʼезду цягам семестру, але толькі з дазволу адміністрацыі.

Твітэр-акаўнт, дзе Крысціян крытыкуе вышэйшую адукацыю, удзел у Акадэміі студэнцкага лідарства і празмерная для студэнта публічнасць сталі нагодай для размовы ў дэканаце. Афіцыйная прэтэнзія да Шынкевіча — пропускі заняткаў. Але пасля першай тлумачальнай у пачатку мінулага тыдня яго ізноў запрасілі ў чацвер, 23 сакавіка.

«Шмат у каго было больш пропускаў, але толькі мяне паўторна выклікалі, — кажа Крысціян. — Казалі, што будзе цяжка. Часта згадвалі пра мой «Твітэр». Некалькі разоў прыгадалі пра маю грамадскую актыўнасць».

Як пазней распавялі Крысціяну, ягоны «Твітэр» уважліва чыталі ў адміністрацыі. Нейкіх сенсацыйных рэчаў там не было. Напрыклад, фота з прыбіральні, дзе няма паперы, магло быць зроблена з любога ўніверсітэту.

Суткі і штрафы людзей не пужаюць

За мінулыя выходныя Крысціяна Шынкевіча затрымлівалі двойчы. 25 сакавіка — на офісе праваабарончага цэнтру «Вясна», дзе ён мусіў працаваць у штабе і адсочваць затрыманых на Дні Волі. 26 сакавіка яго затрымалі ў цэнтры Менску. Праз паўгадзіны пасля акцыі салідарнасці са зняволенымі ён праходзіў побач з Кастрычніцкай плошчай. Без тлумачэнняў яго затрымалі ў падземным пераходзе. Да суду ў панядзелак ён суткі правёў у ізалятары часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна.

Крысціян трапіў у камеру разам з Паўлам Белавусам, дырэктарам «Арт-сядзібы» і інтэрнэт-крамы symbal.by, і Раманам Пратасевічам, які вёў жывую трансляцыю з аўтазаку.

«Суткі і штрафы людзей не пужаюць. Наадварот, яны пасля гэтага больш змагаюцца».

Гэта былі першыя ў жыцці Крысціяна «суткі». І хоць на яго крычалі ды запалохвалі міліцыянты, а ў камеры было душна, ён разглядае праведзены ў ізалятары час як новы досвед.

«Самы лепшы досвед — уласны. Цяпер я ведаю, як працуе ў нас міліцыя, — кажа Крысціян. — Раней чытаў, што збіваюць людзей, ставяцца груба. Калі на сваёй скуры адчуеш, гэта зусім іншае».

У ізалятары ён сустрэў людзей, якіх выпадкова затрымала міліцыя падчас Дня Волі і акцыі салідарнасці. Трапіўшы за краты, яны змяняюць свой светапогляд. Напрыклад, затрыманы кіроўца ня змог выйсці на працу на наступны дзень, і яго звольнілі. Чалавек, які раней ня ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, цяпер абяцае хадзіць на мітынгі.

«Міліцыя гадуе новых грамадскіх актывістаў, — кажа Крысціян. — Нейтральныя людзі пасля Акрэсціна становяцца іншымі».

Больш мяне нішто не спыніць

Праз дзве гадзіны пасля інтэрв’ю Крысціяну патэлефанавалі з дэканату ды паведамілі, што яго адлічваюць з універсітэту. Пасля таго, што з ім здарылася за апошнія дні, іншага хлопец і не чакаў. А на салідарнасць аднагрупнікаў ён не разлічвае.

«Яны настроеныя супраць маёй дзейнасці. У мяне часам пытаюць, колькі грошай мне плацяць ЗША ці Еўразвяз? Ніякіх грошай я не атрымліваю».

Крысціяна не турбуюць такія паводзіны ягоных аднакурснікаў. Ён кажа, што ва ўсім свеце студэнцтва ў сваёй большасці пасіўнае. Толькі актыўныя адзінкі звычайна могуць прывесці да пераменаў.

«Перад мітынгам арыштоўвалі ў асноўным актывістаў, — тлумачыць Крысціян. — Таму што яны падымаюць іншых студэнтаў. І гэты адзін адсотак мае самую вялікую каштоўнасць».

Пераслед адміністрацыі Шынкевіча не палохае. Максімум, што мог зрабіць дэканат — адлічыць яго.

«У жыцці я шмат чаго перажыў. Гэта мяне больш забаўляе, чым пужае. Больш мяне нішто не спыніць. Толькі куля ў лоб».

Нават пасля адлічэння хлопец застанецца ў студэнцкім руху. Ён уваходзіць у Задзіночанне беларускіх студэнтаў, спрабуе дамагчыся студэнцкага самакіравання, каб беларускія ўніверсітэты адпавядалі Балонскаму працэсу.

«Я не згодны гэта цярпець. У мяне ёсць падтрымка іншых».

Неадназначную падтрымку ён мае ад сваіх бацькоў. Яны хоць і падзяляюць погляды сына, але не хочуць, каб гэтымі рэчамі займаўся Крысціян.

«Мне бацькі кажуць, я ў дзеда пайшоў. Яму не падабалася, калі парушалі ягоныя правы. Калі мае правы парушаюць, я не маўчу. Я з гэтым змагаюся».

У рэктараце БДПУ імя Танка сцвярджаюць, што Шынкевіч адлічаны за «сістэматычнае невыкананне абавязкаў навучэнца».

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках