24 красавiка 2024, Серада, 19:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Затрыманыя ў Менску праваабаронцы: Уварванне ў офіс «Вясны» было брутальным

9
Затрыманыя ў Менску праваабаронцы: Уварванне ў офіс «Вясны» было брутальным

Сярод затрыманых былі міжнародныя назіральнікі, прадстаўнікі замежных СМІ і праваабарончых арганізацый.

25 сакавіка а 12 гадзіне ў офіс, дзе працуе грамадская прыёмная ПЦ «Вясна» (пр. Незалежнасці, 78а-48), пачаўся інструктаж назіральнікаў, якія збіраліся праводзіць маніторынг акцыі з нагоды Дня Волі, на што маюць адпаведную акрэдытацыю БХК. Папрысутнічаць на інструктажы таксама прыйшлі замежныя праваабаронцы і журналісты.

Пад 13 гадзін у офіс брутальна ўварваліся амапаўцы. Людзей паклалі тварам у падлогу, загадалі ўсім ляжаць. Затрыманыя знаходзіліся ў двух розных пакоях, паведамляе ПЦ «Вясна».

Насупраць пад'езда дома чакаў белы аўтобус з вялікай колькасцю міліцыі. Двор, па перыметры быў ачэплены.

Затрымана 57 чалавек, у тым ліку міжнародныя назіральнікі, прадстаўнікі замежных СМІ і праваабарончых арганізацый, як Марыя Шышчанкова з Frontline Defenders, а таксама старшыня БХК Алег Гулак, юрыстка «Вясны» Наста Лойка.

Сярод затрыманых грамадзянін Расеі Мікалай Крэцьена, назіральнікі «Вясны» і БХК Уладзімір Адрыенка, Ірына Смяян-Семянюк і Сяргей Семянюк, Валдзіс Фугаш, Алена Пішч, Анастасія Васільчук, Кірыл Кажэнаў, Анісся Казлюк, Юлія Калодкіна, Аляксей Лойка, журналістка Ганна Бадзяка.

Старшыня ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі знік з сувязі.

Відэаздымку затрымання вёў чалавек без апазнавальных знакаў, магчыма супрацоўнік міліцыі. Таксама пры затрыманні прысутнічалі супрацоўнікі Следчага камітэта.

Затрыманых даставілі ў Першамайскі РУУС Менска. Усіх завялі ў спартыўную залу. Як сказаў журналістам супрацоўнік, які кіраваў затрыманнем і пры гэтым не прадставіўся, іх абвінавачваюць ў «бандытызме і хуліганстве».

Прыкладна а 14:30 Алесь Бяляцкі выйшаў на сувязь. Як высветлілася, пасля зачысткі офіса яго пакінулі там для афармлення пратаколаў. Таксама ён паведаміў, што ні ператрус, ні агляд памяшкання не праводзіўся, аднак уварванне ў офіс было брутальнае.

Пад 15 гадзін затрыманых пачалі адпускаць з РУУС.

Юрыстка «Вясны» Наста Лойка паведаміла, што адпушчаныя абсалютна ўсе затрыманыя.

«Пасля таго, як нас завялі ў спартыўную залу РУУС, усіх па чарзе пачалі надглядаць. Пасля пачалі прыходзіць супрацоўнікі міліцыі са спісамі - зачытвалі імёны па групах і выпускалі, так выпусцілі тры групы, а потым ужо - усіх астатніх разам», - удакладніла яна.

Адзін з затрыманых, Аляксей Лойка, быў дастаўлены з РУУС у шпіталь, бо быў збіты амонаўцамі падчас набегу на офіс.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках