Дураў дазволіў аплачваць VPN у аўтарытарных краінах любым спосабам праз Telegram
- 18.11.2026, 12:06
Заснавальнік мэсэнджара назваў абыход блакіровак «божай справай».
Telegram дазволіць ботам VPN-сэрвісаў у аўтарытарных краінах прымаць плацяжы не толькі ўнутранай валютай платформы — «зоркамі» (Stars), але і іншымі спосабамі, паведаміў заснавальнік мэсэнджара Павел Дураў. Ён патлумачыў сваё рашэнне тым, што сродкі абыходу блакіровак робяць «божую справу».
Да гэтага заснавальнік Telegram заявіў, што боты і міні-прыкладанні мэсэнджара змогуць прымаць аплату за лічбавыя тавары і паслугі толькі «зоркамі». Паводле яго слоў, такое патрабаванне звязана з правіламі Apple і Google, якія абавязваюць праводзіць плацяжы ўнутры прыкладанняў праз убудаваныя сістэмы пакупак. Пры гэтым карыстальнікі могуць набываць Stars за крыптавалюту Gram на платформе Fragment, дадаў Дураў. Паводле абноўленых правілаў Telegram, калі распрацоўшчыкі будуць выкарыстоўваць іншыя валюты або староннія плацежныя сэрвісы на платформе, мэсэнджар можа перастаць паказваць іх ботаў або міні-прыкладанні мабільным карыстальнікам.
Унутраная валюта Stars з’явілася ў Telegram у чэрвені 2024 года. Карыстальнікі могуць выкарыстоўваць яе для аплаты лічбавых тавараў, паслуг, платнага кантэнту і падпісак. Пры гэтым Apple і Google спаганяюць камісію ў 30% пры куплі Stars, аднак набыць валюту без дадатковай камісіі можна праз афіцыйнага бота Telegram, вэб-версію або настольнага кліента мэсэнджара.
Расійскія ўлады ўзмацнілі блакіроўкі інтэрнэту і VPN пасля пачатку вайны ва Украіне. Каб дасягнуць 95-працэнтнай эфектыўнасці, Мінлічразвіцця прапанавала пачаць змагацца са сродкамі абыходу блакіровак з дапамогай штучнага інтэлекту (ШІ). Раскамнагляд ужо выдаткаваў 2,27 млрд руб. на стварэнне і ўкараненне механізмаў фільтрацыі інтэрнэт-трафіку з выкарыстаннем нейрасетак.