Rzeczpospolita: Польшча сарвала новую «глівіцкую правакацыю»
1- 18.11.2026, 11:18
- 2,578
Расія рыхтавала дыверсію паблізу мяжы з Калінінградскай вобласцю.
Расійскія спецслужбы рыхтавалі на польскай тэрыторыі паблізу мяжы з Калінінградскай вобласцю дыверсію, адказнасць за якую збіраліся ўскласці на Украіну. Аперацыю планавалі на канец кастрычніка або пачатак лістапада. Пра гэта піша газета Rzeczpospolita.
Паводле выдання, інфармацыю яму перадалі высокапастаўленыя чыноўнікі з сілавых структур, якія ведаюць пра ход прэвентыўнай аперацыі, што трывала апошнія дзве тыдні.
Адкуль прыйшло папярэджанне
Пра падрыхтаваную правакацыю Польшчу папярэдзілі спецслужбы краін-партнёраў. Такія ж высновы рабілі і аналітыкі польскай выведкі.
«Мы ведалі, якія менавіта аб’екты павінны былі стаць мэтаю нападу. Расіяне разлічвалі на мноства ахвяр», — распавёў адзін з суразмоўцаў газеты.
Паводле слоў іншага суразмоўцы, сцэнар павінен быў паўтарыць так званую глівіцкую правакацыю — аперацыю пад чужым сцягам, якую Германія правяла 31 жніўня 1939 года. Тых, хто перасек бы мяжу, найімаверней, застрэлілі б або знайшлі б пры іх «доказы» украінскага паходжання. Мэта — прымусіць Захад адмовіцца ад дапамогі Украіне.
Як дзейнічала Польшча
Польскія службы пачалі дзейнічаць, калі па той бок мяжы заўважылі афіцэраў, якія каардынуюць падобныя дыверсіі. Такімі аперацыямі займаюцца супрацоўнікі расійскай ваеннай выведкі, што працуюць за мяжой.
Напрыканцы кастрычніка памежныя падраздзяленні паліцыі ўзмацнілі супрацоўнікамі з іншых рэгіёнаў краіны, узмацнілі Памежную службу і накіравалі ў раён дадатковых афіцэраў Агенцтва ўнутранай бяспекі. У Вармінска-Мазурскім ваяводстве прайшлі вучэнні сіл спецыяльнага прызначэння, а Сілы тэрытарыяльнай абароны правялі манеўры ў рэгіёне.
«Мы хацелі не толькі стрымліваць праціўніка, але і мець магчымасць дзейнічаць на апярэджанне», — патлумачыў адзін з дасведчаных суразмоўцаў.
Што кажуць у ўрадзе
Журналісты спыталі міністра-каардынатара спецслужбаў Тамаша Сямоняка, ці сапраўды расіяне планавалі тэракт у месцы масавага скупчэння людзей.
«Я не магу на гэта адказаць: такое пытанне трэба задаваць расіянам. А яны, як правіла, пра падобныя планы не распавядаюць. Нават калі ў нас ёсць такія звесткі, мы імі не дзелімся», — сказаў ён.
Пры гэтым міністр падкрэсліў: калі меры былі прынятыя, значыць, пагрозу палічылі рэальнай. На яго думку, усе прадпрынятыя крокі аказаліся адэкватнымі, паколькі наяўныя даныя ўказвалі на сур’ёзную небяспеку.
Нагадаем, у пачатку лістапада ў Галоўным упраўленні паліцыі Польшчы стварылі штаб спецыяльнай аперацыі для Вармінска-Мазурскага ваяводства і Падляшша: сілавікі рыхтаваліся да магчымых дыверсій на мяжы з Калінінградскай вобласцю. А 3 лістапада прэм’ер-міністр Дональд Туск паведаміў, што ўначы на расійска-польскай мяжы заўважылі «падазроную актыўнасць».