8 траўня 2024, Серада, 23:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У менскіх офісах «Белсату» прайшлі ператрусы

55
У менскіх офісах «Белсату» прайшлі ператрусы

Міліцыя вынесла ўсю тэхніку з офісаў незалежнага тэлеканала.

У менскіх офісах незалежнай тэлевізіі «Белсат» сёння прайшлі ператрусы.

Фармальная прычына ператрусаў - «незаконнае выкарыстанне таварнага знака». Заведзеная адміністрацыйная справа аб факце выкарыстання таварнага знаку «Белсат» на тэрыторыі Беларусі.

Фото: «Еврорадио»

13:35 У інтэрвію «Свабодзе» дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская паведаміла:

«Гэта спланаваная атака на «Белсат». Я так разумею, што гэта своеасаблівы падарунак на наша 10-годдзе».

13:20 Да Аляксандра едзе праваабаронца Алена Красоўская-Каспяровіч.

12:58 У РАУС Першамайскага раёна Менска паведамілі, што Любенчука ў іх няма.

12:25 Аператара «Белсату» Аляксандра Любенчука затрымалі і вязуць у Першамайскі РАУС.

Фото: «Радыё Свабода»
Фото: «Белсат»

12:22 Выносяць тэхніку з офіса на вуліцы Кастрычніцкай. Забіраюць кампутары, маніторы.

«Відавочна, што яны хочуць ускладніць працу журналістам», каментуе Аляксей Мінчонак, афіцыйны прадстаўнік тэлеканала.

Фото: Борис Горецкий
Фото: «Белсат»

12:15 Да пад'езда прыехаў аўтамабіль без нумароў. Відавочна, па тэхніку.

11:55 Журналісты розных выданняў, прадстаўнікі БАЖ сабраліся каля офіса «Белсату» на вуліцы Кастрычніцкай. Невядома, што адбываецца ў памяшканні. Каля пад'езда знаходзяцца супрацоўнікі міліцыі, кажуць, што праводзіцца следчы эксперымент.

«Пакуль што мы бачым кропкавыя рэпрэсіі ў дачыненні да «Белсату». Я думаю, што гэта праз онлайн-трансляцый, якія «Белсат» паспяхова робіць і дазваляе бачыць усё ў жывым эфіры», — кажа Барыс Гарэцкі, прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Сёння раніцай журналістка «Белсату» прыкладна а 9:15 прыйшла да офіса на вул. Кастрычніцкай. Там ля ўваходу стаяў міліцыянт, але ён быў адзін і больш ніякіх падазроных машын або людзей не было. Міліцыянт спытаў, да каго ідзе дзяўчына, яна назвала нумар кватэры і сказала, што ў яе там прызначаная сустрэча. На што супрацоўнік міліцыі адказаў, што ў 41-й кватэры адбываюцца следчыя дзеянні і ён нікога не прапускае.

У офісе, калі туды ўварваліся міліцыянты, знаходзіўся журналіст Аляксандр Любянчук. Цяпер ён не адказвае на тэлефон, але тэлефон не адключаны.

У офісе «Белсату» ля Акадэміі навук таксама прайшоў ператрус.

10:50 Журналіст Алесь Залеўскі ўвайшоў у офіс «Белсату». Сілавікі вынеслі ўсю тэхніку і нават банэр з надпісам «Белсат». Тэхніку пагрузілі ў белы мікрааўтобус. Таксама відаць, што міліцыянты праглядалі працоўныя паперы журналістаў.

10:43 Стала вядомая фармальная прычына ператрусаў. Менская міліцыя заяўляе, што праваахоўнікі праводзяць праверку аб факце «незаконнага выкарыстання таварнага знака».

«У выніку зладжаных праверачных мерапрыемстваў работнікі міліцыі ўстанавілі кола асоб, якія выкарыстоўваюць указаны таварны знак, парушаючы арт.9.21 Каап. Для правядзення неабходных працэсуальных дзеянняў па месцы іх знаходжання ажыццявілі адабранне аўдыё - і відэатэхнікі, кампутарнага абсталявання», - паведамляе прэс-служба менскай міліцыі.

У верасні 2014 года Вярхоўны суд задаволіў пазоў Андрэя Белякова і забараніў тэлеканалу выкарыстоўваць назву, гандлёвы знак «Белсат ТВ» пры трансляцыі на тэрыторыю Беларусі і на інтэрнэт-старонцы.

З пазовам супраць «Белсату» выступіў Андрэй Белякоў з фірмы «БЕЛСАТплюс». Ён патрабаваў забароны выкарыстання таварнага знаку «Белсат ТВ» нібыта праз тое, што людзі асацыююць таварны знак ягонага прадпрыемства з тэлеканалам «Белсат».

10:31 Кіраўнік аддзелу інфармацыйных праграм «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі звязвае ператрусы з актыўным асвятленнем у эфіры і на сайце тэлеканала акцый пратэсту супраць дэкрэта №3 і разгону Дня Волі.

«Гэта раззлавала ўладу, бо мы яшчэ маем такі рычаг і магчымасць вывесці «карцінку» на экран, а не толькі паказаць у інтэрнэце. Цяпер улады спрабуюць абмежаваць інфармацыю аб пратэстах. Першыя сімптомы гэтага мы бачылі яшчэ ў першай палове сакавіка, калі пачалі затрымліваць нашых журналістаў. «Белсат» гатовы да такіх дзеянняў. Навіны на нашым тэлеканале будуць выходзіць нягледзячы ні на што», - падкрэсліў Дзікавіцкі.

10:23 З офіса забралі тэхніку - паведамляе журналіст Алесь Залеўскі.

У праграмны офіс каля станцыі метро «Акадэмія навук» прыйшлі міліцыянты з загадам пракуратуры.

У іншым офісе, калі туды ўварваліся міліцыянты, знаходзіўся журналіст Аляксандр Любянчук. Цяпер ягоны тэлефон выключаны.

Журналістка «Белсату» спрабавала трапіць у офіс а 9:20. У гэты час ля ўваходу ўжо стаяў міліцыянт, які паведаміў, што на месцы адбываюцца «следчыя мерапрыемствы». У гэты момант у офісе маглі знаходзіцца прынамсі двое журналістаў. Невядома, ці дзверы адкрылі міліцыянтам, ці яны іх выбілі.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках