На станцыі метро «Парк Чалюскінцаў» закончыўся рамонт
- 8.05.2024, 21:26
- 4,544
Фотафакт.
Станцыя «Парк Чалюскінцаў» зноў ззяе – закончыўся рамонт.
«Працы вяліся глыбокай ноччу, калі метро зачыненае, закончаны рух цягнікоў, знятае напружанне з кантактнай рэйкі. Усё рабілася для таго, каб не ствараць ніякіх нязручнасцяў пасажырам», – расказалі ў Менскім метрапалітэне.
Што змянілася на станцыі? Па-першае, светлавое абсталяванне – яно цяпер зробленае з выкарыстаннем новых энэргазберагальных тэхналогій. Калі канкрэтна: адмыслоўцы змантавалі святлодыёдныя крыніцы святла, памянялі люстры на столі станцыі і абнавілі падсвятленне сектараў.
Па-другое, станцыю па-новаму пабялілі: выкарыстоўвалі экалагічную акрылавую фарбу.
Сёлета менскаму метро спаўняецца 40 гадоў.
Станцыя «Парк Чалюскінцаў» была ўведзеная ў эксплуатацыю ў 1984 годзе, у першай чарзе з васьмі станцый на сіняй галінцы сталічнай падземкі.
Галоўным яе ўпрыгожаннем сталі дэкаратыўныя свяцільні ў выглядзе сланечнікаў, выкананыя з падсветленага цёмна-жоўтага і карычневага адліванага шкла.
Для афармлення «Парку Чалюскінцаў» спатрэбілася 15 т крышталю і каляровага шкла.