У атачэнні Пуціна раскол: два буйныя кланы ўчынілі «вайну» за ўладу
9- 6.05.2026, 15:27
- 7,392
Паміж адміністрацыяй кіраўніка Расіі і сілавікамі ўзнік адкрыты канфлікт.
У Крамлі ў атачэнні Пуціна ўзнік глыбокі раскол, аналагічны таму, што ўзнік перад перавыбраннем Барыса Ельцына у 1996 годзе. Пра гэта піша The Washington Post са спасылкай на інфармаваную крыніцу ў расійскай уладзе. Супярэчнасці ўзмацніліся напярэдадні выбараў у Дзярждуму, запланаваных на верасень.
Кірыенка супраць ФСБ
Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Сяргей Кірыенка «і яго каманда» спрабуюць пераканаць Пуціна, што ён можа кантраляваць сітуацыю ў краіне з дапамогай палітычных тэхналогій. У той жа час найбольш уплывовая ў краіне Служба па абароне канстытуцыйнага ладу і барацьбе з тэрарызмам (2-я служба) ФСБ настойвае: стабілізаваць сітуацыю можна толькі жорсткімі метадамі і «закручваннем гаек».
Гэта розныя падыходы, розныя стаўкі і розныя каманды, што змагаюцца за ўвагу Пуціна.
Паўтарэнне расколу
Крыніца WP параўнаў сітуацыю з супрацьстаяннем 1996 года. Тады прыхільнікі жорсткай лініі хацелі захаваць уладу Ельцына, адмяніўшы або адклаўшы прэзідэнцкія выбары і ўвёўшы ваеннае становішча. Алігархі ж хацелі прафінансаваць яго выбарчую кампанію. Сёння стаўкі падобныя: або сцэнар кантраляваных выбараў, або эскалацыя рэпрэсій.
Хадаркоўскі пацвярджае
Экс-кіраўнік «ЮКАСа» Міхаіл Хадаркоўскі у гутарцы з WP пацвердзіў версію выдання. «Паміж адміністрацыяй прэзідэнта і другім упраўленнем ФСБ існуе абсалютна відавочны канфлікт. Гэтыя хлопцы атрымалі шмат паўнамоцтваў і пачалі вельмі моцна закручваць гайкі. Адміністрацыя прэзідэнта спрабуе неяк даць зразумець Пуціну, што сітуацыя можа выйсці з-пад кантролю», — сказаў ён.
The Washington Post называе некалькі публічных прыкмет канфлікту. У канцы красавіка начальнік упраўлення прэзідэнта па грамадскіх праектах Сяргей Новікаў на канферэнцыі па дэмаграфіі заявіў: «Грамадства стамілася ад забарончай рыторыкі, немагчыма яшчэ нешта забараняць».
У ФСБ прасоўваюць усё больш жорсткае абмежаванне інтэрнэту, забарону мэсенджараў і свабоднага доступу да заходніх сайтаў. Тыдзень таму ў публічным выступе Пуцін даў зразумець, што выступае за працяг «закручвання гаек».