28 красавiка 2024, Нядзеля, 20:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Пакупніцкая здольнасць беларусаў на нулі

9
Эканаміст: Пакупніцкая здольнасць беларусаў на нулі
ЛЕЎ МАРГОЛІН
ФОТА З САЙТА UCPB.ORG

Бізнэс у рэгіёнах знаходзіцца на апошнім дыханні.

У раённых цэнтрах толькі наданнем падатковых ільгот і вызваленнем ад праверак гэта не выправіць.

Пра гэта сайту belaruspartisan.org распавёў вядомы барысаўскі бізнэсовец і эканаміст Леў Марголін, каментуючы «рэвалюцыйны» праект указа аб удасканаленні работы прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання, распрацаванага МАРГ.

Нагадаем, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) падрыхтавала праект указа прэзідэнта, згодна з якім прадугледжваецца ўвядзення мараторыя на планавыя праверкі аж да 2021 года, а таксама значныя падатковыя льготы для прадпрыемстваў раздробнага гандлю і грамадскага харчавання на тэрыторыі невялікіх гарадскіх паселішчаў і ў сельскай мясцовасці.

Згодна з праектам суб'екты гаспадарання, якія валодаюць крамамі і павільёнамі з гандлёвай плошчай да 100 квадратных метраў, гандлёвымі месцамі на рынках, аб'ектамі грамадскага харчавання з колькасцю месцаў да 50, а таксама тыя, хто надае бытавыя паслугі, мае права не выплачваць ПДВ і падатак на прыбытак, а індывідуальныя прадпрымальнікі - падаходны падатак з фізічных асоб.

На думку Льва Марголіна, нічога рэвалюцыйнага ў гэтым праекце ўказа няма.

«Справа ў тым, што гандаль і грамадскае харчаванне ў малых гарадах і сельскай мясцовасці - справа ўжо даўно і амаль безнадзейна стратная. Таму бізнэс з гэтых сфер у малых гарадах і вёсках даўно сышоў. Практычна адзіны, хто цяпер яшчэ цягне на сабе гэтую ношу - гэта Белкаапсаюз. Яго падраздзяленні таксама глыбока стратныя, але зусім ліквідаваць сістэму райпо і сельпо ўлады не наважваюцца, бо гэта выкліча незадаволенасць мясцовых жыхароў, асабліва пенсіянераў. Ва ўлады вось цяпер вельмі дрэнная сітуацыя з падтрымкай у народзе, таму яны вельмі баяцца страціць і гэты электарат. Таму ніякіх рэвалюцый тут няма - гэта проста вымушаны захад, закліканы захаваць хоць бы тое, што ёсць цяпер», - мяркуе эканаміст.

Аднак, становішча ў эканоміцы ўжо настолькі цяжкае, што ільготамі і мараторыем на праверкі сітуацыю ўжо не выправіш, мяркуе эканаміст.

«Я вельмі сумняваюся, што гэта ўсё дасць сур'ёзны станоўчы вынік. У раённых цэнтрах бізнэс знаходзіцца на апошнім дыханні і толькі толькі наданнем падатковых ільгот і вызваленнем ад праверак гэта не выправіць. Даходы ў насельніцтва (асабліва ў невялікіх гарадах) упалі настолькі, што нават нягледзячы на падатковыя і якія заўгодна іншыя льготы выйсці на прыбытковасць будзе вельмі і вельмі цяжка нават тым крамам, якія там ужо працуюць. А разлічваць, што бізнэс прыйдзе ў маленькія гарады і вёскі і адчыніць там новыя крамы, кавярні, гандлёвыя павільёны і зусім не выпадае», - мяркуе ён.

На думку экспэрта, сітуацыю можа выправіць толькі рэфармаванне ўсёй эканомікі.

«Ільготы, спакойнае жыццё без праверак - гэта вядома добра, але бізнэсу патрэбны прыбытак. А пакуль у людзей такія даходы, такія заробкі, ні пра якія прыбыткі ў рэгіёнах не можа быць і гаворкі. Таму, у першую чаргу трэба развязваць пытанне пакупніцкай здольнасці насельніцтва», - упэўнены Леў Марголін.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках