11 траўня 2024, Субота, 4:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэжыму хутка не будзе чым плаціць наймітам

47
Рэжыму хутка не будзе чым плаціць наймітам
Карыкатура: CARTOON.KULICHKI.COM

Галоўныя «донары» дзяржаўнага бюджэту рэзка збяднелі.

Паводле вынікаў 2016 года чысты прыбытак двух самых паспяховых прадпрыемстваў, якія знаходзяцца пад кантролем беларускай дзяржавы, - «Беларуськалія» і Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода паменшыўся ў 5,2 і 2,1 разы, піша «Заўтра тваёй краіны».

Згодна з гадавымі справаздачамі прадпрыемстваў, за мінулы год чысты прыбытак салігорскага аб'яднання скараціўся з 1,12 рублёў да 217,2 млн рублёў, а Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода - з 349,1 млн да 164,7 млн руб. У першым выпадку падзенне выклікана неспрыяльнай кан'юнктурай і падзеннем цэн на ўгнаенні, у другім - скарачэннем паставак нафты з Расеі.

Паводле вынікаў 2015 года «Беларуськалій» займаў першае месца па аб'ёме чыстага прыбытку, а Мазырскі НПЗ быў трэцім.

Паміж імі ў 2015 годзе знаходзіўся аператар магістральных трубаправодаў на тэрыторыі Беларусі «Газпрам трансгаз Беларусь», які належыць «Газпраму». Паводле вынікаў 2016 года «Газпрам трансгаз Беларусь» атрымаў чыстую страту сумаю 440,1 млн руб.

Даччынае прадпрыемства «Газпрама» апынулася ў цэнтры скандалу, выкліканага спробай уладаў Беларусі зменшыць цану расейскага газу з 132 да 73 даляраў за 1 тыс. куб. м. Канфлікт удалося ўрэгуляваць толькі на мінулым тыдні. Згодна з дасягнутымі дамоўленасцямі, у 2018 годзе газ будзе пастаўляцца па 129 даляраў за 1 тыс. куб. м., у 2019 - па 127 даляраў.

За мінулы год у дзясяткі разоў вырасла чыстая страта яшчэ аднаго значнага для нацыянальнай эканомікі прадпрыемства - «Гродна-Азота». Вытворца азотных угнаенняў быў стратны ў 2015 годзе (2 млн рублёў), а паводле вынікаў 2016 года страты выраслі да 143,4 млн. руб.

Добрую дынаміку паказаў Менскі завод колавых цягачоў, чысты прыбытак якога вырас амаль удвая: з 30,0 млн да 58,9 млн рублёў.

Палепшылася фінансавая сітуацыя холдынгу «БМЗ - кіруючая кампанія холдынгу «Беларуская металургічная кампанія». Ён выйшаў са страт, якія складалі паводле вынікаў 2015 года 262,6 млн рублёў, і атрымаў чысты прыбытак сумаю 39 тыс. рублёў.

У чатыры разы вырас прыбытак «БелАЗ-холдынгу» (з 1,9 млн рублёў да 8,0 млн рублёў) і ў 1,3 разы - «Нафтана» (з 4,9 млн да 6,6 млн рублёў). Аднак у аб'ёмах гэтыя дасягненні не могуць кампенсаваць памяншэнне плыні грашовых сродкаў у эканоміку і бюджэт Беларусі ад нафтаперапрацоўкі і «Беларуськалія».

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках