Прыбытак «Беларуськалія» ўпаў у пяць разоў
29- 18.04.2017, 10:20
- 20,994

Пагаршэнне паказчыкаў звязана ў першую чаргу са зніжэннем коштаў на калійныя ўгнаенні.
ААТ «Беларуськалій» паводле вынікаў 2016 года зафіксавала зніжэнне чыстага прыбытку больш, чым у пяць разоў.
Яна склала 217,2 млн. рублёў супраць 1,126 млрд. у 2015 годзе, піша belmarker.by.
Беларускі вытворца калійных угнаенняў паказаў таксама і падзенне даходу ад рэалізацыі на 21% да 2,888 млрд рублёў. Сабекошт рэалізаванай прадукцыі вырас за год на 20% да 868,4 млн. рублёў. Прыбытак ад рэалізацыі склаў 440,3 млн. рублёў.
Пагаршэнне паказчык ААТ «Беларуськалій» звязана ў першую чаргу са зніжэннем коштаў на калійныя ўгнаенні на сусветным рынку, якія вясной мінулага года дасягнулі мінімальнага ўзроўню. У папярэднія гады «Беларуськалій» стабільна ўваходзіў у лік найбольш прыбытковых ААТ краіны.
Паводле звестак Белстата, летась экспарт вырас на 2,8% у натуральным выражэнні да 5,7 млн. дзейнага рэчыва, аднак выручка ад яго скарацілася на 24,3% да 2,02 млрд даляраў. У студзені гэтага года айчынны экспарт угнаенняў дэманструе рост у натуральным выражэнні на 54,3% да 480,5 тыс. т, у вартасным — на 12,7% да 158,6 млн. даляраў. Аднак сярэдняя цана пастаўкі застаецца ніжэйшай, чым у пачатку 2016 года. Дзейнічаюць кантракты, заключаныя ў траўні-чэрвені на піку зніжэння коштаў.
Учора гендырэктар ААТ «Беларуськалій» Іван Галаваты заявіў, што аб'ёмы вытворчасці ў 2017-м захаваюцца на ўзроўні 10 млн. т, з якіх больш за 9 млн. т будуць экспартаваныя.