3 траўня 2024, Пятніца, 6:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

11 крычаўскіх міліцыянтаў узбунтаваліся супраць начальства

109
11 крычаўскіх міліцыянтаў узбунтаваліся супраць начальства
НАЧАЛЬНІК КРЫЧАЎСКАГА РАУС СТАНІСЛАЎ ЧУПРЫН

«Прынясі мне свой дыплом - я яго парву», - так звычайна праводзіў нарады начальнік Крычаўскага РАУС.

Тэлеканал «Белсат» паведамляе, што крычаўскіх міліцыянтаў кіраўніцтва прымушае выконваць «план у правапарушэннях» і вяртаць частку заробку — прэміі. Яшчэ ў лютым 11 супрацоўнікаў звярнуліся да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, у сваім лісце яны падрабязна апісваюць умовы працы і спадзяюцца, што хоць бы ў Менску разбяруцца ў гэтай няпростай сітуацыі.

Падпалкоўнік міліцыі Ігар Вусік праслужыў у міліцыі 21 год, і ганарыцца, што атрымаў дыплом «За бездакорную службу». Аднак міліцыянт прызнаецца, што служыць у Крычаўскім РАУС, дзе ён кіруе аддзелам аховы правапарадку і прафілактыкі, усё цяжэй. Падпалкоўнік сцвярджае, што цяперашні ягоны кіраўнік, Станіслаў Чупрын, перайшоў усе магчымыя межы: супрацоўнікам не даюць прэмій, а калі і прэміруюць, то грошы трэба вярнуць кіраўніцтву. Паборы, кажа Вусік, начальнік дзеліць са сваім намеснікам у ідэалагічнай рабоце Васілём Ціханенкам.

«У снежні 2016-га года нам выдалі прэміі, але мы гэта прэміраванне павінны былі вярнуць Ціханенку і іншым кіраўнікам», — расказвае ўчастковы Крычаўскага РАУС Андрэй Шашкоў.

Са словах міліцыянтаў, дзяжурныя не маглі сысці са службы, пакуль не выявяць правапарушэнні паводле артыкулу «Дробнае хуліганства» і «Распіццё алкагольных напояў у грамадскім месцы». На ўзмоцнены рэжым нясення службы за мінулы год работнікаў аддзела аховы парадку пераводзілі восем разоў, адзначае былы міліцыянт Юры Дзюбанаў.

«Абстаноўка ў райаддзеле была нармальная - людзі маглі працаваць у штатным рэжыме. А гэты [ўзмоцнены рэжым] — 10 дзён без выхадных і 12-гадзінны працоўны дзень», - кажа Дзюбанаў.

Акрамя таго, са слоў міліцыянтаў, начальства асабліва не падбірае слоў у зносінах з падначаленымі: «Гнілы вінаград, гнілая вінаградзіны, цвіль, прынясі мне свой дыплом - я яго парву».. «Мае словы могуць пацвердзіць іншыя супрацоўнікі — на нарадах, дзе б гэта ні было Чупрын кажа: «Прынясіце мне свае дыпломы — я іх парву», «Прынасіце мне свае заявы — у мяне чарга ў міліцыю стаіць», «гультаі», ну і нецэнзурныя выразы», — успамінае Ігар Вусік.

Разам з калегамі ён звяртаўся да кіраўніцтва, аднак Магілёўскае ўпраўленне ўласнай бяспекі парушэнняў не выявіла. Больш таго, пасля скаргі сам Вусік трапіў на прафілактычны ўлік. Міліцыянт упэўнены: у Чупрына ёсць сувязі ў абласной міліцыі.

Цяпер Ігар Вусік і ягоныя калегі спадзяюцца на расследаванне ў Менску. У звароце да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча яны пералічылі ўсё, з чым сутыкаліся пад кіраўніцтвам Чупрына: прыніжэнні і насмешкі, несправядлівыя пакаранні, неабгрунтаваныя пераводы на ўзмоцнены варыянт нясення службы і абавязковыя выяўлення правапарушэнняў. Падпісалі зварот 11 чалавек.

«Я б хацеў сказаць, што паўжыцця адпрацаваў міліцыянтам. Я галасаваў за Лукашэнку — за гэтую ўладу. Але гэтыя нядбайны прадстаўнікі — яны толькі падрываюць ягоны аўтарытэт. Наш зварот вымушаны», — прызнаецца Ігар Вусік.

Міліцыянт мяркуе, што ягонае кіраўніцтва паводзіць сябе так, таму што адчувае беспакаранасць.

Станіслаў Чупрын па тэлефоне паведаміў журналістам, што зварот ягоных падначаленых ужо разгледжаны. «Калі звярнуліся людзі да міністра са скаргай, значыць, разбіральніцтва праводзяць пэўныя кампетэнтныя органы, — кажа ён. — Дакладней, ужо разабраліся, ёсць вынікі пэўных праверак».

Станіслаў Чупрын нарадзіўся ў 1977 годзе ў Данецкай вобласці (Украіна). З 1994 года служыць у беларускай міліцыі. Акадэмію МУС скончыў у 1998 годзе. Пачынаў кар'еру оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку Крычаўскага РАУС. З 2003 да 2004 – начальнік аддзялення крымінальнага вышуку, у 2012 годзе быў прызначаны на пасаду першага намесніка начальніка Крычаўскага РАУС, у 2014 годзе ўзначаліў Крычаўскую міліцыю. Мае медаль «За бездакорную службу» 3-й ступені.

Крычаўскія міліцыянты, якія звярнуліся да Шуневіча, дамагаюцца звальнення Чупрына. Сайт «Магілеўскі рэгіен» паведамляе, што паводле вынікаў праверкі начальніку Крычаўскага РАУС аб'яўлена заўвага, аднаму з яго намеснікаў пагражае больш суровае пакаранне.

Гэта не першы скандал у беларускай міліцыі за апошні час. У лістападзе 2016 года п'яны начальнік Баранавіцкага ДАІ збіў насмерць жанчыну на пешаходным пераходзе. Перш, чым сесці за стырно, ён выпіў бутэльку гарэлкі. Суд прысудзіў яго да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Былы супрацоўнік Галоўнага ўпраўлення ў барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй абвешчаны ў вышук пасля таго, як вынес са службовага сейфа амаль 270 тысяч даляраў, якія былі канфіскаваныя ў падазраванага. Аператыўнік не толькі паспяхова пакінуў Беларусь, але загадзя атрымаў грамадзянства ў Румыніі, дзе цяпер і знаходзіцца.

А на днях стала вядома, што затрымалі начальніка Столінскай міліцыі, ён быў п'яны за стырном. Падпалкоўнік ехаў на Land Rover, машына зарэгістраваная на жонку. Са слоў намесніка міністра МУС, ён будзе звольнены і заплаціць штраф за парушэнне правілаў дарожнага руху (да 100 базавых велічынь).

Напісаць каментар 109

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках