28 красавiка 2024, Нядзеля, 14:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Асабістыя рэчы беларускіх герояў: што хавае экспазіцыя Карэліцкага музея

2
Асабістыя рэчы беларускіх герояў: што хавае экспазіцыя Карэліцкага музея

Краязнаўчы музей у Карэлічах быў адкрыты 29 чэрвеня 1974 года.

Гэтай падзеі папярэднічала доўгая праца. Матэрыялы пра гісторыю раёна збіраліся з 1970 года. Гэтую працу пачала Валянціна Клімаш, а праз год яе пераемнікам стаў Іван Шыбут. Менавіта ён і стаў стваральнікам першай экспазіцыі краязнаўчага музея і яго першым дырэктарам, піша tut.by.

Іван Аляксеевіч Шыбут нарадзіўся 1 красавіка 1925 года ў Карэлічах, вучыўся ў польскай, а потым у расейскай школе, скончыў Гарадзенскую культасветвучэльню, а затым Маскоўскі інстытут культуры.

Атрымаўшы прапанову ўзначаліць музей, Шыбут з энтузіязмам узяўся за працу. Ён аб'ездзіў многія вёскі і хутары, сустракаўся з былымі падпольшчыкамі, ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, жыхарамі раёна, ад якіх атрымліваў цікавую інфармацыю, фотаздымкі, дакументы і іншыя матэрыялы.

Акрамя гэтага, ён працаваў у архівах Менска, Гародні, Берасця, Баранавічаў, дзе знайшоў шмат новых фактаў пра гісторыю раёна. У выніку гэтай вялікай працы ў 1973 годзе пачалося стварэнне першай музейнай экспазіцыі. Шмат фотаздымкаў для музея Іван Аляксеевіч зрабіў сам.

Ужо з самага свайго адкрыцця музей стаў вельмі папулярным сярод мясцовых жыхароў. Былая супрацоўніца музея Крысціна Буйвалава распавядае, што ў першыя гады працы ахвотных трапіць у музей было вельмі шмат: кожны дзень у музеі праводзілася некалькі экскурсій.

Экспазіцыя пачынаецца з аповяду пра помнікі археалогіі Карэліцкага раёна. Сярод экспанатаў можна ўбачыць матэрыялы, знойдзеныя на дзвюх раскопках: стаянкі часоў неаліту каля вёскі Ярэмічы і гарадзішчы жалезнага веку каля вёскі Варонча. У гэтым жа раздзеле экспазіцыі можна даведацца пра гісторыю краю ў сярэднявеччы. У музеі ёсць археалагічныя знаходкі з раскопак у Міры і Мірскім замку, скарб медных манет XVIII стагоддзя, рукапісныя кнігі XVIII-XIX стагоддзяў, у якіх пазначаны земляробчыя каляндарныя абрады беларусаў.

Далей экспазіцыя распавядае пра побыт беларускіх сялян XIX-XX стагоддзяў. Там можна ўбачыць, як жылі беларусы сто гадоў таму.

У гэтай жа частцы музея знаходзяцца творы вядомых беларускіх мастакоў Карэліцкага раёну. Сярод іх, напрыклад, карціны Аляксея Будэйкі, Канстанціна Качана і Паўла Абадзінскага.

З Карэлічамі звязанае жыццё многіх вядомых выхадцаў з Беларусі: Яна Чачота, Ігната Дамейкі, Янкі Брыля, а таксама ўдзельнікаў Другой сусветнай вайны.

Музейныя работнікі з задавальненнем не толькі раскажуць пра жыццё гэтых вядомых людзей, але і пакажуць іх асабістыя рэчы. Напрыклад, у музеі экспануецца кабура, аўтаручка і партманэт Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Царука. Побач можна ўбачыць кнігі, лісты і паштоўкі, якія належалі вядомай пісьменніцы і перакладчыцы Вользе Іпатавай, падручнікі кандыдата філалагічных навук Уладзіміра Навумовіча.

Значны раздзел экспазіцыі музея прысвечаны падзеям, якія адбываліся на тэрыторыі раёна ў гады Другой сусветнай вайны. Наведвальнікі могуць убачыць дакументы часоў акупацыі, фотаздымкі загінулых жыхароў раёна, даведацца пра трагедыю спаленых вёсак на Карэліччыне.

Асобная вітрына прысвечана дзейнасці Мірскага камсамольска-маоладзевага падполля, якое ўзначальваў Іван Мацко. Шматлікія фотаздымкі і дакументы расказваюць аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны, пра дзейнасць партызанскіх атрадаў і брыгад на тэрыторыі раёна, пра вызваленне Карэліччыны ад захопнікаў.

Сёння ў фондах музея захоўваюцца больш за 9 тысяч экспанатаў, і гэты спіс увесь час папаўняецца.

Акрамя экскурсій па самому музею, штогод яго супрацоўнікі арганізоўваюць перасоўныя выставы, з якімі жыхары Карэлічаў могуць азнаёміцца на раённых святах, у школах, у арганізацыях і іншых установах. А для школьнікаў музейныя работнікі чытаюць лекцыі пра гісторыю роднага краю.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках