28 красавiка 2024, Нядзеля, 13:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Данія выйшла з Еўраполу

Данія выйшла з Еўраполу

Еўрапол - наддзяржаўныя структуры пад кіраўніцтвам еўрапейскіх органаў юстыцыі.

Данія ў панядзелак, 1 траўня, выйшла са складу Еўраполу - паліцэйскай арганізацыі Еўрапейскага Звязу. У той жа час Капенгаген уклаў з ЕЗ асаблівае пагадненне аб далейшым прававым супрацоўніцтве, у рамках якога будзе ісці абмен інфармацыяй і кадрамі паміж Еўраполам і дацкай паліцыяй, піша «Нямецкая хваля».

Як растлумачылі ў Еўракамісіі, у Даніі будзе спецыяльны статус, які дазволіць Капенгагену цесна супрацоўнічаць з паліцэйскай арганізацыяй Еўразвязу, не з'яўляючыся яе чальцом. Новая дамова паміж ЕЗ і Даніяй была падпісаная ў суботу, 29 красавіка.

Датчане наважылі не паглыбляць супрацоўніцтва з ЕЗ

Датчане выступілі за захаванне асаблівага статусу ў агульнаеўрапейскай прававой прасторы яшчэ ў 2015 годзе. На рэферэндуме ў снежні 2015 года 53 адсоткі грамадзян краіны прагаласавалі супраць узмацнення цеснага супрацоўніцтва з паліцэйскімі і прававымі структурамі ЕЗ.

Вынікі рэферэндуму сталі паразай для ўрада ў Капенгагене і поспехам для правапапулісцкай Дацкай народнай партыі. З тых часоў прэм'ер-міністр Даніі Ларс Лёке Расмусэн узмоцнена шукаў кампраміс для захавання паліцэйскага ўзаемадзеяння з Еўразвязам і доступу да базы звестак Еўраполу. Новае пагадненне дазволіць Капенгагену запытваць у Еўраполу інфармацыю да таго часу, пакуль Данія ўваходзіць у зону Шэнгенскай дамовы.

Паколькі Данія захавае свой адмысловы прававы статус у ЕЗ, яна перастане браць удзел у працы Еўраполу, пераўтворанага ў наддзяржаўную структуру пад кіраўніцтвам еўрапейскіх органаў юстыцыі. Гэты статус Данія атрымала ў 1992 годзе пасля таго, як датчане на рэферэндуме адмовіліся прызнаць Маастрыхцкую дамову аб стварэнні ЕЗ.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках