11 траўня 2024, Субота, 1:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Еўропа не заўважае, што ў Беларусі рыхтуецца глеба для экспансіі «расейскага свету»

25
Андрэй Саннікаў: Еўропа не заўважае, што ў Беларусі рыхтуецца глеба для экспансіі «расейскага свету»
Андрэй Саннікаў

Бяспека Еўропы сёння наўпрост звязана з палітычнай сітуацыяй у Беларусі.

У Таліне праходзіла штогадовая Міжнародная канферэнцыі імя Ленарта Мэры. Браў удзел у канферэнцыі каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў у інтэрв'ю postimees.ee даў ацэнку палітычнай сітуацыі ў краіне.

- Што цяпер адбываецца ў Беларусі? На што варта было б звярнуць увагу?

- Сітуацыя вельмі трывожная. У лютым гэтага года ў краіне пачаліся пратэсты супраць падатку на «дармаедства», а, увогуле, супраць рэжыму Лукашэнкі. З таго часу ў нас не спыняюцца арышты, суды і зняволенні актывістаў у турмах.

Я называю сітуацыю трывожнай менавіта таму, што Еўразвяз аддае перавагу не заўважаць тое, што ў нас адбываецца. З боку Брусэля няма ніякіх моцных заяў, больш не кажуць пра санкцыі, што дае рэжыму Лукашэнкі карт-бланш на працяг рэпрэсій.

- Што пацягнуў бы за сабой прыход да ўлады празаходняга ўрада?

- Калі б выбары былі сапраўднымі, то ў нас бы ўжо быў беларускі ўрад, які б умацоўваў сувязі з Еўразвязам. Так як я прэзентую грамадзянскую кампанію «Еўрапейская Беларусь», то мы менавіта такога шляху і прытрымліваемся. Але ў нас няма выбараў, і наўрад ці яны найбліжэйшым часам адбудуцца, таму вызначыць, наколькі моцныя настроі ў падтрымку Еўропы, немагчыма.

Вельмі шмат залежыць ад пазіцыі Еўразвязу. Еўропа пачала звяртаць увагу на вайсковыя вучэнні «Захад-2017», якія восенню пройдуць на тэрыторыі Беларусі. Але чамусьці не звяртае ўвагу на тое, што перад гэтымі вучэннямі зачышчаецца апазіцыя. Сёння фабрыкуецца «справа патрыётаў», накіраваная супраць беларускіх патрыётаў. Гэта значыць, рыхтуецца глеба для сур'ёзнай прысутнасці «расейскага свету», у тым ліку вайсковага. А гэта пагражае бяспецы Еўропы.

- У вас ёсць прэтэнзіі да Еўразвязу?

- У мяне ёсць пажаданне, каб Еўропа бачыла рэальную сітуацыю і рабіла захады ў абароне сваіх каштоўнасцяў. Гэтыя каштоўнасці знішчаюцца ў Беларусі. Значыць, яны знішчаюцца і ў Еўропе.

- Ці могуць пратэсты, што ўзніклі, выліцца ў беларускі «майдан»?

- У нас вельмі жорсткая дыктатура. У 2010 годзе быў жорсткі разгон і збіццё людзей. Цяпер у нас таксама разганяюць людзей і кідаюць іх у турмы. На штодзённай аснове праходзяць суды, грамадзяне Беларусі сядзяць у турмах, фабрыкуюцца крымінальныя справы супраць патрыётаў, лідараў выкрадаюць, як Мікалая Статкевіча, забіваюць у турме, як Уладзіміра Някляева. Не заўважаць такое – гэта проста злачынства.

- Чаму беларусы па-ранейшаму не хочуць, каб Лукашэнку змяніў іншы чалавек?

- Беларусы хочуць змяніць Лукашэнку, проста ў нас няма механізму, які існуе ў Еўропе – інстытута выбараў. Я вас запэўніваю, што, арганізуй сёння сумленныя выбары, Лукашэнкі б не было!

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках