5 траўня 2024, Нядзеля, 14:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расклад «пад Колю» выкліча масу нязручнасцяў

25
Расклад «пад Колю» выкліча масу нязручнасцяў
Фота: tut.by

Дзеці будуць сядзець у школе лішнія дзве гадзіны.

Старшыня Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч мяркуе, што пытанні пра школьную форму і час пачатку ўрокаў павінна вырашаць бацькоўская рада, а не чыноўнікі.

Тамара Мацкевіч пракаментавала Свабодзе распараджэнне Аляксандра Лукашэнкі аб пераносе пачатку ўрокаў на больш позні час.

— Спадарыня Тамара, як ставяцца настаўнікі да патрабавання прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пачынаць урокі а 9-й раніцы замест 8-й? Ужо больш за палову школаў пацвердзілі, што гатовыя перайсці на такі графік з новага навучальнага сезону.

— Настаўнікі, з якімі я кантактую, упэўненыя, што гэта не такое важнае пытанне, каб яму надаваць так шмат увагі, у тым ліку і ў СМІ. Хутчэй за ўсё, гэтая тэма закінутая для таго, каб адцягнуць увагу ад больш важных праблемаў і сістэмнага крызісу, які існуе ў нашай адукацыі.

— У сферы адукацыі ўжо бывалі такія змены?

— Так. Гэта не першы і, відаць, не апошні раз, калі ўлады выкарыстоўваюць такі прыём. Нечым падобным быў пераход на 12-гадовае навучанне і пасля назад, на 11-гадовае, таксама рэформа 2008 году, калі пераразмяркоўвалі гадзіны паміж профільнымі і няпрофільнымі дысцыплінамі. Гэтыя манеўры, якія дазваляюць чыноўнікам стварыць ілюзію руху. А на самой справе гэта стагнацыя і нежаданне сапраўдных рэформаў у школах. Чыноўнікам лягчэй за ўсё зрабіць ілюзію руху, чым памяняць нешта ў змесці адукацыі, праграму, методыку.

— Ва Украіне актыўна рыхтуюцца да правядзення глабальнай праверкі сярэдняй адукацыі PISA ў 2018 годзе. Беларусь упершыню трапіла ў гэтую праверку. Ці гэтая тэма неяк акцэнтуецца сярод настаўнікаў?

— Тэставанне будзе, Беларусь нарэшце далучаецца да самага аўтарытэтнага міжнароднага даследавання якасці сярэдняй адукацыі. Гэтая праверка скіраваная на тое, каб высветліць, наколькі выпускнікі школы гатовыя да самастойнага жыцця і наколькі іхныя веды адпавядаюць сучасным патрабаванням рынку працы. Гэта значыць, што задачы ў тэставанні будуць не зусім тыповыя для нашай сістэмы адукацыі — правяраюцца кампетэнцыі, наколькі вучаць можа выкарыстаць веды ў рэальным жыцці. Але да настаўнікаў не давялі ні крытэраў ацэнкі, ні прыклады задач, усё засакрэчана. Ну вядома, лягчэй жа абмяркоўваць, калі пачынаць вучобу — а 8-й ці а 9-й гадзіне.

— Калі вяртацца да пераводу пачатку ўрокаў, якія нязручнасці гэта выкліча?

— Большасць бацькоў, якія працуюць у першую змену, ужо цяпер прывозяць дзяцей у школу к 7 гадзінам. Я ведаю настаўнікаў, якія кажуць, што раней дадаткова сядзелі гадзіну перад пачаткам урокаў, а цяпер будуць сядзець дзве гадзіны. Дзеці будуць моцна стамляцца яшчэ да пачатку ўрокаў, а пасля школы ж яшчэ трэба бегчы да рэпетытараў, бо ў школе ведаў не даюць.

— Якое рашэнне вы б прапанавалі?

— Рашэнне вельмі простае, як робіцца ва ўсім свеце. Трэба даць больш улады і аўтаноміі школе і бацькоўскай школьнай радзе. Такая рада ніколі не прыме рашэнне, якое будзе шкодзіць. І няхай адна рада вырашыць, што трэба а 7-й пачынаць урокі, а іншая — што а 9-й гадзіне. Тое самае тычыцца і школьнай формы. Гэта ж трэба дадумацца да таго, каб не давяраць бацькам у тым, у што адзець дзіця. Такога няма нідзе ў свеце. Усюды такія пастановы прымае бацькоўская рада. А тое, што ў нас гэтым займаецца дзяржава, гэта проста адцягванне ўвагі ад важных пытанняў.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках