10 траўня 2024, Пятніца, 16:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Берасці міліцыянты збілі да смерці прадпрымальніка?

90
У Берасці міліцыянты збілі да смерці прадпрымальніка?

Сваякі 32-гадовага Андрэя Тарасенкі не вераць афіцыйным высновам лекараў.

29-га красавіка ў сценах берасцейскага шпіталя памёр 32-гадовы жыхар Берасця Андрэй Тарасенка, паведамляе «Белсат».

Паводле афіцыйнай версіі, прычынай смерці была пнеўманія. Сваякі Андрэя не вераць у высновы лекараў. Яны сцвярджаюць, што тыдзень да смерці мужчыну жорстка збілі міліцыянты.

«На грудзях і жываце былі ўсюды гематомы. Калі прыехала хуткая і зняла футболку, каб зрабіць кардыяграму, усё было сіняе», - успамінае Таццяна Мельнічук, маці Андрэя Тарасенкі.

Усё пачалося 23-га красавіка ў гарадской міні-кавярні «На Ясеневай»

Адсюль Андрэя Тарасенку даставілі ў апорны пункт. Падставай затрымання, паводле версіі міліцыі, была бойка. Аднак персанал кавярні гэтага не пацвердзіў. Са слоў сваякоў памерлага, у апорным пункце адбылося жорсткае збіццё міліцыянтамі.

«Яны выклікалі хуткую ў апорны пункт. Лекар забіраў яго з апоркі ўжо збітага. Ён нам гэта сказаў. Лекар адвёз яго ў бальніцу №6. У прыёмным пакоі таксама пацвердзілі, што ў Андрэя былі цялесныя пашкоджанні», - кажа ўдава Андрэя, Марына Тарасенка.

Лекары запэўніваюць, што вінаваты алкаголь

Тое, што зараз турбуе блізкіх памерлага, - гэта высновы лекараў адносна прычын смерці. У гісторыі хваробы нечакана з'явілася інфармацыя, што Андрэй нібыта меў праблемы з алкагольнай залежнасцю.

Сваякі Андрэя Тарасенкі ўважаюць высновы лекараў здзекам і спробай схаваць праўду.

«Як можа моцна піць чалавек, у якога бізнэс, у якога двое маленькіх дзяцей, які ездзіў на аўтамабілі!», - кажа Марына Тарасенка.

У Следчым камітэце працягваецца праверка

«Паводле папярэдніх высноў медыцынскай экспертызы, прычына смерці не носіць гвалтоўнага характару, а выкліканая захворваннем. У рамках разгляду канфіскавана медыцынская дакументацыя, праводзіцца апытанне сваякоў, суседзяў і знаёмых мужчыны для ўстанаўлення падзей да шпіталізацыі. Таксама высвятляюцца абставіны атрымання ім цялесных пашкоджанняў, якія выявілі пры аглядзе», - заявілі ў Следчым камітэце.

Характэрна, што менавіта тут актыўна пераконваюць блізкіх памерлага не падаваць заявы на распачынанне крымінальнай справы. Маці і ўдава Андрэя наважыла звярнуцца да СМІ і праваабаронцаў пасля прагляду на нашым тэлеканале ў пачатку траўня матэрыялу пра збіццё міліцыянтамі ў тым жа Берасці ў апорным пункце двух маладых людзей, якіх таксама затрымалі ў кавярні.

«Я паглядзела сюжэт пра збіццё хлопцаў у апорным пункце на «Усходзе» і ў мяне склалася ўся мазаіка. Я ўпэўнена, што памёр ён не ад пнеўманіі, а ад збіцця», - мяркуе ўдава Андрэя.

Хто адкажа за смерць?

Давесці гэта цяпер збіраюцца блізкія памерлага. Асноўная мэта - прыцягнуць да адказнасці вінаватых у смерці Андрэя.

«У яго засталіся двое маленькіх дзяцей. Як цяпер жыць? Маё жыццё спынілася. Але я хачу дамагчыся праўды. Я яму гэта абяцала, стоячы ля труны: я давяду і разбяруся, сынок», - кажа маці Андрэя.

Сваякоў Андрэя Тарасенкі можа чакаць доўгі шлях

«Па-першае трэба звярнуцца ў органы пракуратуры і збіраць довады, што Андрэй быў ахвярай гвалту з боку міліцыі. Па-другое, трэба пастарацца знайсці сведак і зафіксаваць, што адбывалася падчас затрымання і ў якім стане чалавек быў у міліцыі», - тлумачыць праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

Раскрыццё такіх спраў у Беларусі - хутчэй выключэнне

На працягу апошніх гадоў толькі адна справа гвалту ў месцах прымусовага ўтрымання дайшла да суда. Іншыя былі схаваныя пад дыван. Не малаважна і тое, што ахвяры міліцэйскага бязмежжа звяртаюцца да незалежных СМІ і праваабаронцаў даволі рэдка.

Напісаць каментар 90

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках