5 траўня 2024, Нядзеля, 4:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бжэзінскі - Шушкевічу: Вы прадухілілі шырокамаштабную грамадзянскую вайну на тэрыторыі СССР

3
Бжэзінскі - Шушкевічу: Вы прадухілілі шырокамаштабную грамадзянскую вайну на тэрыторыі СССР
Станислав Шушкевич

Станіслаў Шушкевіч асабіста сустракаўся са Збігневам Бжэзінскім некалькі разоў.

Яны свабодна размаўлялі па-польску, бо абодва дасканала ведаюць польскую мову. Апошні раз яны сустракаліся ў Вашынгтоне ў снежні 2016 года на канферэнцыі, прысвечанай 25-годдзю Белавежскіх пагадненняў.

Старшыня Вярхоўнага Савету 12-га склікання, прафесар Станіслаў Шушкевіч распавёў «Радыё Свабода»:

«Пазнаёміліся са Збігневам Бжэзінскім мы ў сярэдзіне 1990-х гадоў, калі ў Беларусі праз Лукашэнку зруйнавалі парламент. Я быў тады ў Вашынгтоне, і ён перадаў нашаму парламенту, які фактычна ўжо не дзейнічаў, быў разагнаны, не меў вагі, сваю кнігу «Вялікая шахматная дошка» з надпісам «Парламенту ў выгнанні». Гэту кнігу я перадаў тады Віктару Ганчару.

У 2000 годзе, калі я працаваў у Woodrow Wilson International Center у Вашынгтоне, мы таксама сустракаліся. Нашы беларусы больш круцяцца вакол Універсітэта Джорджа Вашынгтона, а ён там не выступаў, быў прафесарам універсітэта ў Балтымары. І я адмыслова туды паехаў, каб сустрэцца з Бжэзінскім.

Узгадваю тую сустрэчу ў яго ва ўніверсітэце. Ён кажа: «Сёння пятніца. Кожная пятніца для мяне — вельмі цяжкі дзень». Я пытаюся, чаму. «Звычайна мы ўвесь тыдзень прыходзім на працу ў пінжаках (марынарках, ён казаў па-польску), белых кашулях, пры гальштуках. А ў пятніцу — свабодная форма адзення, хто як хоча. І я заўсёды па пятніцах ламаю галаву: як выглядаць нармальным чынам».

Я падарыў Бжэзінскаму сваю кнігу «Маё жыццё, крах і ўваскрошанне СССР» на польскай мове, ён цэлую ноч яе чытаў, калі мы сустракаліся ў Вроцлаве. Бжэзінскі думаў, што пагадненні падпісалі тры чалавекі. І яго дарадца мне тады сказаў: «Ты змяніў погляд майго шэфа на гэтыя пагадненні, мы думалі, што вас было трое. А калі гэта была вельмі моцная шасцёрка, гэта вельмі здорава!»

Ён вельмі добра ставіўся да падпісантаў, ён казаў: «Вы прадухілілі шырокамаштабную грамадзянскую вайну на тэрыторыі ўсяго Савецкага Саюзу. Вы проста сказалі: адчувайце проста ўсе сябе вольнымі, і не было за што ваяваць». Ён вельмі высока ацэньваў Белавескія пагадненні, мне было вельмі прыемна з ім кантактаваць і гаварыць на гэту тэму.

У Вроцлаве тады Бжэзінскі атрымліваў прэмію Яна Новака-Езяранскага, а я ў журы прэміі ўваходзіў. Ён тады сказаў: «Вось вы ў Беларусі не зрабілі люстрацыю тых людзей, якія сябе пагана паказалі, а цяпер вы з імі не жорстка абыходзіцеся. Я тады адказаў, што беларускія камуністычныя дзеячы не паводзілі сябе так, каб прымяняць да іх люстрацыю, яны могуць яшчэ перавыхавацца».

Ён падзякаваў мне за кнігу «Нэакамунізм у Беларусі». Ён называў гэта «неасаветызмам».

Апошні раз я з ім сустракаўся ў снежні 2016 году ў літоўскай амбасадзе ў Вашынгтоне на канферэнцыі, прысвечанай 25-годдзю Белавескіх пагадненняў. Ён быў у выдатнай форме. На той сустрэчы быў яшчэ Генадзь Бурбуліс. Мы нават у дэбаты з ім уступілі. Я катэгарычна пярэчыў яму.

Там у Бжэзінскага была вялікая прэсавая канферэнцыя, і было пытанне: «Чаму Злучаныя Штаты не дапамагаюць летальнай зброяй Украіне?» Бжэзінскі сказаў: «Ну, як жа мы будзем дапамагаць, калі 160 тысяч вайскоўцаў без бою здаліся расейскаму войску?» Ну, украінцы ж не маглі страляць у расейцаў. Па ягоным разуменні, пакуль не сфармуецца іншае ўкраінскае войска, ніякай дапамогі зброяй быць не можа. Трэба па-іншаму вырашаць гэта пытанне. Гэта я добра запомніў, ягоныя падыходы».

Нагадаем, што Збігнеў Бжэзінскі, былы дарадца прэзідэнта ЗША ў пытаннях нацыянальнай бяспекі, памёр сёння ўначы ва ўзросце 89 гадоў. Ён лічыцца адным з найбольш аўтарытэтных экспэртаў у галіне міжнароднай палітыкі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках