5 траўня 2024, Нядзеля, 8:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэзідэнтка Эстоніі: Наяўнасць палітвязняў – нагода для санкцыяў супраць уладаў Беларусі

2
Прэзідэнтка Эстоніі: Наяўнасць палітвязняў – нагода для санкцыяў супраць уладаў Беларусі
Керсти Кальюлайд

«Справа патрыётаў» можа стаць лакмусавай паперкай для прыняцця пастановы Еўразвязам.

Прэзідэнтка Эстоніі Керсці Кальюлайд адказала на пытанні карэспандэнта «Радыё Свабода» падчас міжнароднай канферэнцыі ў пытаннях бяспекі GLOBSEC 2017 у Браціславе.

Пра вучэнні «Захад-2017»

Мы не бачым фізічнай пагрозы ніводнай краіне NATO. Стрымліванне з боку NATO заўсёды было адэкватным, прапарцыйным, і ў яго стаадсоткавая гісторыя поспеху. Таму мы не разглядаем гэта як пагрозу. Але гэта не значыць, што мы не павінны быць падрыхтаваныя. Нам трэба ўважліва сачыць, што адбываецца на другім баку. Мы павінны настойваць, каб Расея дзялілася інфармацыяй пра свае вучэнні, як вызначана ў міжнародных пагадненнях. Там вызначана, што калі вучэнні даволі вялікія, то трэба запрашаць назіральнікаў з іншых краінаў.

Пра заяву міністра абароны Эстоніі, што вучэнні могуць стаць «квітком у адзін бок» у Беларусь для расейскіх вайскоўцаў

Мы, напрыклад, заўважылі, што Беларусь сёлета абвясціла, што ў вучэннях будуць удзельнічаць 13 тысячаў чалавек. Гэта якраз парог, які патрабуе міжнароднага назірання. Звычайна колькасць удзельнікаў была трохі ніжэйшая – напрыклад 12850. Гэта паказвае, што беларускі бок відавочна хоча прысутнасці міжнародных назіральнікаў.

Пра стасункі паміж Беларуссю і Еўразвязам

Еўразвяз – выдатная арганізацыя ў тым сэнсе, што ён ніколі не расчароўваецца ні ў кім са сваіх суседзяў. Калі ёсць магчымасць спрыяць вяршэнству закона і дэмакратычных каштоўнасцяў, Еўразвяз заўсёды гатовы да збліжэння. Могуць адбыцца дыскусіі пра спрашчэнне візавага рэжыму – пакуль гэтага няма, але гэта можа стаць наступным крокам. Калі Эстонія будзе старшыняваць у Радзе Еўразвяза, адбудзецца саміт «Усходняга партнёрства». Да саміту мы абмяркуем сітуацыю з усімі партнёрамі Еўразвяза і ўбачым, якія пэўныя крокі могуць быць для кожнай краіны-ўдзельніцы «Усходняга партнёрства». Але, вядома ж, цяжка не быць скептыкам, калі так доўга назіраеш за Беларуссю.

Пра магчымасць для Беларусі далучыцца да Эўразвязу

Пару тыдняў таму ў Таліне вярхоўная прадстаўніца Еўразвяза Федэрыка Магерыні сказала, што краіны на мяжы з Еўразвязам, якія маюць жаданне аднойчы далучыцца да ЕЗ, павінны кіравацца вяршэнствам закона і станавіцца развітымі дэмакратыямі. І калі яны такімі стануць, то аднойчы дзверы могуць адчыніцца. Гэта было ў адказ на пытанне пра Грузію, але яна таксама сказала, што на яе думку Еўрапейскі кантынент павінен быць адзіным. Таму вядома ж, гэта магчыма, калі паглядзець у больш аддаленую будучыню. У той самы час даволі ясна, што ў кароткай перспектыве такая дыскусія не разглядаецца, і гэтым краінам не прапаноўваюць такой перспектывы. Але гэта абсалютна не значыць, што самі гэтыя краіны не могуць стаць больш дэмакратычнымі. Менавіта так Эстонія пачынала свае пераўтварэнні, закладваючы правільны дэмакратычны падмурак. Гэта ў першую чаргу трэба самім краінам, якія мяжуюць з ЕЗ.

Пра магчымасць вяртання санкцыяў, калі Беларусь вернецца да ранейшай сітуацыі з палітвязнямі

Гэта будзе абмяркоўвацца і пастанаўляцца партнёрамі ў Еўразвязе. Для мяне галоўная лакмусавая паперка, каб вызначыць, ці сапраўды краіна абрала дэмакратычны шлях, гэта два чыннікі: адсутнасць палітвязняў і магчымасць перамагаць у судовых справах у дзяржавы. Мой добры сябар Эд Лукас (журналіст брытанскага выдання The Economist) калісьці сказаў мне гэта, і з таго часу я карыстаюся ягоным тэстам. Мая асабістая пазіцыя ў тым, што калі сапраўды ёсць палітвязні, то адназначна трэба прымаць меры ў адказ. Але Эстонія – гэта парламенцкая дэмакратыя, і пазіцыі дзяржавы прапануюцца ўрадам і ўхваляюцца парламентам.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках