5 траўня 2024, Нядзеля, 23:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міліцыя абнародавала сваю відэаверсію «беззаконня» ў менскім метро

88
Міліцыя абнародавала сваю відэаверсію «беззаконня» ў менскім метро

ГУУС Менгарвыканкама спрабуе апраўдацца за брутальнае затрыманне на станцыі «Кастрычніцкая».

Сталічная міліцыя абнародавала сваю версію жорсткага затрымання ў метро, якое выклікала ў сацсетках вялікі скандал на выходных.

Запіс з відэакамер размешчаны на сайце ГУУС Менгарвыканкама.

Са слоў прэс-службы міліцыі, здарэнне адбылося а 1 гадзіне 16 хвіліне 27 траўня. Супрацоўнік УУС у ахове Менскага метрапалітэна нібыта атрымаў інфармацыю пра хуліганскія паводзіны маладзёна на станцыі метро «Кастрычніцкая». Як адзначае міліцыя, «паводле ўсіх прыкмет той быў у стане алкагольнага ап'янення: неадэкватныя паводзіны, хісткая паходка, у прасторы арыентаваўся слаба».

На відэароліку, які апублікавала міліцыя, відаць, што юнак быў у кампаніі, круціўся вакол парэнчаў у метро і неспадзявана збіў з ног мужчыну. Як можна меркаваць з відэа, пасля гэтага юнак папрасіў прабачэння ў мужчыны. Хаду хлопца пры гэтым складана назваць хісткай, мяркуюць журналісты «Еўрарадыё».

Паводле версіі ГУУС, міліцыянт спыніў юнака і папрасіў пакінуць метрапалітэн, бо п'яным забаронены праезд у метро. Яны падняліся ў вестыбюль, аднак сыходзіць са станцыі хлопец адмовіўся.

Паведамляецца, што юнак стаў супраціўляцца, калі яго спрабавалі адвесці ў пакой міліцыі для разбору. Пры гэтым ён траўмаваў міліцыянта (закрыты пералом касцей носа). Правапарушальніка затрымалі з дапамогай супрацоўнікаў службы бяспекі менскага метрапалітэна і найбліжэйшага міліцэйскага патруля. Хлопца даставілі ў пакой міліцыі, а затым у аддзяленне таксікалогіі лякарні хуткай меддапамогі. Спярша яму паставілі дыягназ «алкагольнае ап'яненне, наркатычнае атручэнне», а потым дыягназ удакладнілі - «алкагольнае атручэнне».

На затрыманага хлопца распачалі крымінальную справу за гвалт ці пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Міліцыя дадае, што гэты 19-гадовы мянчук раней неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці: за дробнае хуліганства, распіванне спіртных напояў і знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы, дробны крадзеж, парушэнне абавязкаў у воінскім уліку.

У лютым 2017 года суд Фрунзенскага раёна Менска прыгаварыў яго да 240 гадзінаў грамадскіх прац за крадзеж. Ён знаходзіцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Кастрычніцкага РУУС сталіцы.

На апублікаваным у суботу Таццянай Стрэльнікавай відэазапісе бачна, як супрацоўнікі міліцыі і метрапалітэна затрымліваюць маладзёна на станцыі метро «Кастрычніцкая» ў менскім метро. Яго, ляжачага, б'юць кулакамі ў твар, ужываюць да яго розныя болевыя прыёмы, у тым ліку становяцца каленам наўпрост на шыю.

Напісаць каментар 88

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках