3 траўня 2024, Пятніца, 23:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Хай бы ў Колі бананы і ананасы забіраў»

31
«Хай бы ў Колі бананы і ананасы забіраў»
КРЫНІЦА: CARTOON.KULICHKI.COM

Беларусы абураныя новымі сюрпрызамі на мяжы з Украінай і ЕЗ.

Не паспеў пачацца сезон летніх адпачынкаў, а ўлады падрыхтавалі для беларусаў чарговы «сюрпрыз»: з 1 ліпеня ў Беларусь можна ўвозіць усяго толькі да 5 кг гародніны і садавіны.

Новая забарона - следства пастановы Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі, якая ўваходзіць у дзеянне літаральна праз два дні. У ёй выразна прапісана: на тэрыторыю краін ЕАЭС (Беларусь, Расея, Арменія, Казахстан, Кыргызстан) адзін чалавек можа прывезці да 5 кг гародніны і садавіны, а таксама да трох букетаў кветак.

Што думаюць пра чарговы «падарунак» уладаў беларусы з памежных раёнаў, дзе за пакупкамі ў мэтах эканоміі прынята ездзіць ва Украіну і Польшчу? Пра гэта сайт Charter97.org спытаў у чытачоў з Кобрына і Берасця.

Аляксандр Мех, актывіст з Кобрына, карэнны жыхар горада:

- Болей за ўсё крыўдна тое, што гэта не проста «новаўвядзенне» ўладаў. Гэта вынік таго, што Лукашэнка падпісаў агульны Мытны кодэкс з Расеяй і краінамі ЕАЭС. А значыць, садавіна і кветкі - гэта толькі першая ластаўка. Сітуацыя для жыхароў Берасцейскай вобласці будзе пагаршацца з кожным днём.

Гародніна і садавіна б'юць па кішэні беларусаў, якія ездзяць за мяжу, яшчэ не так моцна. Значна больш балюча ўдарыць абмежаванне па кілаграмах і кошту ў 300 еўраў, якое ўвядуць з 2018 года для бытавой тэхнікі, шын і іншых тавараў. Вось гэта і пахісне бюджэт сем'яў памежжа. Бо асноўнай мэтай сямейных паездак за мяжу была немагчыма дарагая ў Беларусі бытавая тэхніка, запчасткі і «гума» для аўтамабіляў. Купля гэтых рэчаў за мяжой дазваляла эканоміць 40-50% грошай. Вось такі «кавалак» сямейнага бюджэту ў беларусаў зараз забяруць.

- Як рэагуюць людзі ў Кобрыне на гэтую навіну?

- Такія навіны нашы гараджане даведваюцца менавіта з незалежных сайтаў. Напрыклад, з Charter97.org.

Атрымліваецца, што ў такіх сітуацыях людзі больш давяраюць альтэрнатыўным крыніцам інфармацыі - і гэта ўжо добра. Занадта шмат выліваецца на беларусаў афіцыйнай і расейскай прапаганды, трэба камусьці даносіць да іх і праўдзівую інфармацыю.

Людзі чытаюць гэтыя навіны - а потым ужо пачынаецца гул i абурэнне падчас абмеркавання ў чэргах у краме, у чэргах на той жа мяжы. Гэта сведчыць пра тое, што нейкія зрухі, перамены ў свядомасці людзей адбываюцца.

Такія навіны, як пра забарону гародніны і садавіны з-за мяжы, не могуць не абураць. Бо з кожным днём кошт жыцця ў Беларусі ўсё павялічваецца і павялічваецца: кошты растуць, а заробкі ўсё меншыя і меншыя.

Кожны ў нас выжывае, як можа: хтосьці салярку возіць, хтосьці цыгарэты, хтосьці на пакупках эканоміць, прывозячы іх з-за мяжы. Улады самі давялі народ да гэтага. А цяпер людзі, стоячы ў чарзе на мяжы, павінны яшчэ і хвалявацца: ці не аштрафуюць іх за пару лішніх памідораў? Гэтыя абмежаванні - ілюстрацыя стаўленне нашай улады да народа, і незадаволенасць у людзей усё назапашваецца і назапашваецца.

- Паліна Шарэнда-Панасюк, актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» з Берасця, маці дваіх дзяцей:

- Абмежаванні на гародніну і садавіну, якія ў Польшчы і Украіне нашмат таннейшыя і якія многія беларусы купляюць для сваіх дзяцей - гэта проста абуральна. Без перабольшання магу сказаць: гэта акт генацыду, міна запаволенага дзеяння пад здароўе нашай нацыі.

Справа не толькі ў тым, што гэтыя прадукты ў Беларусі ў 2-3 разы даражэйшыя: за мяжой ёсць гарантыя таго, што тавар якасны, што яго не выгадавалі на «вернутых у абарот» чарнобыльскіх землях.

- Але ж дзяржаўныя чыноўнікі, хоць бы некаторыя, таксама напэўна маюць дзяцей...

- Ім гэтыя абмежаванні - як з гусі вада. Калі ўлічваць памеры кантрабанды польскіх яблыкаў у Расею, становіцца зразумела, што сябе-то яны абмяжоўваць не будуць.

Кажуць, што для Колі Лукашэнкі пад Менскам у спецыяльных цяпліцах круглы год вырошчваюць бананы і ананасы. Ён-то ні ў чым сабе не адмаўляе. А мы павінны сваім дзецям зараз не больш пяці кілаграм прывозіць!

Як можна шкадаваць дзецям садавіны і гародніны? Хай бы ў Колі бананы і ананасы забіраў! А для нас будуць «пашыраць» сельскую гаспадарку на «былых» чарнобыльскіх землях і прапаноўваць радыеактыўныя яблычкі.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках