4 траўня 2024, Субота, 15:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады рыхтуюць новы «бензінавы сюрпрыз»

18
Улады рыхтуюць новы «бензінавы сюрпрыз»
ФОТА: РІА НОВОСТИ

Цэны на паліва могуць пачаць расці.

У трэцім квартале гэтага года наша краіна атрымае 4,5 мільёна тон расейскай нафты. Пра гэта паведаміў міністр энэргетыкі РФ Аляксандр Новак.

Раней меркавалася, што за названы перыяд Беларусь атрымае 7 мільёнаў тон расейскай нафты.

Чаму Крэмль урэзаў пастаўкі «чорнага золата»?

Жаліба: Магчыма, Расея ў якасці пакарання абмяжоўвае пастаўкі нафты

- Зноў нейкія непаразуменні паміж Беларуссю і Расеяй, - мяркуе ў каментары «Заўтра тваёй краіны» эканаміст Барыс Жаліба. - Стасункі паміж нашымі краінамі ў паліўна-энэргетычных пытаннях заўсёды былі няроўныя. Можа, яны зноў у чымсьці не сышліся, і Расея ў якасці пакарання абмяжоўвае пастаўкі нафты.

Са слоў доктара эканамічных навук, ніякіх рэзкіх ваганняў на нафтавым сусветным рынку цяпер няма.

- Цана нафты, праўда, стала ніжэйшай, яна не перавышае 50 даляраў за барэль па лепшым маркам, але гэта не абвал. Здабыча ў Расеі і ў іншых краінах таксама больш-менш стабільная, - адзначае прафесар.

Экспэрт нагадвае, што Масква абяцала выставіць Менску 18 мільёнаў тон нафты на перапрацоўку і яшчэ 6 мільёнаў тон дазволіла рээкспартаваць.

Барыс Жаліба не выключае, што чарговая спрэчка паміж хаўруснікамі вырашыцца, Расея перагледзіць сваю пазіцыю і ў чацвёртым квартале павялічыць пастаўкі нафты.

Праўда, на яго думку, нагнаць 2,5 мільёна тон за квартал будзе складана, бо магчымасці нафтаправодаў не бязмежныя.

- Пытанне ў тым, ці на поўную магутнасць яны зараз гоняць нафту ў краіны ЕЗ, якія скарачаюць спажыванне расейскіх энэрганосьбітаў. Магчыма, рэзервы тут будуць, - мяркуе суразмоўца.

Ён не ўвязвае наўпрост з'яўленне інфармацыі аб скарачэнні паставак нафты з сустрэчай Лукашэнкі і Пуціна, што адбудзецца 30 чэрвеня ў Маскве.

- Гэта быў бы жэст з расейскага боку з мэтай панізіць перамоўныя пазіцыі Лукашэнкі. Вядома, гэта можна было б прымеркаваць да візіту кіраўніка Беларусі. Але, на мой погляд, тут нейкая іншая прычына, - мяркуе Барыс Жаліба.

Марголін: Нафтавая вайна будзе то згасаць, то ўспыхваць

Эканаміст Леў Марголін адзначае, што калі беларускі бок не дасць тлумачэнняў: чаму айчынныя НПЗ не ў стане перапрацаваць запланаваныя аб'ёмы нафты, то гэта «будзе азначаць чарговы віток нафтавай вайны».

- Іншых тлумачэнняў я не бачу, таму што Беларусь вельмі зацікаўлена ў максімальным наганянні выпушчанага, - мяркуе экспэрт.

З ягоных слоў, для бюджэту Беларусі скарачэнне паставак расейскай нафты абернецца стратамі, бо казна недаатрымае экспартнай і мытнай мыты.

- Гэта асноўная крыніца даходаў для бюджэту. Мы атрымліваем расейскую нафту бязмытна, а прадаём з ужываннем уніфікаванай з расейцамі экспартнай мытай, якая застаецца ў беларускім бюджэце, - кажа эканаміст.

Ён таксама падкрэслівае, што і айчынныя нафтаперапрацоўчыя заводы недаатрымаюць прыбытку.

- Не выключана, што зноў падвысяць цэны на нафтапрадукты для насельніцтва, каб такім чынам трохі кампенсаваць страты, - прагназуе суразмоўца.

Эканаміст мяркуе, што поўнага заканчэння нафтавай вайны паміж Беларуссю і Расеяй не будзе, бо занадта розныя інтарэсы ў дзвюх краін.

- Яна будзе то згасаць, то ўспыхваць. Зараз, напэўна, ёсць рэчы, па якіх не ўдалося дамовіцца, альбо паўстала нешта новае. Гэта могуць быць палітычныя, вайсковыя або эканамічныя рознагалоссі, - мяркуе Леў Марголін.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках