4 траўня 2024, Субота, 11:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Максім Вінярскі: Рэжым адступіў пад нашым ціскам

1
Максім Вінярскі: Рэжым адступіў пад нашым ціскам
Максім Вінярскі
ФОТА: «Радыё Свабода»

Вызваленне палітвязняў-патрыётаў паказала, што мы на правільным шляху.

Пра гэта Charter97.org заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі.

- Учора яшчэ чацвёра палітвязняў у «справе патрыётаў» выйшлі на волю. «Справа» развальваецца літаральна на вачах. Як вы пракаментуеце пастанову ўладаў вызваліць гэтых людзей?

- Відавочна, што ўлада пачала даваць назад у сфабрыкаванай КДБ «справе патрыётаў». Пакуль.

Гэты працэс працякае павольна і маскуецца пад тое, што следства нібыта не знайшло «пераканаўчых довадаў», а людзей вызваляюць пад падпіску пра неразгалошванне.

Але гэта ўсё - вынік таго, што актывісты Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», іншых арганізацый запатрабавалі вызваліць гэтых людзей і прызнаць іх палітвязнямі. Гэтыя патрабаванні выразна сфармулявалі такія вядомыя беларускія палітыкі, як Мікалай Статкевіч, Андрэй Саннікаў, Уладзімір Някляеў - і пасля гэтага міжнародная супольнасць не магла не далучыцца да іх. Патрабаванне рэабілітаваць усіх палітвязняў у Беларусі і вызваліць тых, што знаходзяцца за кратамі, напрыклад, змяшчаецца ў нядаўняй выніковай рэзалюцыі ПАСЕ аб Беларусі.

Фактычна рэжым адступіў пад ціскам палітычных і грамадскіх актывістаў з Беларусі і еўрапейцаў. Гэта зрабілі тыя, хто тут, у нашай краіне, выходзіў на вуліцы і казаў, што ў Беларусі з'явіліся новыя палітвязні і ўлады раскручваюць сфабрыкаваныя паводле палітычных матываў «справы».

Вызваленне большай часткі палітвязняў-патрыётаў (у следчым ізалятары застаецца яшчэ сем чалавек) - гэта адступленне рэжыму перад грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі і еўрапейскімі палітыкамі.

- Што трэба рабіць для таго, каб астатнія сем чалавек выйшлі на свабоду?

- Мы пераканаўча давялі, што на гэтым этапе эфектыўна працуе тактыка ціску на ўлады з патрабаваннем спынення палітычнага пераследу. І гэта сведчыць пра адно: ціск на рэжым трэба ўзмацняць.

Больш за тое: калі чарговым разам будзе заведзеная крымінальная справа, падобная на «справу патрыётаў», ёй трэба процідзейнічаць тымі ж метадамі, а не чакаць, што ўсё развяжацца сваёй чаргой. Калі б грамадства проста ціха маўчала, наракаючы на тое, што «следства разбярэцца» (як зрабілі некаторыя «праваабаронцы»), то гэтых хлопцаў дагэтуль трымалі б пад вартай і, магчыма, кагосьці б ужо асудзілі і пасадзілі на гады. Калі мы спынім ціск на рэжым - цалкам магчыма, што кагосьці з патрыётаў пасадзяць.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках