10 траўня 2024, Пятніца, 19:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Вацлаў Гавэл узнагародзіў генерала-беларуса ордэнам Белага Льва

3
Як Вацлаў Гавэл узнагародзіў генерала-беларуса ордэнам Белага Льва

Шэсць малавядомых фактаў пра нараджэнца Віцебска Сяргея Вайцяхоўскага.

У сярэдзіне траўня ў Празе адкрылі памятную дошку Сяргею Вайцяхоўскаму – афіцэру расейскай імператарскай арміі, генералу Белай і Чэхаславацкай армій і нашаму земляку.

Нарадзіўся Сяргей Мікалаевіч у Віцебску, большую частку жыцця правёў у Чэхаславакіі, а памёр у лагернай лякарні ў Сібіры. Што там вядома пра гэтага чалавека з унікальным лёсам? «Витебский курьер» сабраў 6 цікавых фактаў.

Факт 1. Пачатак ваеннай кар'еры

Сяргей Вайцяхоўскі нарадзіўся ў 1883 годзе ў Віцебску ў сям'і спадчынных вайскоўцаў. Бацька Сяргея Мікалаевіча – Мікалай Карлавіч – ваяваў супраць туркаў на Балканах, званне генерала атрымаў пры выхадзе ў адстаўку. Маці займалася выхаваннем дзяцей.

Верагодна, тое, што сын абярэ ваенную кар'еру, было пастаноўлена на сямейнай радзе. Сяргей Вайцяхоўскі скончыў Велікалуцкае рэальнае вучылішча, потым з адзнакай Канстанцінаўскае артылерыйскае вучылішча (сёння – Санкт-Пецярбургскі кадэцкі ракетна-артылерыйскі корпус), чаму спрыяла схільнасць юнака да фізікі і матэматыкі.

Першае месца службы Сяргея Вайцяхоўскага – Каўказскі корпус у Беластоку. Неўзабаве наш зямляк паступіў вучыцца ў Імператарскую Мікалаеўскую ваенную акадэмію, якую таксама скончыў з адзнакай у званні штабс-капітана. А за поспехі ў вучобе Сяргей Вайцяхоўскі атрымаў ордэн Святога Станіслава 3-й ступені.

Факт 2. Сяргей Вайцяхоўскі – афіцэр Белай арміі

Падчас Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Сяргей Мікалаевіч займаў пасаду кіраўніка штаба дывізіі. А пасля ранення, якое ён атрымаў пад Маладзечнам, наш зямляк вярнуўся ў строй ужо ў чыне кіраўніка штаба 2-й Каўказскай грэнадзёрскай дывізіі.

З Чэхаславакіяй лёс Сяргея Вайцяхоўскага звязаў у 1917 годзе, калі ён стаў кіраўніком штаба 1-й чэхаславацкай стралковай дывізіі, потым камандзірам 3-га чэхаславацкага стралковага палка імя Яна Жыжкі.

Кастрычніцкую рэвалюцыю наш зямляк не прыняў і разам са сваёй часткай скіраваўся ва Уладзівасток, адкуль збіраўся перабрацца ў Францыю. Сяргей Мікалаевіч ваяваў супраць бальшавікоў, уступаў у супрацьстаянне з будучым савецкім маршалам Тухачэўскім і легендарным Чапаевым, служыў пад сцягамі Калчака, а ў пачатку 1920 года камандаваў белагвардзейскага сіламі пад Іркуцкам, потым у Крыме далучыўся да генерала Ўрангеля. З 1921 года Сяргей Мікалаевіч канчаткова быў на службе ў Чэхаславакіі, дзе ўжо ў той момант знаходзілася ягоная сям'я: жонка Маргарыта Цемнікава, з якой ён ажаніўся ў 1909 годзе, і сын Георгій, які нарадзіўся праз год пасля вяселля.

Факт 3. Трохі пра характар

Сучаснікі адзначалі, што Сяргей Вайцяхоўскі быў вельмі сумленным, але ў той жа час прынцыповым, а часам нават жорсткім чалавекам. Напрыклад, у 1919 годзе ён стрэлам забіў свайго падначаленага – генерала Грывіна, войскі якога адступілі без загаду.

Факт 4. Гады акупацыі

Атрымаўшы чэхаславацкае грамадзянства, спачатку Сяргей Мікалаевіч камандаваў пяхотнай брыгадай, потым дывізіяй, а з 1935 года – Пражскай ваеннай акругай.

Калі ў 1939 годзе Чэхаславацкая армія была распушчаная, а немцы акупавалі чэшскія землі, Сяргей Вайцяхоўскі ўступіў у падпольную арганізацыю «Абарона нацыі». Неўзабаве Сяргея Вайцяхоўскага арыштавалі немцы, але праз некаторы час выпусцілі пад нагляд гестапа.

У далейшым наш зямляк не ўдзельнічаў у супраціве. Адбіліся праблемы са здароўем і ягонае расчараванне ў сувязі з сітуацыяй у краіне. Захаваліся звесткі, што ў 1944 годзе да Вайцяхоўскага звярнуліся нямецкія прадстаўнікі, якія прапанавалі яму ўзначаліць антыбальшавіцкую Расейскую вызваленчую армію, але Сяргей Мікалаевіч адмовіўся.

Факт 5. Смерць у лагеры

Пасля вызвалення Прагі ад нацыстаў генерала арыштавалі супрацоўнікі савецкай контрвыведкі. Прысуд: дзесяць гадоў лагераў за «дапамогу сусветнай буржуазіі».

Генерал адразу паставіў перад сабой задачу: выжыць. Але слабое здароўе не дазволіла яму выйсці на волю: у красавіку 1951 г. (паводле іншай інфармацыі ў 1954 годзе) Сяргей Вайцяхоўскі памёр у лагернай лякарні Іркуцкай вобласці ад туберкулёзу (паводле іншых звестак – ад страўнікавага крывацёку, бо шмат гадоў пакутаваў на язву страўніка). Дзе пахаваны наш зямляк – дакладна невядома.

Факт 6. Памяць пра генерала

Рэабілітавалі Сяргея Вайцяхоўскага толькі ў 1996 годзе. У кастрычніку 1997 года прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл падпісаў указ пра ўзнагароджанне нашага земляка «за выдатныя заслугі ў галіне абароны і бяспекі дзяржавы» ордэнам Белага Льва.

Мемарыяльная дошка генералу Вайцяхоўскаму была адкрытая на будынку электратэхнічнага інстытута ў чэшскім горадзе Брно ў 2003 годзе. Менавіта ў гэтым будынку ў 1920–1930 гадах размяшчаўся штаб Земскага ваеннага кіравання.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках