4 траўня 2024, Субота, 20:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваслаўныя хрысціяне святкуюць Тройцу

4
Праваслаўныя хрысціяне святкуюць Тройцу
ФОТА З САЙТА THEBESTARTT.COM

Сёння праваслаўныя святкуюць адно з найважнейшых святаў гадавога цыкла - Дзень Святой Тройцы.

Менавіта ў гэты дзень адкрываецца ісціна пра існаванне Бога ў Тройцы Адзінага, які адзіны фактычна, але траісты паводле сэнсу: Айцец, Сын і Дух Святы. Царква ўважае гэты дзень за свой дзень нараджэння. Беларусы называлі Тройцу Сёмухай, у самым значэнні якой быў закладзены тэрмін святкавання - праз сем тыдняў пасля Вялікадня.

У гэты дзень у храмах здзяйсняецца адно з самых прыгожых набажэнстваў у годзе, а вернікі ўпрыгожваюць свае дамы галінкамі бярозы і палявымі кветкамі ў знак таго, што Святы Дух абнаўляе кожнага чалавека, і ў знак таго, што чалавек, працяты Духам Святым, пачынае расквітаць. Прыхаджане моляцца не толькі пра дараванне Духа Святога ўсім прысутным, але і асаблівым чынам просяць такой ласкі для памерлых, каб яны таксама маглі стаць удзельнікамі Валадарства Славы ў краіне жывых. Менавіта ў гэты дзень упершыню пасля Вялікадня чытаюць укленчаныя малітвы. Сёмуху адзначаюць тры дні - уласна ў нядзелю, а таксама ў наступныя панядзелак і аўторак.

Тройца святкуецца на 50-ы дзень пасля Вялікадня, ад чаго і атрымала сваю другую назву Пяцідзесятніца. Згодна з паданнем, менавіта ў гэты дзень на апосталаў сышоў Дух Святы, і яны атрымалі дар разумець Святое Пісанне, каб прапаведаваць. Дух святы з’явіўся ў выглядзе вогненных праменяў. Агонь стаў сімвалам таго, што вучэнне Хрыстова можа высмальваць грахі і чысціць, асвячаць i саграваць душы. Менавіта пасля гэтага апосталы загаварылі на мовах, перш ім невядомых і сталі распаўсюджваць вучэнне Хрыста ва ўсім свеце. Так нарадзілася царква, якая аб'яднала людзей ва ўсім свеце і прадаўжае і сёння вучыць запаведзям Хрыстовым.

Традыцыі продкаў

Народны каляндар кажа пра тое, што калі на Тройцу дождж - год будзе ўраджайным і грыбным. Спякота ў гэтае свята насупраць прадказвала засуху. Дзяўчаты ў гэты дзень плялі вянкі з маладых галінак дрэў, іх ці надзявалі на галовы сваім выбраннікам падчас агульных гулянняў ці апускалі на ваду. Чый вянок сплыве - тая выйдзе замуж і будзе шчаслівая ў шлюбе. Святары ў нашы дні звяртаюць увагу на тое, што ўсе традыцыі, звязаныя з хрысціянскімі святамі, з'яўляюцца толькі дадаткам да іх, толькі ўпрыгожваннем гэтых святаў, але ніяк не асноўнай іх сутнасцю.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках