4 траўня 2024, Субота, 17:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На «Бургер Кінг» склалі пратакол за адказ не па-беларуску

47
На «Бургер Кінг» склалі пратакол за адказ не па-беларуску

Раней не былі вядомыя выпадкі, калі да адказнасці за адказ не па-беларуску прыцягвалі менавіта за «Парушэнне заканадаўства аб мовах».

Калі б касірка «Бургер Кінга» ведала слова «гарбата», а мэнэджар - што не трэба распавядаць кліенту пра сваё права не ведаць беларускую мову, прэцэдэнту не было б. Але ён здарыўся, піша nn.by.

«Я зайшоў у «Бургер Кінг» купіць гарбату. Як звычайна, вітаюся і кажу: «Чорную гарбату без цукру, калі ласка». Касірка адказвае: «Я не разумею». І ці варта нічога не робіць, - распавядае мянчук Анатоль Новікаў. - Раней мне ў «Макдональдсе» падказалі, што ў такім выпадку трэба раіць прадавачцы спытаць пераклад у мэнэджара. Вось я ёй і параіў. Праўда, мэнэджар, якая як раз стаяла побач, адказала, што яны не павінны разумець беларускую мову. Тады я пераклаў заказ, сказаў, што «гарбата» - гэта «чай», і папрасіў кнігу скаргаў і прапаноў. Сеў за столік, напісаў, што мяне не разумеюць па-беларуску, параіў арганізаваць карпаратыўныя курсы мовы, прапанаваў дапамогу ў складанні мінімальнага слоўніка для касіраў».

Праз некаторы час маладзёну прыйшоў адказ, праўда, абы-які. Не на афіцыйным бланку, на расейскай мове і без подпісу, што выклікала пытанні.

ФОТА: GAZETABY.COM

Анатоль пракансультаваўся з вядомым абаронцам беларускай мовы Ігарам Случакам і напісаў пра парушэнні ў Міністэрства юстыцыі і адміністрацыю Цэнтральнага раёна, дзе знаходзіцца рэстарацыя.

«Я хацеў паведаміць «Бургер Кінгу», што ў іх адказе ёсць парушэнні, але на самім бланку не было ніякіх кантактаў», - дадае Анатоль.

Міністэрства юстыцыі ў адказе менчуку тлумачыла, што згодна з зацверджанай інструкцыяй у справаводстве ў арганізацыях бланкі павінны быць на дзвюх мовах - беларускай і расейскай. Міністэрства таксама адзначала, што ёсць памылкі ў афармленні даты і рэгістрацыйнага нумара, рэквізіту «подпісу». І што ў адпаведнасці з артыкулам 18 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў» пісьмовыя адказы на пісьмовыя звароты даюць на мове звароту.

На днях мянчук атрымаў адказ і з адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску, дзе гаворыцца, што «ў дачыненні да Бойкі Г.В., кіраўніка рэстарацыі «Бургер Кінг» ТАА «Воглія Мата», складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле артыкула 9.22 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Матэрыялы аб ўказаным правапарушэнні накіраваныя ў суд Цэнтральнага раёна Менска».

ФОТА: GAZETABY.COM

І вось што цікава: шырокай грамадскасці раней не былі вядомыя выпадкі, калі да адказнасці за адказ не на беларускай мове звароту прыцягвалі менавіта паводле артыкула 9.22 КаАП - «Парушэнне заканадаўства аб мовах».

У 2013 годзе Глебу Лабадзенку ўдалося прыцягнуць да адказнасці дырэктара ЖЭСа з той жа прычыны, але паводле артыкула 9.13 - «Парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў». Пазней гэты матэрыял канкрэтызавалі і распісалі, што менавіта з'яўляецца парушэннем: «адмова ў прыёме звароту», «парушэнне ўстаноўленых тэрмінаў разгляду звароту», «ігнараванне інфармавання заяўніка аб пастанове, прынятай у выніку разгляду звароту» і іншыя выпадкі. Сярод іх чамусьці не выявілася «адказу не на мове звароту».

«У артыкуле 18 Закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў» ёсць патрабаванне даваць адказ на пісьмовы зварот на мове звароту. Аднак яно ніяк не падмацаванае, няма санкцый за парушэнне гэтай нормы, - тлумачыць Ігар Случак. - І я даўно ставіў пытанне, каб шырока тлумачыць артыкул 9.22». Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне за публічную абразу, ганьбаванне дзяржаўных і іншых нацыянальных моў, стварэнне перашкод і абмежаванняў у карыстанні імі і распальванне варожасці на моўнай глебе.

«Напраўду раней праз гэты артыкул я не спрабаваў нікога прыцягваць да адказнасці за адказ не на мове звароту. Мне здавалася, што не атрымаецца так шырока тлумачыць гэтую норму, аднак я наважыў усё ж прапанаваць спадару Новікаву паспрабаваць і скласці заяву аб прыцягненні паводле двух артыкулаў: 9.13 і 9.22. Паводле першага якраз можна было прыцягваць без пытанняў. А вось паводле другога - праз пашыраную трактоўку стварэння перашкод у карыстанні дзяржаўнай мовай. Бо адказ не на мове звароту ўсё ж з'яўляецца перашкодай, - кажа Ігар Случак.

- Паглядзім, што атрымаецца, бо могуць выйсці тэрміны прыцягнення да адказнасці. Але тое, што пратакол складзены - ужо добры прыклад для іншых для складання пратаколаў».

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках