18 траўня 2024, Субота, 16:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Еўрапейская Беларусь» звярнулася да ўдзельнікаў сесіі ПА АБСЕ

6
«Еўрапейская Беларусь» звярнулася да ўдзельнікаў сесіі ПА АБСЕ

Актывісты заклікалі еўрапейскіх палітыкаў узмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі і запатрабаваць вызваліць палітычных зняволеных.

Зварот да ўдзельнікаў сесіі ПА АБСЕ, правядзенне якой запланаванае ў Менску з 5 да 10 ліпеня, падпісалі актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель, Максім Вінярскі, Леанід Кулакоў, Арцём Чарняк, Андрэй Шарэнда, якія правялі за кратамі на працягу гэтай вясны ад 15 да 39 дзён. Сайт грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» europeanbelarus.org прыводзіць тэкст дакумента цалкам:

- На працягу некалькіх апошніх месяцаў сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі рэзка пагоршылася. На найбуйнейшыя за апошнія дзесяцігоддзі мірныя акцыі пратэсту рэжым Лукашэнкі адрэагаваў масавымі арыштамі і распачынаннем крымінальных спраў. Актывістаў катавалі ў аддзяленнях міліцыі і турмах, запалохвалі падчас допытаў. Афіцыйныя СМІ распаўсюджвалі паклёпніцкія матэрыялы на адрас лідараў апазіцыі.

Асаблівую ўвагу ўлады звярнулі на Беларускі Нацыянальны Кангрэс і грамадзянскую кампанію «Еўрапейская Беларусь».

Дзесяткі нашых таварышаў падпалі пад адміністрацыйны арышт, некаторыя правялі за кратамі больш за месяц. Супрацоўнікі міліцыі выкрадалі актывістаў, адмаўляліся паведамляць сваякам пра іх месцазнаходжанне, пазбаўлялі магчымасці сустрэцца з адвакатам.

Андрэй Шарэнда і Паліна Панасюк-Шарэнда праходзяць у якасці падазраваных, а Яўген Афнагель - у якасці сведкі ў сфабрыкаваных крымінальных справах.

Лідары грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў і Зміцер Бандарэнка абвінавачаныя дзяржаўнымі СМІ ў «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў»» і «спробе дзяржаўнага перавароту».

Спецслужбы тэрарызуюць нашых сваякоў, праводзяць у іх ператрусы і канфіскуюць рэчы, што належаць ім.

Мы разумеем, што гэтыя крокі ўладаў з'яўляюцца ацэнкай нашага ўдзелу ў вулічных акцыях, якія прайшлі зімой і вясной 2017 года ва ўсёй краіне, а таксама спробай прадухіліць новыя пратэсты.

З 5 да 9 ліпеня ў Менску пройдзе сесія Парламенцкай Асамблеі АБСЕ.

Выразная і прынцыповая пазіцыя дэмакратычных дзяржаў у правах чалавека з'яўляецца адным з найважнейшых рычагоў уплыву на рэжым Лукашэнкі. Яна неаднаразова дапамагала дамагчыся вызвалення палітвязняў і аслабіць ціск на грамадзянскую супольнасць. І, наадварот, менавіта адсутнасць належнай рэакцыі на падзеі ў Беларусі дазваляе ўладам рабіць больш жорсткімі рэпрэсіі.

Мы звяртаемся да ўдзельнікаў сесіі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ з заклікам запатрабаваць неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў да пачатку сесіі, а падчас яе правядзення падняць пытанне аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, запатрабаваць ад беларускіх уладаў спынення рэпрэсій у дачыненні да актывістаў апазіцыі і правядзення расследавання ў дачыненні да супрацоўнікаў спецслужбаў і МУС, вінаватых у парушэннях закона.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках