2 траўня 2024, Чацвер, 0:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тры кубачкі кавы на дзень могуць падоўжыць жыццё

5
Тры кубачкі кавы на дзень могуць падоўжыць жыццё

Частае ўжыванне кавы спрыяе зніжэнню рызыкі смерці ад шэрагу захворванняў.

Аматары кавы, якія выпіваюць за дзень прыблізна па тры кубачкі гэтага напою, маюць больш шанцаў пражыць даўжэй, чым тыя, хто каву не п'е, высветлілі навукоўцы, піша bbc.com.

Паводле даследавання, праведзенага брытанскім Агенцтвам вывучэння рака і Імперскім каледжам Лондана, больш частае ўжыванне кавы спрыяе зніжэнню рызыкі смерці ад шэрагу захворванняў.

Навукоўцы сцвярджаюць, што найбольш відавочная ўзаемасувязь паміж ужываннем кавы і зніжэннем рызыкі смерці ад захворванняў крывяноснай сістэмы і органаў стрававання.

Гэта адное з самых маштабных даследаванняў такога кшталту. У ім узялі ўдзел больш за 500 тысяч чалавек старэйшыя за 35 гадоў з 10 еўрапейскіх краін. Назіранні за імі вяліся цягам 16 гадоў. Даследаванне апублікаванае ў навуковым часопісе Annals of Internal Medicine.

"Мы высветлілі, што ўжыванне кавы зніжае рызыку смерці, асабліва смерці ад захворванняў крывяноснай сістэмы і органаў стрававання". - кажа адзін з даследнікаў Марк Гюнтэр з Агенцтва для вывучэння рака.

Ці ўся кава карысная?

Навукоўцы падкрэсліваюць, што, нягледзячы на розныя традыцыі ў гатаванні і ўжыванні кавы ў розных еўрапейскіх краінах, вынікі былі фактычна аднолькавымі ва ўсіх рэгіёнах. Гэта азначае, што і эспрэса, і капучына можна ўважаць за аднолькава карысныя.

Сярод еўрапейцаў больш за ўсё кавы за дзень выпіваюць данійцы - у сярэднім 900 мл на дзень, менш за ўсё п'юць яе, як ні дзіўна, італійцы - 92 мл за дзень.

"Нашае даследаванне дае важнае разуменне магчымага механізму станоўчага ўплыву кавы на стан здароўя", - адзначае навуковец.

Як мяркуюць навукоўцы, такі эфект дае не кафеін, які змяшчаецца ў гэтым напоі. Даследаванне акурат не выявіла якой-небудзь залежнасці паміж паляпшэннем здароўя і звычкай піць каву без кафеіну. Вынікі тых, хто піў звычайную каву і без кафеіну, былі аднолькавымі.

Рэч не ў кафеіне

Паводле здагадкі даследчыкаў, уся рэч у антыаксідантах, якія змяшчаюцца ў каве.

Як высветлілася, тыя, хто звык піць шмат кавы, адчувалі сябе больш маладымі, і, як правіла, яны з большай імавернасцю былі аматарамі алкаголю, курцамі, а таксама елі больш мяса і менш гародніны і садавіны.

З групы, якая брала ўдзел у даследаванні, за 16 гадоў памерлі амаль 42 тысячы чалавек - ад розных хвароб, у тым ліку ад раку, захворванняў крывяноснай сістэмы і сэрцавых прыступаў.

Як высветлілася, у мужчын, якія ўжывалі больш кавы, рызыка смерці была ніжэйшай на 18%, чым у тых, хто адмаўляўся ад кавы ці піў яе ў невялікіх колькасцях.

Сярод жанчын такі эфект менш выяўлены: рызыка смерці для іх была на 8% ніжэйшай, чым для жанчын, якія пілі каву ў невялікіх колькасцях або зусім адмаўляліся ад яе.

Яшчэ адно даследаванне

Аналагічнае даследаванне правялі амерыканскія навукоўцы з Універсітэта Паўднёвай Каліфорніі - яго вынікі таксама апублікаваў Annals of Internal Medicine.

Усяго ў амерыканскім даследаванні ўзялі ўдзел больш за 185 тысяч чалавек рознай этнічнай прыналежнасці - лацінаамерыканцы, афраамерыканцы, якія жывуць у ЗША японцы і еўрапейцы.

Важна, што вынікі даследавання навукоўцаў з ЗША мелі аналагічныя высновы іх брытанскіх калег.

Паводле звестак амерыканскага даследавання, у людзей, якія выпіваюць адзін кубачак кавы на дзень, рызыка памерці ад сэрцава-судзінных захворванняў, інсульту, рака, хвароб органаў дыхання і нырак была меншай на 12%.

У тых, хто звычайна выпіваў ад двух да трох кубкаў кавы на дзень, рызыка смерці зніжалася на 18%.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках