8 траўня 2024, Серада, 23:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Госці з ЗША знайшлі ў Чавусах пахаванні продкаў

1
Госці з ЗША знайшлі ў Чавусах пахаванні продкаў

У першую чаргу амерыканцы распыталі пра знакамітыя габрэйскія прозвішчы беларускага мястэчка.

У суботу, 8 ліпеня, Чавусы наведала дэлегацыя ў складзе чатырох чалавек са Злучаных Штатаў Амерыкі, паведамляе chausynews.by.

Мэтай іх візіту было знайсці магілы сваякоў на чавускіх габрэйскіх могілках, а таксама наведаць месцы, дзе калісьці размяшчаліся габрэйскія супольнасці і меркаванае месца жыхарства іх продкаў.

АМЕРЫКАНСКАЯ ДЭЛЕГАЦЫЯ Ў ЧАВУСКІМ ГІСТОРЫКА-КРАЯЗНАЎЧЫМ МУЗЕІ

Спачатку дэлегацыя прыбыла ў гісторыка-краязнаўчы музей. Амерыканцаў цікавіла гісторыя жыцця габрэяў у часы Вялікай Айчыннай вайны. На парозе будынка іх сустрэла навуковая супрацоўніца Таццяна Фёдарава, якая падрабязна распавяла пра цікавыя для іх падзеі. У першую чаргу яны распыталі пра знакамітыя габрэйскія прозвішчы, як Кашаварава-Руднева, Маневіч, Даніловіч і Шарон.

ДОМ ГАБРЭЙСКАЙ СЯМ'І НЯПОМНЯШЧЫХ

Пасля амерыканская група прайшла па вуліцах Магілёўскай (цяпер вул. Ленінская) і Кірмашовай (цяпер вул. Маневіча) у пошуках скрыжавання гэтых вуліцаў, таму што меркавана, менавіта ў гэтых месцах знаходзілася жыллё іх сваякоў. Госці сфатаграфавалі дом сям'і Няпомняшчых па вуліцы Фрунзэ. Таццяна Фёдарава распавяла гасцям, што са словаў Іды Шандровіч, складальніцы каталога габрэйскіх могілак Магілёўшчыны (у тым ліку Чавускага раёна), на месцы цяперашняга будынка арганізацыі РАС «ДТСААФ» калісьці размяшчалася сінагога. Амерыканка Арына задала сваё наступнае пытанне:

– Дзе знаходзіўся раён кампактнага пражывання габрэйскага насельніцтва і дзе размяшчалася гета?

Таццяна адказала, што габрэі жылі ў раёне Казінкі. Гасцям хацелася падрабязна пачуць пра расстрэлы габрэяў Чавусаў у гады вайны. Навуковая супрацоўніца музея распавяла пра тое, як першыя масавыя расстрэлы праходзілі ў жніўні 1941 года, фашысты не шкадавалі ні дзяцей, ні старых, ні жанчынаў. Дзяцей немцы проста скідалі ў роў на трупы. Больш за ўсё амерыканцаў уразіла тое, што людзі чакалі сваёй смерці, бачачы, як забіваюць тых, хто стаяў наперадзе іх. Яны былі шакаваныя такой жорсткасцю. Даведаўшыся, што месца расстрэлу знаходзіцца ў Дранусе, недалёка ад ракі Проня, госці пастанавілі абавязкова з'ездзіць туды, але спачатку скіраваліся на габрэйскія могілкі.

НАДМАГІЛЬНЫ КАМЕНЬ КАЦ ІЦХАКА, СЫНА ШМУЭЛЯ

Першы помнік загінулым у час вайны габрэям усталяваў нараджэнец Чавусаў Ісай Аронавіч Сініцын. Амерыканцы ўважліва разгледзелі ўсе надпісы галоўнага манумента. Госці таксама знайшлі камень сваяка – Кац Іцхака, сына Шмуэля. Яны распавялі, што сям'я з Чавусаў з'ехала ў 1908 годзе ў ЗША, але не ўсе блізкія пакінулі краіну. Амерыканцы знайшлі тры камяні, якія не значыліся ў кнізе «Вузел жыцця», і задалі пытанне, чаму іх туды не ўнеслі? Таццяна выказала здагадку, што надпісы з часам моцна сцерліся, і ніхто не змог прачытаць, што на іх было напісана. Тады амерыканская журналістка ўзяла пену для галення і нанесла на камень, сцёршы яе папяровым ручніком. Выбітыя надпісы запоўніліся пенай і стала зразумела, што іх можна прачытаць. Амерыканцы абышлі ўсе пахаванні, пасля чаго накіраваліся ў Дрануху каля ракі Проня шукаць месцы расстрэлу габрэяў. Уражаныя і ўсхваляваныя, амерыканскія госці бліжэй да вечару пакінулі наш горад.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках