2 траўня 2024, Чацвер, 1:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У колькі беларусам абышоўся самалёт для Дадона

17
У колькі беларусам абышоўся самалёт для Дадона

З Беларусі прэзідэнт Малдовы вылецеў спецчартарам.

Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон прыбыў з працоўным візітам у Менск звычайным рэйсам "Белавія" з перасадкай у Маскве. Прычым у эканом-класе. А ўсё таму, што ў Малдове няма не тое што "прэзідэнцкага авіяпарку", але і ўвогуле нейкага адмысловага самалёта для палётаў высокіх службовых асобаў.

"Гэта пачалося даўно, бо краіна ў нас небагатая, і, адпаведна, не думаю, што людзі паставіліся б гэтага станоўча, калі б усе кіраўнікі пачалі лётаць на нейкіх прыватных самалётах, – тлумачыць Еўрарадыё былы прэм'ер-міністр Малдовы Уладзімір Кульмінскі. – А па-другое, да гэтага часу не зразумела, хто ў нас мае поўную ўладу: усё яшчэ доўжыцца традыцыйная для Малдовы барацьба за пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж парламентам і прэзідэнтурай. У такой сітуацыі вызначыць, якая колькасць самалётаў неабходная, было б дастаткова складана" .

Але ж можна было ў Менск прынамсі бізнэс-класам ляцець, а не "эканом"!

Уладзімір Кульмінскі: "Цяпер Дадон лётае эканом-класам не для таго, каб прадэманстраваць сваю дэмакратычнасць, а каб паказаць усім у Малдове, што ён блізкі да народа. У яго цяпер няма ніякіх рэальных паўнамоцтваў, і барацьба за ўладу і за паўнамоцтвы ў Малдове толькі пачынаецца. Усё развяжацца ў 2018 годзе падчас парламенцкіх выбараў. Адпаведна людзі імкнуцца максімальна нарасціць свой рэйтынг, сваю папулярнасць сярод насельніцтва, максімальна падкрэсліць сваю сціпласць і дэмакратычнасць".

На самай справе ў сітуацыі, калі свайго самалёта ў прэзідэнта няма, для Еўропы няма нічога дзіўнага. Да прыкладу, прэзідэнты Літвы і Латвіі таксама самалётаў не маюць і лётаюць звычайнымі рэйсамі. Так, літоўская прэзідэнтка Даля Грыбаўскайтэ аддае перавагу авіякампаніі Aeroservisas. Прычым лётае таксама звычайным эканом-класам. Прэзідэнт Латвіі часцей за ўсё карыстаецца паслугамі авіякампаніі АirBaltic. У Польшчы мясцовыя ўлады пастанавілі адмовіцца ад уласнага авіяпарку, які быў расфармаваны 31 снежня 2011 года. З таго моманту ўсе высокія дзяржчыноўнікі Польшчы лётаюць самалётамі авіякампаніі LOT.

Іншая справа – кіраўнік Беларусі. Пры тым, што ва ўрадавы авіяпарк уваходзіць як мінімум чатыры самалёты, лётаць эканом-класам Лукашэнка сабе дазволіць не можа. Мабыць, менавіта таму ў Малдову Ігар Дадон вяртаўся спецчартарам – у самалёце "Бамбардзір" авіякампаніі "Белавія".

Хто і навошта арганізаваў гэты нятанны пералёт? Тлумачэнне з'яўляецца ў нядзелю ў вечаровым эфіры тэлеканала АНТ: "На знак таго, што дыялог атрымаўся, гасцінную беларускую зямлю Ігар Дадон пакінуў адмысловым чартарным рэйсам".

Але колькі каштавала беларускаму бюджэту гэтая наша спецчартарная гасціннасць? Адпаведнае пытанне журналісты накіравалі ў прэс-службу "Белавія". Але айчынны авіяперавознік называць канкрэтную суму адмаўляецца. Маўляў, "кошт чартарных рэйсаў з'яўляецца камерцыйнай тайнай".

Тым не менш паводле неафіцыйнай інфармацыі, такі чартарны пералёт можа каштаваць да 40 тысячаў даляраў.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках