2 траўня 2024, Чацвер, 0:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Дзянісаў: Ёсць рэчы, даражэйшыя за грошы

1
Уладзімір Дзянісаў: Ёсць рэчы, даражэйшыя за грошы
УЛАДЗІМІР ДЗЯНІСАЎ
ФОТА З САЙТА RSPORT.RU

Беларускі хакеіст патлумачыў, чаму не прыняў расейскае грамадзянства.

Абаронца нацыянальнай каманды Беларусі Уладзімір Дзянісаў распавёў пра пастанову перайсці ў менскае «Дынама», піша «Трыбуна».

– Пераход у «Дынама» не быў для цябе адзіным варыянтам прадаўжэння кар'еры?

– Улічваючы, што мой кантракт быў выкуплены практычна перад пачаткам збораў, і прымаючы пад увагу мой легіянерскі статус, варыянтаў у КХЛ практычна не было. Большасць камандаў – з тых, хто мае намер змагацца за нешта сур'ёзнае і можа прапанаваць добрыя фінансавыя ўмовы, – ужо ўкамплектаваныя, ды і я, трэба заўважыць, не ў кожны горад пагадзіўся б паехаць. Што ж тычыцца еўрапейскіх чэмпіянатаў, то там таксама ёсць свае нюансы, і ў рэальнасці ўсё апынаецца не так і проста.

У грошах моцна страціў?

– У «Трактары» ў мяне былі добрыя фінансавыя ўмовы. «Дынама» наўрад ці магло прапанаваць нешта падобнае. Тым не менш змаглі дамовіцца.

– Варыянт, які абраў Андрэй Стась, не разглядаў прынцыпова?

– Гэта мая пастанова, і я ўжо тлумачыў прычыну, з якой яе прыняў. Ды і ўвогуле, калі шчыра, не думаю, што здзейсніў нешта экстраардынарнае.

– Тым не менш для многіх твой пераход стаў сапраўдным учынкам. Напэўна, здзівіліся, што ў сучасным хакеі не ўсё, высвятляецца, можна набыць за грошы.

– Для мяне тое, што здарылася, проста пытанне маралі, і я зрабіў так, як меркаваў правільным і патрэбным, як падказваў мне ўнутраны голас. А што нехта там думае пра мае пастановы, мне не вельмі цікава. Так, я, як і любы спартсмен, хачу перамагчы, чагосьці дасягнуць. Зарабіць, урэшце. Фінансавы складнік, як ні круці, важны: рана ці позна са спортам давядзецца скончыць. Але пры гэтым, згуляўшы больш за дзесяць гадоў за зборную, я проста не мог узяць і адмовіцца.

– У расейскіх СМІ сцвярджалі, што Андрэй Стась да прыняцця «пашпартнай» пастановы рыхтаваўся даўно. Для цябе ультыматум «Трактара» стаў нечаканасцю ці ты разумеў, што рана ці позна выбіраць давядзецца?

– Сказаць, што ўсё да таго ішло, я не магу. У «Трактары» ў мяне складвалася добра. Проста так атрымалася, што ў Чэлябінску быў патрэбны нападнік і некага давялося адчапіць. Хоць, не схаваю, размовы на легіянерскую тэму ў мяне з кіраўніцтвам былі.

– Давялося пачуць меркаванне, што тое, што здарылася са Стасем – не столькі вынік ціску клуба або пагоні гульца за грашыма, колькі рэакцыя Андрэя на сітуацыю ў беларускім хакеі. А таму, маўляў, Стась можа стаць толькі першай ластаўкай, і ўжо некалькі важных гульцоў гатовыя рушыць за ягоным прыкладам. Што скажаш?

– Абмяркоўваць пастанову Андрэя я не хачу. Кожны сам прымае пастанову і адказвае за яе. Сітуацыі бываюць розныя. Напрыклад, звольнілі, не бяруць на працу, а сям'ю трэба карміць. Знаходзіцца працадаўца, але выстаўляе шэраг умоваў. Пагодзіцеся? Зразумела, што ў кожнага ёсць пэўныя межы, якія ён не пераступіць, але, упэўнены, на сітуацыю, што паўстала перад такім выбарам, чалавек зірне ўжо інакш. Зусім іншая гісторыя, калі бяруць і тут, і ў іншым месцы, але фінансавыя ўмовы розныя. Тут ужо ўзнікае пытанне маралі, на якое кожны дае свой адказ, – сказаў Дзянісаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках